Працягваюцца суды за акцыю ў Дзень незалежнасці Дапоўнена
Адміністрацыйную справу актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Леаніда Кулакова за ўдзел у акцыі на Дзень Незалежнасці 27 ліпеня ў Мінску разгледзеў сёння суд Першамайскага раёна Мінска. Пратакол быў складзены па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Суддзя Дзмітрый Цыкал вынес пастанову пакараць актывіста штрафам у памеры 40 базавых велічынь.
Па інфармацыі gazetaby.com сёння таксама былі аштрафаваныя гэтым жа судом на 30 і 40 базавых велічынь двое мінчукоў.
Суд Фрунзенскага раёна вынес пастанову аб пакаранні штрафам яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі на плошчы Незалежнасці - Арцёма Бабоўнікава. Пратакол быў складзены па ч.1 арт. 23.34 КаАП. Штраф - 4 базывыя велічыні.
27 ліпеня на плошчы Незалежнасці ў цэнтры Мінскf грамадскае абʼяднанне «Малады фронт» правяло акцыю, прысвечаную 26-й гадавіне прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі.
За акцыяй назіралі шматлікія працаўнікі праваахоўных органаў у цывільным на чале з намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму Максімам Грышчанкам.
Акцыя доўжылася амаль 1,5 гадзіны. Мінакам таксама былі раздадзеныя бел-чырвона-белыя стужкі.
Затрыманняў удзельнікаў падчас акцыі не было, але міліцыянты адразу ж пачалі складаць пратаколы на актывістаў, чые прозвішчы ведалі.