Фестываль “ІнклюзіON” з удзелам беларускіх праваабаронцаў прайшоў у Харкаве Відэа

2016 2016-09-19T14:36:29+0300 2016-09-20T11:32:42+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/inkluzion3on.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Удзельнікі фестывалю “ІнклюзіON” у Харкаве

Удзельнікі фестывалю “ІнклюзіON” у Харкаве

12-15 верасня ў межах кампаніі "Праваабаронцы Беларусі і Украіны разам за адстойванне грамадскіх інтарэсаў" прайшоў  фестываль “ІнклюзіON” у Харкаве. Фестываль быў прысвечаны безбар’ернасці і бяспецы горада і праходзіў упершыню. Арганізатары мерапрыемства адзначаюць, што Харкаў, як і іншыя гарады Украіны, не з’яўляецца інклюзіўным для людзей з інваліднасцю, што перашкаджае ім паўнавартасна інтэгравацца ў грамадства.

На правядзенне фестывалю арганізатараў натхніла наведванне "Тыдня Даступнасці", які праводзіўся Офісам па правах людзей з інваліднасцю на напачатку траўня ў Менску і на які, у рамках супрацы беларускіх і украінскіх праваабарончых арганізацый, была запрошана харкаўчанка Кацярына Дайнека.

“У Харкаве людзі з інваліднасцю, на жаль, непрыкметныя. Часта яны застаюцца дома з-за таго, што ў горадзе існуюць праблемы з даступнасцю і перамяшчэннем. Сапраўдным подзвігам можа стаць звычайны праезд на працу ці месца вучобы. Мы хочам, каб гэтая сітуацыя змянілася”, - кажа адна з арганізатараў фестывалю, прэзідэнт ХОФ «Грамадская Альтэрнатыва», старшыня каардынацыйнай рады Кааліцыі супраць дыскрымінацыі ва Украіне, эксперт па правах чалавека Марыя Ясяноўская.

Фестываль распачаўся прэсс-канферэнцыяй "Даступны Харкаў: жаданае і рэальнае"

«Даступнасць - гэта не проста фізічная адсутнасць нейкіх бардзюраў і наяўнасць пандусаў. Гэта перш за ўсё тое, наколькі кожнае з правоў чалавека даступна для чалавека з інваліднасцю. Трэба, каб чалавек мог без прыніжэння, без зневажання ўласнай годнасці карыстацца тым ці іншым правам», - адзначыў каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю ў Беларусі, эксперт па пытаннях процідзеяння дыскрымінацыі і правоў людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

У той жа дзень прайшоў круглы стол з удзелам грамадскіх актывістаў, эксперта з Беларусі, прадстаўнікоў улады і людзей з інваліднасцю, на якім абмяркоўваліся галоўныя праблемы інклюзіўнасці горада. На фестываль праз партнераў "Вясны" таксама была запрошаная прадстаўніца Нацыянальнай Асамблеі інвалідаў Украіны ў Чаркаскай вобласці Леся Валяева, якая адзначыла пазітыўны вопыт супрацоўніцтва гарадскіх уладаў і камітэта даступнасці. Пасля мерапрыемства абмяркоўваліся планы па правядзенню ў Чаркасах трэнінга для новага складу гарадскога савета па даступнасці з удзелам Сяргея Драздоўскага, альбо якога-небудзь іншага беларускіх экспертаў.

Далей у рамках фестывалю былі праведзеныя лекцыі для студэнтаў на розныя тэмы, як у акадэмічных аудыторыях, так і на вольным паветры, звязаныя з даступнасцю горада і дыскрымінацыяй па прыкмеце інваліднасці.

14 верасня ў 18:00 у Літмузеі прайшла прэзентацыя кнігі «Этыкет інваліднасці», дзе тлумачылася, як камунікаваць з людзьмі з інваліднасцю, а 15 верасня -  квэст, паўдзельнічаць у якім мелі магчымасць усе жадаючыя. Падчас квэста ўдзельнікі пратэсціравалі Харкаў на прадмет прыстасаванасці для жыцця людзей з інваліднасцю.

Арганізатары і партнеры мерапрыемства спадзяюцца, што пасля фестывалю ў Харкаве з'явяцца новыя ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне даступнасці як у Харкаве, так і ў іншых гарадах Украіны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства