Маніторынгавая справаздача па назіранні за акцыяй 19 верасня ў Мінску Фота

2016 2016-09-20T11:48:16+0300 2016-09-20T15:21:13+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/praspekt_nac_stiaga_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 верасня 2016 г. у Мінску праходзіла акцыя “Праспект нацыянальнага сцяга”, прысвечаная 25-й гадавіне надання статусу дзяржаўнай сімволікі бела-чырвона-белага сцягу і гербу «Пагоня».

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

На акцыі 12 верасня Зміцер Дашкевіч заклікаў да правядзення 19 верасня акцыі "Праспект нацыянальнага сцяга", у межах якой арганізатары З.Дашкевіч, Я.Афнагель і П.Вінаградаў заклікалі людзей устаць уздоўж праспекта Незалежнасці з бела-чырвона-белымі сцягамі з нагоды 25-годдзя надання гербу "Пагоня" і бела-чырвона-беламу сцягу статуса дзяржаўных сімвалаў Беларусі. Так сама анансавалася раздача стужак з арнаментам.

Вядома, што заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства ў Мінгарвыканкам арганізатары не падавалі.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 19 верасня 2016 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 5 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

І. Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”). У удзельнікаў адсутнічала зброя, не выкарыстоўваліся заклікі да гвалтоўных дзеянняў, удзельнікі акцыя не перашкаджалі вольнаму праходу мінакоў і не парушалі ПДР.
  2. Адсутнасць заяўкі і дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства не можа яго абмяжоўваць. Сама існуючая працэдура атрымання дазволу на права мірнага сходу супярэчыць міжнародным стандартам (рэкамендацыя 129.93 Даклада Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе Савета па правах чалавека ААН за 2015 год) і дэвальвуе права на мірны сход.
  3. Станоўчым фактарам з’яўляецца адсутнасць перашкодаў у правядзенні мерапрыемства з боку праваахоўных органаў, а таксама той факт, што не было заўважна прыкмет складання пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да ўдзельнікаў. Спадзяемся на адсутнасць адміністрацыйнага пераследу за арганізацыю і ўдзел у мірных акцыях, паколькі гэта супярэчыць міжнародным стандартам свабоды сходаў.
  4. У той жа час супрацоўнікі міліцыі не ў поўнай меры ажыццяўлялі свае пазітыўныя абавязкі: не былі ідэнтыфікаваныя належным чынам (у форменнай вопратцы былі толькі супрацоўнікі ДАІ) і не прымалі актыўных мераў па ахове ўдзельнікаў падчас акцыі (былі заўважаныя нецвярозыя мінакі, якія заміналі ўдзельнікам акцыі).

ІІ. Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

- Масавае мерапрыемства адбывалася 19 верасня з 18.50 да 20.20, на ўчастку ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці. Каля 19.10 удзельнікі пачалі расцягвацца ўздоўж праспекта ад Кастрычніцкай плошчы ў бок плошчы Незалежнасці і ў розны час займалі розныя месцы.

- Колькасць ўдзельнікаў складала каля 80 чалавек у розны час. У тым ліку не менш 37 чалавек з бела-чырвона-белымі сцягамі на флагштоках, якія стаялі ланцугом уздоўж праспекта Незалежнасці. Іншыя удзельнікі часцей за ўсё мелі стужкі з арнаментам ці іншыя відавочныя прыкметы, і знаходзіліся каля людзей са сцягамі.

- Колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў вызначаецца больш складана праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так, супрацоўнікаў ДАІ/ДПС было зафіксавана 6 чалавек на скрыжаваннях і Кастрычніцкай плошчы. Каля 40 чалавек – у цывільнай вопратцы з адметнымі прыкметамі. У тым ліку прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСа былі ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў.

- Вядома, што пад час акцыі супрацоўнікі міліцыі ў форме не падыходзілі да ўдзельнікаў і фактаў складання пратаколаў аб адміністрацыйнай адказнасці не зафіксавана. Але адзначаны факт запісу прозвішчаў удзельнікаў на аркуш паперы прадстаўнікамі ГУУС МУС Мінгарвыканкама і Цэнтральнага РУУСа.

- Прысутнічала не менш 12 прадстаўнікоў СМІ, якія актыўна здымалі акцыю на фота і відэа, размаўлялі з удзельнікамі.

- Прысутнічаў назіральнік ад АБСЕ з адпаведнай пазнакай.

- Адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору на асабістым і грамадскім транспарце.

- У цэлым адсутнічалі перашкоды ў працы СМІ.

- Перашкоды ў працы назіральнікаў не мелі месца. Але ажыццяўлялася актыўная відэаздымка назіральнікаў перад, пад час і пасля масавага мерапрыемства.

- Не менш 7 супрацоўнікаў ў грамадзянскай вопратцы ажыццяўлялі відэаздымку масавага мерапрыемства.

- Арганізатары масавага мерапрыемства не былі ніяк абазначаны.

-  Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку арганізатараў і ўдзельнікаў не зафіксавана.

- Быў заўважаны адзін плакат з надпісам “Беларусь будзе вольнай”, а так сама вялікі сцяг з гербам Пагоня.

- Выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі, бела-чырвона-белы сцяг з Пагоняй, бела-чырвона-белыя стужкі з рознымі арнаментамі, частка ўдзельнікаў мелі вопратку з рознымі нацыянальнымі адзнакамі.

- Падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу;

- Адсутнічала машына хуткай дапамогі, на паркоўцы каля Палаца Рэспублікі знаходзіліся 2 машыны ДАІ, 2 аўтобусы з фіранкамі і не менш трох мікрааўтобусаў, прыналежнасць якіх вызначыць складана. На Кастрычніцкай плошчы знаходзіліся супрацоўнікі камунальных служб у форменнай вопратцы.

- У 20.00 ўдзельнікі вярнуліся на Кастрычніцкую плошчу і пачалі разыходзіцца. Каля 20.20 большая частка удзельнікаў пакінула месца акцыі.

ІІІ.Рэкамендацыі:

Арганізатарам:

  • Ажыццяўляць больш актыўную камунікацыю з праваахоўнымі органамі і ўдзельнікамі, асабліва звярнуць увагу на забеспячэнне бесперашкоднага руху праз скрыжаванні вуліц. Па магчымасці арганізоўваць дружыну.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

  • У адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі або нагруднымі знакамі);
  • Пазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства і ажыццяўляць камунікацыю з назіральнікамі;
  • Больш актыўна выконваць пазітыўныя абавязкі пры ахове масавага мерапрыемства.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

  • ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства