За што міліцыянты не любяць Зміцера Паліенку?

2016 2016-10-13T11:49:14+0300 2016-10-13T15:19:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ment-palienka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 кастрычніка пасля 5 месяцаў знаходжання пад вартай быў вызвалены з залы суда актывіст Зміцер Паліенка. Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым па арт. 364 Крымінальнага кодэкса РБ «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і па ч.2 арт.343 КК РБ «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару», і пакараў 2 гадамі зняволення з адтэрміноўкай на 2 гады, вызваліўшы з-пад варты.

Пад час суду высветлілася, што задоўга да арышту Паліенкі пасля акцыі “Крытычная маса”, на яго было арганізаванае сапраўднае “паляванне”.

“Аказалася, што на мяне даўно палююць. Як потым прачытаў у сваёй справе, яшчэ ў сакавіку на мяне сталі рыхтаваць кампрамат. То бок гэта было за 2 месяцы да арышту, калі браў удзел у пікетах каля расейскай амбасады. І вось аказалася, што на мяне ўжо тады рабілі запыты ў МУС Расеі, каб ім адтуль даслалі мой пароль і лагін да маёй старонцы «ЎКантакце». – паведаміў ён Радыё “Свабода” 

 Зміцер Паліенка.

Праваабаронцы высветлілі, што ў гэтым “дзікім паляванні” даўняя і багатая на падзеі гісторыя. Зробім невялікі экскурс…

6 жніўня 2013 года Зміцер Паліенка, на той час актывіст нацыянал-бальшавісцкага руху, быў затрыманы пасля чарговай акцыі супраць прызыўнога рабства. На агароджы міністэрства абароны была вывешаная расцяжка "Далоў армію рабоў!" і раскіданыя ўлёткі. 8 жніўня актывіста аштрафавалі на 12 б.в.

25 кастрычніка 2013 года Паліенка быў прэвентыўна затрыманы на прахадной завода МАЗ, дзе працаваў і дастаўлены ў аддзяленне міліцыі.   Абвінавачаны ў дробным хуліганстве. Пастанова – 6 сутак арышту. Верагодная прычына затрымання - паседжанне Савета кіраўнікоў МЗС краін СНД, якое прайшло ў Менску 24 кастрычніка.

26 снежня 2013 года ён ізноў быў прэвентыўна затрыманы проста на прахадной завода МАЗ. Актывіста даставілі ў РУУС Заводскага раёна і склалі пратакол па артыкуле 17.1 КаАП –“дробнае хуліганства”. Судзілі актывіста 27 снежня. Вырак – 15 сутак адміністратыўнага арышту. Затрыманне адбылося напярэдадні акцыі "Стоп падатак".

4 сакавіка 2014 года Паліенку затрымалі за графіці: "Далоў паліцэйскую дзяржаву". Быў моцна збіты ў аддзяленні міліцыі, затым аштрафаваны.

8 траўня Паліенка разам з дзесяткамі іншых актывістаў быў прэвентыўна затрыманы перад Чэмпіянатам свету па хакеі і арыштаваны на 10 сутак, пасля чаго абвясціў галадоўку.

Але самае “кранальнае” прэвентыўнае затрыманне Зміцера Паліенкі адбылося напярэдадні Дня волі 22 сакавіка 2014 года. Захаваўся аудыёзапіс гэта падзеі, на якім добра чуваць, як супрацоўнік міліцыі ўпрошвае актывіста адчыніць дзверы кватэры: «Дима, пожалей меня, открой двери». Суд адбыўся 25 сакавіка. Паліенку звінавацілі ў дробным хуліганстве і пакаралі арыштам на 13 сутак.

 У 2014 годзе па рашэнні суда Зміцер Паліенка быў змешчаны ў ЛТП. Прычым, працэс накіравання быў не зусім зразумелым і хуткім. Судовае рашэнне аб накіраванні ў ЛПП ён абскардзіў, аднак вынікаў не дачакаўся, паколькі ў той час адбываў адміністратыўны арышт падчас чэмпіянату свету па хакеі у ЦІПе на Акрэсціна. Адтуль яго адразу і павезлі ў Светлагорск на “лекаванне”.  Адразу па прыездзе ў ЛПП картку Зміцера Паліенкі пазначылі адмысловай “чырвонай паласой”. Такую “метку” маюць тыя, хто схільныя да пабегу. Для іх уводзіцца спецыяльны рэжым, здзяйсняюцца частыя праверкі, нават уначы.

Хроніку пераследу можна працягваць і далей, але вернемся ў сённяшнія дні, да падзеяў 2016 года.

26 красавіка за ўдзел у акцыі салідарнасці з украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанка, якая адбылася 2 красавіка каля расійскай амбасады, Паліенка быў  пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічынь.

Літаральна праз дзень, 28 красавіка Паліенку абвінавацілі ва ўдзеле ў Дні волі 25 сакавіка і пакаралі штрафам.

29 красавіка Зміцер Паліенка прыняў удзел у акцыі “Крытычная маса”, быў затрыманы з прымяненнем гвалту і змешчаны пад варту ў падазрэнні ў здзяйсненні гвалту або пагрозы ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. 6 траўня яму прад’явілі абвінавачванне.

Тым не меней, адміністрацыйныя справы працягваюць разглядацца ў судах, ужо без удзелу арыштаванага актывіста. Так, 12 траўня ізноў жа за ўдзел у акцыі падтрымкі Надзеі Саўчанка пад Расійскай амбасадай, што адбылася 18 красавіка, яго караюць штрафам па артыкулах 23.4 і 23.34 КаАП РБ.

Пасля такой брутальнай хронікі пераследу напрошваецца адно, але відавочнае пытанне да супрацоўнікаў сілавых структур:

“Хлопцы, за што ж вы так не любіце Паліенку?”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства