viasna on patreon

Скарга Рыгора Кастусёва на кандыдата – памочніка прэзідэнта будзе разгледжана сёння

2016 2016-08-23T12:48:50+0300 2016-08-23T12:50:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gobarau-lukashenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кандыдат у дэпутаты Дзмітрый Гобараў -- справа ад А. Лукашэнкі. Падчас працоўнага візіту кіраўніка краіны па Брэсцкай вобласці. Фота varjag.net

Кандыдат у дэпутаты Дзмітрый Гобараў -- справа ад А. Лукашэнкі. Падчас працоўнага візіту кіраўніка краіны па Брэсцкай вобласці. Фота varjag.net

Раніцай 23 жніўня кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 Рыгору Кастусёву патэлефанаваў старшыня акруговай камісіі Аляксандр Гурынаў. Ён паведаміў кандыдату, што сёння ў 14-00 адбудзецца пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі, на якім будзе разгледжана заява Кастусёва аб парушэнні выбарчага заканадаўства кандыдатам у дэпутаты, памочнікам прэзідэнта Дзмітрыем Гобаравым.

Рыгор Кастусёў выказаў старшыні акруговай камісіі сваё абурэнне тым фактам, што пасяджэнне камісіі прызначана на нязручны для ўсіх кандыдатаў у дэпутаты час. На 15-00 23 жніўня ў іх запланаваны запіс выступаў на абласным “Радыё Магілёў” у Магілёве, таму яны проста фізічна не змогуць прысутнічаць на пасяджэнні камісіі ў 14-00 у Шклове.

Аляксандр Гурынаў адказаў Кастусёву, рашэнне аб часе пасяджэння камісіі прынятае, і нічога змяняцца не будзе. Таксама старшыня камісіі паведаміў кандыдату, што тэкст яго скаргі аб парушэнні выбарчага заканадаўства кандыдатам у дэпутаты Дзмітрыем Гобаравым у акруговую камісію Шклоўскай выбарчай акругі №90 даслалі з ЦВК па факсу толькі вечарам 22 жніўня.

Па словах Рыгора Кастусёва, ён не будзе адмяняць запіс свайго выступу на “Радыё Магілёў”, таму на пасяджэнні акруговай камісіі яго інтарэсы будзе прадстаўляць хтосьці з яго давераных асоб.

Нагадаем, што 22 жніўня старшыня акруговай камісіі Аляксандр Гурынаў запэўніў давераную асобу кандыдата ў дэпутаты Рыгора Кастусёва Дзмітрыя Антончыка, што ніякіх лістоў з ЦВК адносна скаргі Кастусёва ў акруговую камісію не паступала.

Таму ў другой палове дня 22 жніўня Рыгор Кастусёў накіраваў паўторны зварот на імя Лідзіі Ярмошынай у Цэнтральную выбарчую камісію. Таксама палітык звярнуўся з адпаведнай заявай аб парушэнні выбарчага заканадаўства ў Генеральную пракуратуру.

Рыгор Кастусёў патрабуе разгледзець факты парушэнняў выбарчага заканадаўства іншым кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90, памочнікам прэзідэнта Дзмітрыем Гобаравым, і прыняць рашэнне аб адмене рэгістрацыі Гобарава ў якасці кандыдата ў сувязі з грубейшым парушэннем ім выбарчага заканадаўства.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства