viasna on patreon

Закаранелая тэндэнцыя: “вытворчы прынцып” - надзейнасць і кантроль

2016 2016-09-07T12:52:07+0300 2016-09-07T15:48:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pracouny_kaliektyu-plakat.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З выбараў у выбары з дапамогай калектываў дзяржаўных прадпрыемтваў і ўстановаў забяспечваюцца неабходныя ўладнай вертыкалі склады выбарчых камісіяў, “канструктыўны” назіральніцкі актыў ды пажаданыя кандыдаты. Гэтаму спрыяе замацаванне ў беларускім заканадаўстве працоўнага калектыва як суб’екта выбарчага працэсу, што незалежныя эксперты лічаць анахранізмам савецкага мінулага.   

Такі суб’ект выбарчага працэсу як працоўны калектыў замацаваны ў беларускай Канстытуцыі, а таксама ў Выбарчым кодэксе. Паводле заканадаўства, працоўныя калектывы могуць вылучаць прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі рознага ўзроўня, назіральнікаў і кандыдатаў у дэпутаты. Такім чынам “вытворчы прынцып”, як назвалі яго незалежныя назіральнікі, атрымаў усёахопны характар і выкарыстоўваецца дзеля забеспячэння надзейнасці і кантролю ў ключавых момантах выбарчай кампаніі.

Тыя ж людзі ў выбаркамах – тыя ж вынікі выбараў

Кожную выбарчую кампанію назіральнікамі выкрываецца “вытворчы прынцып” фармавання ўчастковых выбарчых камісіяў, якім давераны падлік галасоў выбаршчыкаў. Як сведчыць параўнальны аналіз складу УВК падчас выбараў рознага ўзроўню, яны фармуюцца па наступнай схеме: у камісію ўключаюцца прадстаўнікі аднаго працоўнага калектыва, а старшынёй камісіі прызначаецца іх непасрэдны начальнік. Усё гэта, як вядома, старанна маскіруецца. Па-першае, працаўнікі аднаго калектыва ва ўчастковыя выбаркамы вылучаюцца рознымі шляхамі – уласна ад працоўнага калектыва, ад палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, а таксама праз падачу заявы ад грамадзянаў. Па-другое, органы мясцовай улады, якія ўтвараюць участковыя камісіі, публікуюць у афіцыйнай прэсе няпоўныя спісы – без указання месца працы і пасадаў іх сябраў. У выніку, надрукаваныя ў прэсе спісы, у якіх указаныя прозвішчы, імёны, імёны па бацьку і шляхі вылучэння сябраў УВК, ствараюць уражанне, што ў камісіях сядзяць людзі з самых розных арганізацыяў. Але назіральнікі ведаюць, што гэта ўсяго толькі падман, даводзяць пра гэта шырокай грамадскасці праз незалежныя медыя, а Цэнтральнай выбарчай камісіі - праз скаргі, якія фактычна ігнаруюцца.

Яскравым прыкладам тут можа быць скрупулёзная праца назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяргей Гоўшы з Баранавічаў. Ён правёў аналіз складу шасці ўчастковых камісіяў і высветліў, што падчас трох выбарчых кампаній - прэзідэнцкай 2010-га, прэзідэнцкай 2015-га і бягучай парламенцкай – яны складаюцца з прадстаўнікоў адных і тых жа працоўных калектываў. А менавіта: у Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе №5 камісія участка №19 (№47- у 2015 годзе) сфармаваная з прадстаўнікоў калектыва СШ №16 на чале з дырэктарам Вячаславам Дзяўго (у 2010-м старшынёй камісіі быў іншы дырэктар гэтай школы), камісія ўчастка №6 - з прадстаўнікоў калектыва ліцэя №1 на чале з дырэктарам Аляксеем Бычкоўскім, камісія ўчастка №20 (№48 – у 2015 годзе) - з прадстаўнікоў калектыва Баранавіцкага аўтаагрэгатнага завода на чале з дырэктарам Віталем Юркевічам; у Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе №6 камісія ўчастка №14 (№26 у 2015 годзе) - з прадстаўнікоў калектыва СШ №20 на чале з дырэктарам Міхаілам Мішыным, камісія ўчастка №28 (№40 у 2015 годзе) - з прадстаўнікоў калектыва Занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі на чале з дырэктарам Сяргеем Плескацэвічам, камісія ўчастка №12 (№24 у 2015 годзе) - з прадстаўнікоў калектыва СШ №17 на чале з дырэктаркай Аленай Марозавай.

Назіральнік канстатуе, што падчас сёлетняй выбарчай кампаніі склад УВК на 80 – 100% застаўся ранейшым, новыя сябры, змяніўшыя тых, хто сыйшоў на пенсію, працуюць у калектывах тых жа ўстановаў і прадпрыемстваў. [Падрабязны аналіз складу пералічаных УВК глядзіце ў далучаных файлах].

“На гэтых участках (вядома, як і на ўсіх астатніх) старшынямі ўчастковых выбарчых камісій “абраны” дырэктары школаў, прадпрыемстваў і установаў, а сябрамі камісій – іх падначаленыя. Вядома, поўная кантрактная залежнасць ад дырэктара (ён жа старшыня камісіі) не дазволіць сябрам камісій выказаць нязгоду з лічбамі ў выніковым пратаколе пасля падліку галасоў на выбарчым участку. Менавіта так адбываецца на выбарах усіх узроўняў у апошняе пятнаццацігоддзе. Менавіта таму ва ўчастковыя камісіі не ўключаюцца “чужыя” - сябры дэмакратычных партый і няўрадавых грамадскіх аб’яднанняў”, - піша Сяргей Гоўша ў скарзе ў ЦВК з мэтай дамагчыся публікацыі ў афіцыйнай прэсе спісаў з поўнымі звесткамі пра сябраў выбарчых камісіяў. 

“Аналізуючы ўсё гэта, разумееш, што ўчастковыя камісіі былі сфармаваныя задоўга да выбараў з правераных уладай людзей, а паседжанні выканкамаў па іх фармаванні праводзіліся фармальна – для таго, каб не дапусціць у гэтыя камісіі “чужых”, - падвынікоўвае праваабаронца. – Тыя ж самыя людзі ў акруговых і ўчастковых выбаркамах будуць забяспечваць тыя ж вынікі выбараў. Ці можна такія выбары назваць справядлівымі?” Варта адзначыць, што на падобныя скаргі ў ЦВК спадар Гоўша атрымлівае толькі адмовы.

Ні для каго не сакрэт, што “карпаратыўны дух” выбаркамаў умацоўваецца з дапамогай “сваіх” назіральнікаў, якіх рэгіструюць пры гэтых камісіях і якія нярэдка вылучаюцца тымі ж працоўнымі калектывамі. І тут з выбарчых кампаніяў розных гадоў прыгадваюцца такія “знаходкі” мясцовых уладаў, як падзел назіральнікаў на “канструктыўных” і “апазіцыйных”, інструкцыі для “сваіх” назіральнікаў і так далей.  

“Вытворчы прынцып” як адмінрэсурс пры вылучэнні кандыдатаў

Артыкул 69 Канстытуцыі Беларусі надзяляе працоўныя калектывы правам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Гэтае ж права працоўных калектываў замацаванае ў артыкуле 63 Выбарчага кодэкса. Але ні ў адным законе мы не знойдзем адказу на пытанне: ці мусяць вылучаныя такім шляхам кандыдаты быць працаўнікамі гэтых калектываў?

Увагу на гэтую акалічнасць звяртае аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч.     

“Са з’яўленнем выпадкаў вылучэння ад працоўных калектываў кандыдатаў у дэпутаты, якія не з’яўляюцца працаўнікамі гэтых калектываў, я зазірнуў у адпаведны артыкул у Выбарчым кодэксе - там сапраўды нічога не сказана на гэты конт, там апісваецца працэдура вылучэння і так далей. Пасля я паглядзеў дапаможнік для акруговых выбарчых камісіяў, зацверджаны ЦВК, - там напісана, што неабавязкова, каб вылучэнец быў працаўніком калектыва, які яго вылучае”, - распавядае праваабаронца.

Такая акалічнасць, паводле яго словаў, не можа не выклікаць здзіўлення.

“Канешне, з аднаго боку, калі Выбарчы кодэкс не ўтрымлівае забароны, то такое можа быць. Але, калі кіравацца логікай, паводле якой палітычныя партыі вылучаюць на выбары сваіх сябраў, то і працоўныя калектывы мусяць вылучаць сваіх працаўнікоў, якіх людзі ведаюць, ведаюць іх дзелавыя і палітычныя якасці - і менавіта таму могуць іх вылучаць. А так атрымліваецца, што вылучаюць невядома каго”.

“Гэта ўжо не кажучы пра тое, што сам па сабе такі суб’ект выбарчага працэсу як працоўны калектыў выглядае зараз поўным савецкім анахранізмам. Напэўна, калі распрацоўвалі Канстытуцыю, яшчэ не зусім адыйшлі ад савецкіх ідэяў, і ён зараз вось фігуруе і ў выбарчым заканадаўстве”, - дадае Валянцін Стэфановіч.

Але наўрад ці гэта нейкае “ўпушчэнне”. Гэта вельмі зручная схема выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса пры вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, мяркуе эксперт.

“Я проста ўпэўнены, што ніякі апазіцыйны кандыдат не можа прыйсці ў працоўны калектыў з бухты-барахты і сказаць: “Вылучыце вы мяне, калі ласка, кандыдатам ад свайго калектыва!” Зразумела, што на гэта паступае адпаведнае ўказанне і вылучаюць таго кандыдата, якога ўлады жадаюць бачыць у парламенце”, - кажа ён.

І яшчэ адзін момант, на які Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу, гэта цікавая логіка Цэнтральнай выбарчай камісіі ў падобных сітуацыях.

“Калі Выбарчы кодэкс не прадугледжвае забарону на тое, каб вылучаць працоўным калектывам не-сябра працоўнага калектыва, то такое магчыма. І ЦВК гэта дапускае. А калі, напрыклад, гаворка заходзіць пра артыкул 13 Выбарчага кодэкса датычна правоў назіральніка, то чамусьці ЦВК ужо не кіруецца прынцыпам “што не забаронена, тое дазволена”. Напрыклад, ЦВК кажа, што рабіць відэа і фота падчас ажыццяўлення назірання назіральнік не мае права, таму што гэта не прадугледжана названым артыкулам. Але ж гэта і не ўказана ў частцы забаронаў у тым жа артыкуле – то бок, не забаронена Выбарчым кодэксам і, адпаведна, можа дапускацца”.  

Такая “выбарчая” логіка ЦВК наўрад ці паспрыяе забеспячэнню прынцыпа адкрытасці і галоснасці, прынцыпа роўнасці падчас правядзення выбараў.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства