Судовыя выканаўцы вынеслі ўсё са здымнай кватэры Юліі Сцяпанавай і Алеся Макаева

2016 2016-09-29T12:37:22+0300 2016-09-29T13:12:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sciapanava_julia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юлія Сцяпанава, фота з асабістай старонкі ў фэйсбуку

Пра тое, што раніцай 29 верасня ў здымную кватэру Юліі Сцяпанавай і прадпрымальніка Алеся Макаева прыйшлі судовыя выканаўцы, напісала сама Юля на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

“Цэлая кватэра судовых выканаўцаў. Апісваюць маёмасць. Якая прыгожая раніца ...”

Юлія Сцяпанава

Як пазней удакладніла Юлія Сцяпанава, раніцай у кватэру пазванілі. Яна падыйшла да дзвярэй, але ў вочка нічога не пабачыла, бо відавочна яно было закрытае. Запыталася: “Хто там?” Ёй адказалі, што гэта ўчастковы, але яна не паверыла.

“Я адразу зразумела, што гэта ці маскі-шоў да нас прышлі ў найгоршым выпадку, ці судовы выканаўца. Бо гэта як дамоклаў меч увесь час вісела над намі. Я разбудзіла Сашу, адчыніла дзверы. Аказаліся судовыя выканаўцы”.

Юля Сцяпанава паказала ім дамову з гаспадаром арэндуемай кватэры, дзе было ўказана, што шмат якія рэчы не належаць ёй ці Алесю Макаеву.

“Увогуле, усе рэчы ў кватэры - мае і гаспадара кватэры. Рэчаў Аляксандра тут няма ўвогуле. Аднак у нас забралі мікрахвалёўку, пральную і посудамыйную машынкі, тэлевізар, вентылятар”, - ледзь стрымлівае слёзы Юлія Сцяпанава.

Судовыя выканаўцы не звярнулі ўвагу на дамову, а толькі сказалі, што даказваць гэта Юля цяпер будзе ў судзе. Як аказался, у Юліі Сцяпанавай няма і адпаведна запоўненных дакументаў на яе тэхніку і рэчы – гарантыйных талонаў з подпісамі ўладальніка.

Пры гэтым раней судовая выканаўца тэлефанавала, казала, што ўсё разумее і не будзе нічога забіраць, а просто прыйдзе паглядзець.

“Я папярэджвала Аляксандра Макаева, казала, што не трэба іх упускаць. Аднак, вось цяпер яны ўсё вынеслі, усе забралі. Усе мае рэчы дасталіся мне цяжкай працай, тэлевізар такі дарагі, дзіцёнак увесь час мульцікі глядзеў з яго. Я нават не ўяўляю, як цяпер пагрэць ежу, папраць рэчы. Я проста ў шоку ад ўсяго”, - сказала жанчына.

Цяпер у Юліі Сцяпанавай ёсць 10 дзён, каб абскардзіць такія дзеянні судовых выканаўцаў.

Нагадаем, 3 жніўня Алесю Макаеву патэлефанавала судовая выканаўца Савецкага раёна Мінска і сказала, што яму трэба тэрмінова прыехаць на «Ракаўскі кірмаш», бо выканаўцы прыедуць туды, каб канфіскаваць тавар на карысць неаплачаных штрафаў за акцыі.

Гэта не першы выпадак, калі з актывістаў выбіваюць штрафы за ўдзел у акцыях праз судовых выканаўцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства