viasna on patreon

Кангрэс у Коўне: смяротнае пакаранне – прадмет увагі даследчыкаў Фота

2016 2016-10-08T17:42:17+0300 2016-12-14T13:45:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kangres-kouna-smiarotnae-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Любоў Кавалёва, Андрэй Палуда і Раіса Міхайлоўская пад час працы Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне 7 кастрычніка 2016 года

Любоў Кавалёва, Андрэй Палуда і Раіса Міхайлоўская пад час працы Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі ў Коўне 7 кастрычніка 2016 года

Упершыню праблема адмены смяротнага пакарання ў Беларусі стала прадметам даследвання экспертаў і праваабаронцаў на Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які ў 6 раз праводзіцца ў Коўне.

7 кастрычніка на тэму смяротнага пакарання пад час працы адмысловай секцыі разважалі і дзяліліся сваімі меркаваннямі праваабаронцы, журналісты, сваякі растраляных.

Праваабаронца і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, які з’яўляўся мадэратарам дыскусіі, адзначыў, што тэма смяротнага пакарання пачала ў апошні час разглядацца ў яшчэ адной плоскасці – навукова-даследчыцкай. Ён звярнуў увагу прысутных на даследванні і выданні праваабаронцаў на тэму смяротнага пакарання, якія нядаўна ўбачылі свет: кнігу артыкулаў і матэрыялаў “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”, а таксама на матэрыялы даследчай місіі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончага цэнтра “Вясна” “Смертная казнь в Беларуси: убийства на (не)законных основаниях”.

Каардынатар кампаніі

Кіраўнік “Беларускага дакументацыйнага цэнтра", праваабаронца Раіса Міхайлоўская ў сваім выступе рабіла акцэнт на праблеме гвалтоўных знікненняў апанентаў улады ў Беларусі. Зрабіўшы экскурс у гісторыю гэтай з’явы, яна прыгадала дзейнасць гэтак званых “эскадронаў смерці”, якія “дапамагалі” уладам змагацца са злачыннасцю напачатку 90-х гадоў а затым прывялі і да фізічнага знішчэння палітыкаў і журналіста.

Расследванне крымінальных спраў па гэтых знікненнях працягваюцца і да гэтага часу, і менавіта па гэтай прычыне ўлады адмаўляюцца прызнаць іх памёрлымі, даводзячы сітуацыю да абсурду. Адмаўляюцца таксама і аб’яднаць іх у адну справу, хаця ў іх відавочна праглядаецца адзін і той жа след.

Яна лічыць, што крымінальныя справы па знікненнях варта перакваліфікаваць на іншы артыкул Крымінальнага кодэксу: Злачынства супраць чалавечнасці, паколькі там не існуе тэрміну даўніны і справы не ўдасца закрыць праз адпаведны час.

– Справы па знікненнях павінны кваліфікавацца  па артыкуле 128 Крымінальнага Кодэксу – злачынствы супраць чалавечнасці, знікненні, наступствамі якіх з’яўляецца пазасудовае смяротнае пакаранне. І гэтыя злачынствы не маюць тэрміну даўніны.

Праваабаронца Раіса Міхалоўская

Яна таксама распавяла пра фільм “Банда”, створаным пры яе актыўным удзеле, пра тое, што дагэтуль няма аніякай рэакцыі ўладаў на сведчанні, якія там прагучалі.

Журналіст і даследчыца тэмы смяротнага пакарання Паліна Сцепаненка спынілася на гісторыі стварэння Праваабарончага цэнтра “Вясна” і распавяла пра першыя кантакты праваабаронцаў з людзьмі, асуджанымі да смяротнага пакарання.

Даследчык і журналіст Паліна Сцепаненка

–  У 1998 годзе  да праваабаронцаў звярнулася маці расстралянага Івана Фаміна і прынесла ліст з камеры смяротнікаў, які патрапіў да яе праз “турэмную пошту”. Сын паведамляў, што асуджаны за тое, чаго не рабіў, за чужыя забойствы, што вымушаны быў агаварыць сябе, баючыся за жыццё блізкіх людзей. У праваабаронцаў былі сумненні наконт дакладнасці інфармацыі і неабходнасцць аказваць нейкую дапамогу забойцу.

Аднак узяліся за справу, дапамаглі падаць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Пазней высветлілася, што Фамін быў на самой справе пакараны за чужое злачынства.

Паліна Сцепаненка ўзгадала, што пазней пачалося ліставанне і з іншымі асуджанымі да смяротнага пакарання.

– У 1999 годзе прыйшоў на “Вясну” ліст ад Сяргея Праціраева з Глыбокскай турмы, які паведаміў, што ён быў памілаваны Прэзідэнтам Беларусі і што расстрэл быў заменены на пажыццёвае зняволенне.

Паліна Сцепаненка адзначыла, што з 2009 года, пасля таго як заявіла пра сябе кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, праца ў гэтым накірунку актывізавалася і перайшла на іншы, больш якасны ўзровень.

Журналіст-праваабаронца Сяргей Сыс, які займаецца праблематыкай смяротнага пакарання ў СМІ, падзяліўся вопытам правядзення журналісцкіх расследванняў самых розных аспектаў смяротнага пакарання ў Беларусі ва ўмовах дзяржаўнай таямніцы, спыніўшыся на шматлікіх цяжкасцях і праблемах, з якімі сутыкаюцца пры гэтым журналісты, а таксама на шляхі іх пераадолення.

Журналіст Сяргей Сыс

Удзельніца Кангрэса, праваабаронца Тамара Чыкунова, якая з’яўляецца заснавальніцай арганізацыі "Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў" была вымушаная з-за сваёй дзейнасці эміграваць з Узбекістану пасля таго, як у Ташкенце расстралялі яе адзінага сына, а яна пачала актыўна дапамагаць іншым асуджаным да смяротнага пакарання,часам літаральна вырываючы іх з лап катаў.

Яна  паведаміла аб тым,  як некалькі дзён назад, пад час асабістай аўдыенцыі перадавала Папу Рымскаму Францыску ліст ад каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэя Палуды.

“Я набраўся смеласці і хацеў бы прасіць Вас пра размову з Аляксандрам Лукашэнкам адносна пытання смяротнага пакарання ў нашай краіне. Я веру, што Вашая асабістая пазіцыя можа дапамагчы прыняццю станоўчага рашэння па дадзенай праблеме, што дасць магчымасць не толькі надаць нашай краіне больш станоўчы імідж у свеце, але і дазволіць выратаваць жыцці тых чатырох асуджаных на смерць, якія ў цяперашні момант знаходзяцца ў “калідоры смерці” – прасіў Андрэй Палуда Папу Рымскага.

Праваабаронца падкрэсліла, што Папа Рымскі паслядоўна выступае супраць  смяротнага пакарання.

Праваабаронцы Тамара Чыкунова (Італія)

Тамара Чыкунова таксама гаварыла пра важнасць дыялогу ў грамадстве на тэму смяротнага пакарання і неабходнасці яе адмены:

– Самае важнае, гаварыць з грамадствам пра міласэрнасць. Гэта прынясе плён і паскорыць адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Мы не апраўдваем злачынцаў, мы проста кажам: “Нельга забіваць”, – падкрэсліла ў сваім выступе Тамара Чыкунова.

Дарэчы, прынцыповая пазіцыя Тамары Чыкуновай у барацьбе за адмену смяротнага пакарання ў розных краінах атрымала заслужаную пашану - за сваю праваабарончую дзейнасць яна стала лаўрэатам 11 міжнародных прэмій, у тым ліку ўганараваная  Ордэнам Ганаровага Легіёна і медалём Ватыкана, які трымала з рук Папы Рымскага Францыска.

Пад час працы Кангрэсу даследчыкаў Беларусі праваабаронцы плануюць таксама правесці прэзентацыю апошніх выданняў і публікацый на тэму смяротнага пакарання сярод яго ўдзельнікаў.

Удзел праваабаронцаў у канференцыі быў падтрыманы Хельсінкскім Фондам па правах чалавека (Польшча).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства