Што дасць Беларусі ратыфікацыя Канвенцыі аб правах інвалідаў?

2016 2016-10-03T17:06:03+0300 2016-10-03T17:08:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/konventsiya.jpg

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання на пасяджэнні 3 кастрычніка ратыфікавалі Канвенцыю аб правах інвалідаў, паведамляе Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

"Гэта, сапраўды, знамянальная падзея не толькі для людзей з інваліднасцю, але і для ўсёй Беларусі, - лічыць каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. - Мы вітаем факт ратыфікацыі Канвенцыі і рады, што нашы шматлікія звароты былі пачутыя".

Па словах эксперта, ратыфікацыя азначае, што Беларусь афіцыйна прыняла на сябе абавязацельствы выконваць артыкулы Канвенцыі і як мінімум даць справаздачу аб тым, што было зроблена ў краіне ўжо праз два гады. Акрамя таго, пасля ратыфікацыі Канвенцыі ў краіне павінен з'явіцца спецыяльны упаўнаважаны орган, які будзе каардынаваць і маніторыць яе выкананне.

Разам з тым эксперт Офіса не абыйшоўся без лыжкі дзёгцю.

"Але ўжо цяпер трэба адзначыць, што ўся Канвенцыя аб правах інвалідаў працятая прынцыпамі ўдзелу людзей з інваліднасцю ў прыняцці рашэнняў, - нагадаў Сяргей Драздоўскі. - Аднак той факт, што ратыфікацыя Канвенцыі ў нашай краіне стала навіной нават для саміх людзей з інваліднасцю кажа пра тое, што іх меркаванне не ўлічвалася ў належнай меры ў працэсе ратыфікацыі".

Таксама эксперт адзначае, што менавіта ў момант ратыфікацыі дарэчы было укараніць карэктную назву - чалавек з інваліднасцю, як на гэтым настойвалі арганізацыі, якія прадстаўляюць інтарэсы гэтых людзей.

Сяргей Драздоўскі асцерагаецца, што без удзелу саміх людзей з інваліднасцю ў прыняцці рашэнняў нават ратыфікацыя дакумента можа несці больш дэкларатыўны, чым дзейсны характар.

Нагадаем, што Канвенцыя аб правах інвалідаў была падпісана Беларусі 28 верасня 2015 года. Беларусь стала 160-й краінай-падпісантам. Да ратыфікацыі дакумент не меў юрыдычнай сілы. Чытайце падрабязней аб тым, што дае краіне ратыфікацыя Канвенцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства