Жонка Пальчыса: Нельга казаць “Ён не хоча быць палітычным вязнем” Відэа

2016 2016-10-06T18:02:24+0300 2016-10-07T11:34:46+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viktiryja_palchys.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вікторыя Пальчыс у Праваабарончым цэнтры "Вясна"

Вікторыя Пальчыс у Праваабарончым цэнтры "Вясна"

Жонка блогера Эдуарда Пальчыса, якога праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітычным вязнем, патлумачыла пазіцыю мужа адносна гэтага статуса.

“Я ніколі не хацеў быць палітычным зняволеным і не хачу ім быць”, - гэтыя словы Эдуарда, перададзеныя ім у чэрвені праз адваката з жодзінскага СІЗА, растыражавалі незалежныя медыя. У размове з праваабаронцамі “Вясны” Вікторыя Пальчыс распавяла, які сэнс укладае ў іх яе муж.

“Па-першае, я думаю, што нельга так казаць: “Ён не хоча быць палітычным вязнем”. Ці ягоная справа мае палітычны матыў, ці не мае – гэта не залежыць ад ягонага меркавання. Ці ён палітычны вязень, ці не – гэта факт".
Па-другое, мы з ім абмяркоўвалі нейкія моманты, перспектывы на будучыню. І ягоныя словы пра тое, што ён не хоча быць палітычным вязнем, азначаюць, што ён не хоча падпадаць пад пэўныя стэрэатыпы. Як гэта ўжо было шмат разоў: чалавек займаўся нейкай дзейнасцю ў Беларусі – патрапляў пад крымінальны пераслед – патрапляў у турму – яго прызнавалі палітвязнем – ён з’язджаў у Польшчу і, па сутнасці, пераставаў займацца гэтай дзейнасцю. Я лічу, што словы Эдуарда азначаюць, што ён не хоча ісці тым жа самым шляхам”.

Вікторыя не бачылася з Эдуардам восем месяцаў, адзіная магчымая сувязь паміж імі – праз лісты і кароткія паведамленні ад адваката.

“Я яго не бачыла са студзеня гэтага года, таму што мне не давалі спатканняў з ім. Я спадзяюся, і наколькі мне вядома, пасля вынясення прысуду суддзя павінен даць нам спатканне. А дагэтуль мы падтрымліваем сувязь толькі праз лісты. Эдуард не любіць скардзіцца, ён сам па сабе чалавек вельмі пазітыўны, таму яго лісты, можна сказаць, баявыя. Напрыклад, я ўжо заднім чыслом даведалася, што ён там хварэў, моцную прастуду перажыў, таму мы яму лекаў перадалі ў турму”.

Нягледзячы на аптымізм у лістах мужа, Вікторыя адчувае, што яму прыходзіцца нялёгка ў зняволенні. Яна падзялілася сваімі уражаннямі ад аднаго бытавога эпізоду.

“Учора я забрала ягоныя рэчы, якія ёсць магчымасць перадаць з турмы. Мяне ўразіла, як моцна яны смярдзяць курывам. Гэта такі непрыемны пах… Эдзік ніколі не паліў, я не палю. І гэта адзін такі маленечкі момант: у камеры паляць, я адчуваю гэты пах, у якім ён жыве апошнія дзесьці паўгады, і разумею, што гэта маленькі, але ціск на яго”.

Па словах Вікторыі, навіну пра тое, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме, Эдуард сустрэў з гумарам і іранічнымі заўвагамі:

“Ён кажа, маўляў, вось, яны мяне баяцца, працавалі-працавалі, а не хочуць пахваліцца вынікамі сваёй працы…”

Нагадаем, што разгляд крымінальнай справы рэдактара сайта 1863х.com Эдуарда Пальчыса распачнецца ў Мінскім гарадскім судзе ў пятніцу 14 кастрычніка. Ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні праваабарончыя арганізацыі краіны прынялі сумесную заяву аб прызнанні Эдуарда Пальчыса палітычным вязнем і патрабуюць спынення яго крымінальнага пераследу па ч.1 арт. 130 КК, вызвалення вязня з-пад варты да суда і правядзення адкрытага судовага працэсу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства