viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2016

2016 2016-09-01T13:58:04+0300 2016-09-02T11:51:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ahliad_znivien.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

- на працягу жніўня не адбылося якіх-небудзь істотных зменаў, якія б мелі сістэмны характар і былі накіраваныя на якаснае змяненне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, у той жа час намеціўся шэраг негатыўных тэндэнцый, якія сведчаць пра пагаршэнне агульнай сітуацыі ў параўнанні з папярэднімі месяцамі;

- як стала вядома праваабаронцам, 14 ліпеня ў межах расследавання крымінальнай справы па падзеях 19 снежня 2010 г. быў затрыманы і ўзяты пад варту жыхар п. Рудзенск Уладзімір Кондрусь. Ён абвінавачваецца па ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь («масавыя беспарадкі»). 10 жніўня 2016 г. праваабарончыя арганізацыі распаўсюдзілі заяву аб прызнанні У. Кондруся палітвязнем, дзе запатрабавалі яго вызвалення;

- у выніку ціску з боку спецслужбаў Беларусі і звязанай з ім інфармацыйнай прапагандысцкай кампаніі ў шэрагу дзяржаўных СМІ, спыніў сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі незалежны інстытут сацыялагічных даследаванняў — НІСЭПД. Праваабарончая супольнасць краіны звязвае дадзеную кампанію з парламенцкімі выбарамі, а таксама са спробамі абмежавання права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі — вынікаў незалежных сацыялагічных даследаванняў па розных аспектах ўнутрыпалітычнага і грамадскага жыцця краіны, у прыватнасці;

- 16 жніўня крымінальная справа ў дачыненні да заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса па абвінавачванні ў публікацыі матэрыялаў, якія распальваюць нацыянальную варожасць і ўтрымліваюць парнаграфію (ч. 1 арт. 130 і ч. 2 арт. 343 КК), была перададзеная ў суд, а 25 жніўня суд Цэнтральнага р-на г. Менска ў закрытым судовым пасяджэнні ў парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разбору прызнаў названыя вышэй інфармацыйныя матэрыялы экстрэмісцкімі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» настойвае на незалежнай экспертызе тэкстаў Э. Пальчыса і не выключае палітычнага матыву яго крымінальнага пераследу;

- у месцах пазбаўлення волі працягвае адбываць пакаранне М. Жамчужны, крымінальны пераслед якога быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, што таксама не выключае прымянення шырокага спектру такіх прававых захадаў, як памілаванне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне;

- Дзмітрый Паліенка, затрыманы супрацоўнікамі АМАП 29 красавіка 2016 г. у выніку гвалтоўнага спынення мірнага сходу веласіпедыстаў «Крытычная маса», працягвае ўтрымлівацца пад вартай у СІЗА г. Жодзіна. Праваабарончы цэнтр «Вясна» расцэньвае пераслед удзельнікаў гэтай акцыі як неправамернае абмежаванне права на выказванне імі думкі, абмежаванне права на мірныя сходы, і заклікае вызваліць Дзмітрыя Паліенку да канца следства.

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

Праваабаронцам стала вядома, што ў рамках расследавання крымінальнай справы па падзеях 19 снежня 2010 г. па пастанове Следчага камітэта 14 ліпеня быў узяты пад варту Уладзімір Кондрусь — жыхар п. Рудзенск, 1977 года нараджэння.

Ён абвінавачваецца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, а менавіта ва ўдзеле ў масавых беспарадках каля Дома Урада на пл. Незалежнасці ў Менску. З моманту арышту У. Кондруся яго фізічны стан значна пагоршыўся ў сувязі з галадоўкай. У сувязі з гэтым ён быў змешчаны спачатку ў санчастку СІЗА, а пасля спаткання з бацькамі — у рэспубліканскі шпіталь у тым жа СІЗА. Па словах доктара, У. Кондрусь пагадзіўся на выхад з галадоўкі.

10 жніўня праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні У. Кондруся палітвязнем. Як падкрэсліваецца ў адпаведнай заяве, дзеянні Уладзіміра Кондруся не могуць быць кваліфікаваныя па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («масавыя беспарадкі»), а тэрмін даўніны па іншых артыкулах КК, па якіх яны маглі б быць кваліфікаваныя, мінуў.

Варта нагадаць, што ўсе асуджаныя па падзеях 19 снежня 2010 г. былі амніставаныя або памілаваныя прэзідэнтам і вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі. На сённяшні дзень вядомы толькі адзін фігурант справы аб масавых беспарадках 19 снежня. Гэта былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, справа якога на дадзены момант прыпыненая.

Праваабарончаму цэнтру «Вясна» стала вядома, што яшчэ 21 ліпеня адміністрацыяй Навасадскай ПК-14 было вынесенае дысцыплінарнае спагнанне Міхаілу Жамчужнаму, у выніку чаго ён быў пазбаўлены кароткатэрміновага спаткання.

Міхаіл Жамчужны таксама паведаміў, што атэстацыйная камісія не пацвердзіла яго ранейшы статус “асобы, якая стала на шлях выпраўлення”. Захоўваецца жорсткі кантроль за яго перамяшчэннем па тэрыторыі пенітэнцыярнай установы; як для асобы, “схільнай да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці”, па-ранейшаму прадугледжаныя чатыры штодзённыя праверкі. Але, разам з тым, у Жамчужнага захоўваюцца палепшаныя ўмовы ўтрымання.

У ліпені 2015 года Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным разгалошванні звестак, якія ўяўляюць службовую таямніцу, і ў незаконным набыцці сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, якая ўяўляе службовую таямніцу.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Парушэнне права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў

Улады Беларусі працягваюць парушаць права на свабоду сходаў і права на свабоду выказвання меркаванняў. Заканадаўства і практыка яго прымянення дазваляе адмаўляць актывістам без дастатковых прычынаў у правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Так, сябры незарэгістраванай Нацыянал-бальшавіцкай партыі падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне пікету ў Кіеўскім скверы 13 жніўня з 14 да 15 гадзін з удзелам не больш за 10 чалавек і атрымалі адмову. Як сцвярджае Менгарвыканкам у сваім адказе, да іх паступілі паведамленні ад кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання і давераных асобаў аб правядзенні масавых мерапрыемствах у мэтах перадвыбарчай агітацыі.

“Дадзеныя апавяшчэнні прадугледжваюць правядзенне такіх мерапрыемстваў на пляцоўцы ля фантана, размешчанага на тэрыторыі Кіеўскага сквера ў названыя вамі дату і час запланаванага пікетавання”, — напісаў Менгарвыканкам. Спасылаючыся на арт. 9 Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», які забараняе правядзенне адначасова некалькіх масавых мерапрыемстваў у адным месцы, Менгарвыканкам не даў дазвол на пікетаванне актывістам НБП.

Суд Салігорскага раёна не задаволіў скаргу мясцовага актывіста БХД Уладзіміра Шылы на забарону гарадскімі ўладамі мітынгу, на якім планавалася сфармуляваць “наказы” ўдзельнікам Усенароднага сходу. Барацьбу за сваё права на мірныя сходы Шыла працягне ў Менскім абласным судзе, куды ён ужо накіраваў адпаведную касацыйную скаргу. У скарзе Шыла чарговы раз нагадвае аб узятых на сябе дзяржавай абавязальніцтвах па выкананні патрабаванняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у частцы абароны права на мірныя сходы і свабоднае выказванне свайго меркавання.

Суд Салігорскага раёна палічыў, што адвольна абмяжоўваць права грамадзянаў на мірныя сходы кіраўніцтву выканкама дазваляе артыкул 6 Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Уладзімір Шыла, у сваю чаргу, лічыць, што, у адпаведнасці з гэтым жа артыкулам, чыноўнікі маюць права толькі на змяненне часу, даты і месцы правядзення мірных сходаў, і толькі выключна з мэтай забеспячэння правоў і свабодаў грамадзянаў. Забарона ж мітынгу правы і свабоды абмяжоўвае.

Правядзенне несанкцыянаваных мерапрыемстваў цягне адміністрацыйны пераслед іх удзельнікаў.

Так, суддзя Сяргей Герасімовіч з Барысава наклаў штраф у памеры 40 базавых велічынь (840 рублёў) на старшыню Барысаўскай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і сябра аргкамітэта па стварэнні незалежнага прафсаюзу прадпрымальнікаў «Салідарнасць» Аляксандра Абрамовіча. Агульная сума штрафаў, накладзеных на актывіста, склала 217 базавых велічынь (4 557 рублёў).

У судзе Маскоўскага раёна г. Менска 10 жніўня адбыўся разгляд адміністрацыйных справаў удзельнікаў акцыі салідарнасці са Дзмітрыем Паліенкам, якая адбылася ля сцен следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага 17 ліпеня. Пратаколы правапарушэння па ч. 3 арт. 23.34 КаАП («удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») былі складзеныя на каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, актывістак Наталлю Гарачка, Вольгу Маёраву і Вольгу Нікалайчык.

Наталля Гарачка, Вольга Маёрава і Максім Вінярскі пакараныя штрафам у памеры 50 базавых велічынь кожны.

Суддзя Цэнтральнага раёна г. Менска Таццяна Рак 18 жніўня разгледзела адміністрацыйную справу актывіста Вячаслава Касінерава і вынесла пастанову — штраф у памеры 40 базавых велічынь. На актывіста быў складзены пратакол правапарушэння па ч. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у адным з пікетаў у падтрымку Дзмітрыя Паліенкі, які знаходзіцца пад следствам у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Адміністрацыйную справу актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова за ўдзел у акцыі ў Дзень Незалежнасці 27 ліпеня ў Менску разгледзеў суддзя Першамайскага раёна г. Менска Дзмітрый Цыкал, які вынес пастанову, пакараўшы актывіста штрафам у памеры 40 базавых велічынь.

Вынікам ўкаранення ўладамі практыкі накладання буйных штрафаў на актывістаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях сталі шматлікія прэтэнзіі да іх органаў прымусовага выканання ў сувязі з нявыплатай гэтых штрафаў.

Так, актывіста з Барысава Алеся Абрамовіча апавясцілі аб забароне адчужэння жылля, якое яму належыць. Прычына такога рашэння адна: нявыплата штрафаў па адміністрацыйных пастановах за ўдзел Абрамовіча ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, у прыватнасці ў мітынгах прадпрымальнікаў, якія адбываліся ў траўні і чэрвені ў многіх гарадах Беларусі.

У канцы ліпеня судовыя выканаўцы запатрабавалі ад актывісткі Ніны Багінскай вызваліць садовы домік у кааператыве «Геолаг-СМ» (вёска Дамашаны), які быў арыштаваны ў траўні за-за нявыплаты штрафаў, накладзеных пастановамі судоў. Раней з кватэры актывісткі ў Менску судовыя выканаўцы канфіскавалі мікрахвалевую печ і пральную машыну ў кошт штрафаў за акцыі, а таксама наклалі арышт на дачныя ўчасткі. І вось чарга дайшла да канфіскацыі першага з іх. Аднак аўкцыён у Смалявічах, на якім хацелі прадаць лецішча Ніны Багінскай, не адбыўся, паколькі не знайшлося патэнцыйных пакупнікоў. Стартавая цана была 10 000 рублёў.

У гэты ж дзень каля Смалявіцкага выканкама прайшоў пікет у падтрымку Ніны Багінскай. У ім удзельнічала Ніна Багінская, яна трымала бел-чырвона-белы сцяг. Таксама там была рэжысёрка Вольга Нікалайчык, якая трымала плакат з надпісам “Дача СТ «Геолаг" канфіскавана незаконна. Продажу — не!". На ўдзельнікаў несанкцыянаванай вулічнай акцыі склалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння.

4 жніўня стала вядома аб тым, што накладзеная забарона на адчужэнне жылля актывісткі грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, юрыста Тамары Сяргей.

Як паведаміў сайту Беларускага дакументацыйнага цэнтра адзін з лідэраў руху прадпрымальнікаў і сябра аргкамітэта па стварэнні прафсаюза прадпрымальнікаў «Салідарнасць» Аляксандр Макаеў, 3 жнiўня ў яго адбылася чарговая канфіскацыя маёмасці ў кошт штрафаў за акцыі пратэсту.

Парушэнні права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі

31 ліпеня на тэлеканале Беларусь-1 быў паказаны спецыяльны рэпартаж «Сацыялагічныя апытанні ў Беларусі: праўда ці падробка?». У дадзеным сюжэце сцвярджалася, што НІСЭПД у рэчаіснасці не праводзяць у Беларусі сацапытанні, і, такім чынам, іх даследаванні з'яўляюцца фальсіфікацыяй і ім нельга давяраць. Таксама, у сюжэце сцвярджалася аб магчымасці перадачы матэрыялаў “журналісцкага расследавання” ў праваахоўныя органы. Праз некалькі гадзінаў аналагічныя матэрыялы былі апублікаваныя ў асноўных дзяржаўных СМІ краіны — газеце «Советская Белоруссия» і на сайце інфармагенцтва БЕЛТА.

Да ліпеня 2006 года НІСЭПД узначальваў яго заснавальнік, доктар сацыялагічных навук прафесар Алег Манаеў. У красавіку 2005 года інстытут быў ліквідаваны па рашэнні Вярхоўнага суда Беларусі і пасля зарэгістраваны ў Літве як грамадская ўстанова. У цяперашні час выканаўчым дырэктарам інстытута з'яўляецца доктар філасофіі Альгірдас Дзягуціс.

У выніку ціску на некаторых супрацоўнікаў інстытута, заснавальнік НІСЭПД Алег Манаеў заявіў аб спыненні дзейнасці ў Беларусі.

Праваабарончая супольнасць адназначна звязвае ціск на НІСЭПД парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

Пераслед журналістаў

12 жніўня гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі атрымаў па пошце пратакол, складзены супрацоўнікамі Лоеўскага РАУС. Нагадаем, менавіта ў Лоеве журналіст быў затрыманы міліцыяй з ужываннем фізычнай сілы і потым збіты, але судзілі не міліцыянера, а яго — за хуліганства (артыкул 17.1 КаАП). Тады ж былі складзеныя пратаколы за “незаконны выраб прадукцыі СМІ” і абразу супрацоўнікаў міліцыі. Але тыя пратаколы былі накіраваны на дапрацоўку.

13 жніўня супрацоўнікамі Лоеўскага РУУС у дачыненні да Кастуся Жукоўскага быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 9.29 КаАП — правядзенне даследаванняў і публікацыя вынікаў апытанняў грамадскай думкі, якое адносіцца да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, без акрэдытацыі. Дадзены артыкул прадугледжвае штраф у памеры да 20 велічынь.

20 жніўня вядомая міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch распаўсюдзіла заяву, у якой запатрабавала ад уладаў Беларусі вызваліць туркменскага дысідэнта і журналіста Чары Анамурадава, які месяц таму быў затрыманы ў аэрапорце Менска. Ён утрымліваецца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага пад пагрозай экстрадыцыі ў Туркменістан, дзе можа стаць ахвярай катаванняў у зняволенні.

Беларускія памежнікі арыштавалі туркменскага дысідэнта і журналіста Чары Анамурадава 19 ліпеня 2016 года, калі ён праходзіў пашпартны кантроль у аэрапорце Менска. Ён ляцеў з Швецыі ў Менск у адпачынак са сваёй 16-гадовай дачкой. Сям'я Анамурадава, як паведаміла Human Rights Watch, была затрыманая на працягу чатырох гадзінаў, пасля чаго дачка была вызваленая, а Анамурадаву паведамілі, што ён знаходзіцца пад арыштам. Яго дачка вярнулася ў Швецыю.

Як стала вядома сям'і Анамурадава, беларускія ўлады арыштавалі яго, паколькі ён знаходзіцца ў вышуку ў Туркменістане ў сувязі з крымінальнымі абвінавачваннямі ў махлярстве, вылучанымі ў 2006 годзе.

Катаванні і жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ў рамках маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання працягвае адсочваць абставіны смерці ад сардэчнага захворвання ў ізалятары турэмнай бальніцы Жодзіна жыхара Менска Алега Багданава.

Перакананая ў халатнасці медыцынскага персаналу турмы, маці Алега Марына Багданава звярнулася ў Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медпрацаўнікамі Жодзінскай турмы № 8. Пасля правядзення праверкі, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ёй было адмоўлена. Начальнік Жодзінскага гарадскога аддзела СК М. Кузняцоў паведаміў жанчыне аб тым, што смерць Багданава А. наступіла з прычыны захворвання, якое мелася ў яго, і не носіць “крымінальнага” характару, абумоўленага дзеяннямі трэціх асобаў.

Таксама Марына Багданава накіравала чарговую скаргу ў пракуратуру Менскай вобласці на пастанову следчага Жодзінскага ГАСК, які зноў адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Праверку па факце смерці Алега Багданава праводзіў орган папярэдняга расследавання Жодзінскага ГАСК, які тройчы на працягу гэтага года прымаў рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

4 жніўня, у трэцюю гадавіну смерці ў СІЗА № 1 Ігара Пцічкіна, яго маці паведамілі, што крымінальная справа ў дачыненні да фельчара медчасткі СІЗА А. Крылова перададзеная ў суд.

У траўні 2016 года Жанна Пцічкіна, не пагадзіўшыся з пастановай Следчага камітэта аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, распачатай па факце смерці сына, звярнулася ў Генеральную пракуратуру, якая адмяніла рашэнне СК і прыняла справу да разгляду. Расследаванне завяршылася ў сярэдзіне ліпеня.

Мянчук Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адседкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, аднак сваякі выявілі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў і дамагліся ўзбуджэння крымінальнай справы, якая некалькі разоў прыпынялася.

У Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуўся доктар-педыятр Дзмітрый Серада, які пражывае ў Менску са сваёй жонкай і маленькай дачкой. Ён распавёў праваабаронцам, што 4 жніўня каля 8 раніцы, калі ўся сям'я яшчэ спала, у яго кватэру пачалі ламацца невядомыя ў масках: без званка і тлумачэнняў сталі выбіваць ўваходныя дзверы, а таксама спусціліся з даху і разбілі шкло балконных дзвярэй на кухні.

Мужчына спрабаваў даведацца, што за людзі спрабуюць трапіць у яго кватэру і чаму. Але невядомыя ўварваліся ў кватэру, паклалі Дзмітрыя Сераду тварам у падлогу, заламалі рукі за спіну, надзелі кайданкі.

Яго даставілі ў РУУС Заводскага раёна г. Міеска, у спецаўтатранспарце працягвалі збіваць. Дзмітрыя некалькі гадзінаў пратрымалі ў РУУС, а пасля гэтага даставілі ў Следчы камітэт, дзе быў праведзены допыт затрыманага. Дзмітрыя Сераду падазравалі ў здзяйсненні негвалтоўнага злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі. Пацярпелая не змагла апазнаць ў затрыманым чалавека, які здзейсніў злачынства, а сведка наогул заявіла, што Серада не падобны на злачынцу.

Аднак, мужчыну пакінулі пад вартай на ноч і яшчэ цэлы наступны дзень пратрымалі ў РУУС. За гэты час Дзмітрый Середа ні разу не еў. У сярэдзіне дня ў яго пачаліся вострыя колікі, і супрацоўнікі міліцыі прапанавалі яму парацэтамол (!), але ў рэшце рэшт усё ж такі выклікалі брыгаду хуткай дапамогі. Медыкі палічылі, што сімптомы могуць быць выкліканыя двухдзённым галаданнем, але вострай паталогіі не выявілі.

Адпусцілі яго толькi 5 жніўня. Пасля гэтага Дзмітрый Серада звярнуўся да судмедэкспертаў, якія ўсталявалі ў яго страсенне галаўнога мозгу лёгкай ступені і удар пярэдняй сценкі брушной поласці.

Цяпер мужчына знаходзіцца на бальнічным. Дачку вазілі на абследаванне ў дзіцячы псіхіятрычны дыспансер, дзе псіхолаг усталяваў, што дзяўчынка знаходзіцца ў стрэсе. Таксама Дзмітрый з жонкай плануюць самі звярнуцца за псіхалагічнай дапамогай, бо да гэтага часу знаходзяцца ў стане шоку і стрэсу.

Дзмітрый Серада накіраваў скаргі ва Упраўленне Следчага камітэта, начальніку Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў і пракуратуру, у якіх просіць выявіць і прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія аддалі распараджэнне на штурм яго кватэры і сілавое затрыманне яго ў якасці падазраванага па крымінальнай справе, а таксама тых, хто збіваў яго ў кватэры і ў спецтранспарце пры дастаўцы ў РУУС.

Пракуратура Гомеля адмяніла пастанову гарадскога аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце супрацьпраўных дзеянняў у СІЗА ў дачыненні да Віталя Г., сямнаццацігадовага юнака з прыёмнай сям'і. Яго прыёмная маці Марына К. працяглы час дамагалася, каб следчыя правялі праверку па факце сэксуальнага гвалту ў дачыненні да Віталя, які меў месца ў следчым ізалятары Гомеля ў лютым 2016 года, і распачалі па гэтым факце крымінальную справу.

Адказваючы на скаргу Марыны К., падрыхтаваную з дапамогай праваабаронцаў «Вясны», намеснік пракурора г. Гомеля паведамляе, што матэрыялы справы будуць накіраваныя ў Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэта для арганізацыі дадатковай праверкі.

Гарантыі справядлівага суда

16 жніўня крымінальная справа ў дачыненні да заснавальніка сайта 1863x.com Эдуарда Пальчыса па абвінавачванні ў публікацыі матэрыялаў, якія распальваюць нацыянальную варожасць і ўтрымліваюць парнаграфію (ч. 1 арт. 130 і ч. 2 арт. 343 КК), была перададзеная ў суд.

25 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска была разгледжаная справа аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, і ў выніку суддзя Марына Казлова прызнала 9 артыкулаў, размешчаных на сайце, экстрэмісцкімі.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначыў, што суд праходзіў з парушэннямі міжнародных стандартаў справядлівага суда, а таксама дзеючага нацыянальнага працэсуальнага заканадаўства.

Варта таксама нагадаць, што пасля экстрадыцыі Э. Пальчыса з Расіі ў Беларусь і ўзяцця яго пад варту Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай, у якой запатрабаваў выканання ўсіх працэсуальных гарантый затрыманага, у тым ліку правы на абарону, а таксама забяспячэння належных ўмоваў утрымання і абыходжання, якія б не з'яўляліся жорсткімі, бесчалавечнымі або зневажальнымі для годнасць, адпавядалі міжнародным стандартам утрымання зняволеных.

Таксама, праваабаронцы настойваюць на неабходнасці правядзення незалежнага аналізу тэкстаў Э. Пальчыса і не выключаюць палітычнага матыву яго крымінальнага пераследу.

Смяротнае пакаранне

Камітэт па правах чалавека ААН 3 жніўня пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Сяргея Хмялеўскага, які быў прысуджаны да смяротнага пакарання 15 лютага ў Беларусі.

Як паведаміў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда, зварот Сяргея Хмялеўскага быў разгледжаны і зарэгістраваны пад № 2792/2016. Раней да разгляду быў прыняты зварот другога асуджанага на смерць — Генадзя Якавіцкага.

У адказ на зварот Камітэт па правах чалавека ААН просіць беларускія ўлады адкласці расстрэл Сяргея Хмялеўскага, пакуль яго справа знаходзіцца на разглядзе Камітэта. Таксама КПЧ адправіў копію паведамлення аб рэгістрацыі звароту дзяржаве-ўдзельніцы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з просьбай паведаміць на працягу шасці месяцаў любую інфармацыю або назіранні ў дачыненні як пытанняў прымальнасці, так і пытанняў па сутнасці яго паведамлення.

Нагадаем, Менскі абласны суд вынес смяротны прысуд 31-гадоваму жыхару пасёлка Мачулішчы Сяргею Хмялеўскаму за жорсткае забойства дзвюх і больш асобаў. Гэты прысуд быў вынесены пасля перагляду крымінальнай справы, па якой раней Хмялеўскі быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення.

6 траўня гэтага года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела апеляцыйную скаргу і пакінула прысуд без зменаў.

Міжнародная арганізацыя Amnesty International выступіла ў абарону Сяргея Хмялеўскага і распаўсюдзіла тэрміновы зварот да прэзідэнта Лукашэнкі з заклікам спыніць смяротнае пакаранне ў Беларусі.

Нядаўна ў Камітэт па правах чалавека была накіраваная скарга Тамары Сялюн, маці асуджанага да смяротнага пакарання Паўла Селюна. Калі адвакат пайшла наведваць яе сына ў СІЗА № 1, дзе ён чакаў выканання пакарання ў выглядзе расстрэлу, ёй паведамілі, што ён “выбыў па прысудзе”. Пры гэтым маці пра лёс яе дзіцяці ніхто не інфармаваў, фактычна на працягу месяца яна знаходзілася ў поўным няведанні пра яго лёс.

Пасля неаднаразовых зваротаў у Міністэрства ўнутраных справаў, Дэпартамэнт выканання пакаранняў, Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь з просьбамі паведаміць пра лёс сына, вярнуць яго асабістыя рэчы, паказаць месца пахавання альбо вярнуць яго цела для пахавання ў адпаведнасці з традыцыямі сям'і, Тамара Сялюн атрымала адказ з Гродзенскага абласнога суда, у якім ёй было паведамлена, што прысуд у дачыненні да яе сына прыведзены ў выкананне і што цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца. Пры гэтым, з турмы Тамары Сялюн паштовай пасылкай была накіраваная казённая спецвопратка з адзнакай «ИМН» — выключная мера пакарання, у якой яе сын правёў больш за год знаходжання ў «калідоры смерці», і ў якой яна яго неаднаразова, у тым ліку і ў апошні раз жывым, бачыла падчас асабістых спатканняў. Убачыўшы дадзеныя рэчы, Тамара Сялюн атрымала моцны псіхалагічны стрэс, яна пасекла гэтае адзенне (штаны, куртку, шапачку і чаравікі) сякерай і спаліла паблізу свайго дома. Да гэтага часу, яна ўсё роўна знаходзіцца пад моцным псіхалагічным уражаннем і сцвярджае, што ўспаміны аб дадзенай сітуацыі прыносяць ёй моцныя псіхалагічныя пакуты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства