Алесь Анціпенка: Як зрабіць выбары “ціхімі” і “без напругі”?

2016 2016-09-28T15:41:03+0300 2017-02-09T15:21:37+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bastunec_antipenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Эксперты БАЖ Андрэй Бастунец і Алесь Анціпенка

Эксперты БАЖ Андрэй Бастунец і Алесь Анціпенка

Беларуская асацыяцыя журналістаў 28 верасня падвяла вынікі маніторынгу асвятлення выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання ў беларускіх СМІ, які эксперты праводзілі з 4 ліпеня па 21 верасня. Маніторынг ахапіў усе этапы выбарчай кампаніі.

Эксперт маніторынгу Алесь Анціпенка адзначыў, што агулам выбары можна характарызаваць як “ціхія” і “без напругі”.

“Выразы “ціхія выбары” і “выбары без напругі” – не мы прыдумалі. Я цытую выказванні афіцыйных асобаў, якія маюць дачыненне да арганізацыі выбарчай кампаніі, і гэта яны так ацэньваюць іх. Я не ведаю, ўсведамляюць яны, чаму так кажуць ці не? Відавочна, што “ціхія выбары” і “выбары без напругі” – выбары без драматургіі, без сутыкненняў, без канфлікту, без канкурэнцыі ідэй і палітычных платформаў. Такія выразы – гэта фактычна прызнанне ў тым, што выбараў няма”, - сказаў ён.

Група маніторынгу прыходзіць да высновы, што мадэль асвятлення выбараў, якую выкарыстоўваюць дзяржаўныя медыя, не прадугледжвае шырокай заангажаванасці выбаршчыкаў у агітацыйную кампанію.

“Ціхія выбары” і “выбары без напругі” – гэта азначае, што дзяржаўныя медыя працуюць такім чынам, каб было ціха, каб не заангажаваць выбарцаў і палітычна-актыўных грамадзянаў у выбарчую кампанію. Гэта сітуацыя, калі ўладам проста важная яўка, якая патрэбная для таго, каб паказаць, што насельніцтва дэманструе лаяльнасць да яе і падтрымлівае тую мадэль выбарчай кампаніі, якая праводзіцца ў краіне.

Маё суб’ектыўнае адчуванне, што на гэты раз з яўкай былі нейкія праблемы. Мне падалося, што колькасць людзей, якія прынялі ўдзел у выбарах, паменела, што стала больш пасіўных грамадзянаў, якія не бачуць ніякага сэнсу ў гэтых выбарах. Я думаю, што гэта можа быть вынікам працы дзяржаўных медыя для “ціхіх выбараў”, - заўважае Алесь Анціпенка.

Экперт лічыць, што праведзены маніторынг паказвае тэхналогію, як правесці ціхую выбарчую кампанію і іранічна распавядае, што павінны рабіць журналісты, каб дасягнуць такой мэты:  

“Мы дакладна ведаем, як гэта зрабіць. А менавіта: як мага болей пісаць пра Цэнтральную выбарчую камісію, а таксама ўзгадваць пра іншыя выбарчыя камісіі (АВК і УВК). Яны мусяць рэпрэзентаваць выбарчыя камісіі як дамінантную і найбольш аўтарытэтную крыніцу інфармацыі пра выбарчы працэс.

Таксама трэба марганалізаваць усе актыўныя палітычныя сілы, якія ўдзельнічаюць у выбарах: пра іх нічога не пісаць, альбо пісаць пра іх столькі мала, каб гэта было нават незаўважна.

Ёсць яшчэ кандыдаты, пра якіх можна таксама шмат казаць, каб ствараць уражанне іх прысутнасці ў медыйным полі. Але казаць пра іх трэба ў неперсаніфікаванай і абстрактнай форме і замоўчваць пра іх палітычныя погляды, платформы, партыі”.

Алесь Анціпенка кажа, што спрыяе “ціхім выбарам” і спартовыя навіны, якія адцягваюць увагу выбаршчыкаў, як гэта было сёлета, калі асноўныя этапы выбарчай кампаніі супалі з Алімпійскімі гульнямі ў Рыа.

Група маніторынгу лічыць, што ў адрозненне ад дзяржаўных, недзяржаўныя медыя мелі больш канструктыўную візію выбарчай кампаніі і былі арыентаваныя на асвятленне як дзейнасці кандыдатаў, так і тых палітычных партый, што іх падтрымлівалі. Аднак іх уплыў быў нязначны. Атмасфера прадвызначанасці вынікаў выбараў паўплывала не толькі на паводзіны кандыдатаў, але і на асвятленне імі выбарчага працэсу.


“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства