viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: У «выбарах» удзельнічаюць партыі-фантомы

2016 2016-08-17T11:15:48+0300 2016-08-17T11:35:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-svabodaorg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч, "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Фота: svaboda.org

Валянцін Стэфановіч, "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Фота: svaboda.org

 Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

- На будучых «выбарах» у «палатку» галасы беларусаў будуць лічыць людзі з партый-фантомаў. Нядаўна журналіст прайшоўся па юрыдычных адрасах такіх аб'яднанняў, як «Беларуская аграрная партыя», «Партыя працы і справядлівасці» і «Сацыяльна-спартовая партыя» і выявіў, што пра многіх з партый інфармацыі няма наогул, а некаторыя і зусім не ўдалося знайсці па ўказаных адрасах.

- У мяне даўно была такая ідэя - папрасіць журналістаў адшукаць іх офісы. Ёсць, да прыкладу, такая цудоўная партыя, якая называецца сацыяльна-спартовай. Мы за яе актыўнасцю даўно сочым. І заўважылі такую рэч, што ў час «выбараў» яна актыўна вылучаецца ў склад выбарчых камісій, а саміх кандыдатаў у дэпутаты яна вылучае вельмі мала. Падчас сёлетніх «парламенцкіх выбараў» яны не вылучылі наогул нікога. Атрымліваецца дзіўная сітуацыя: партыя фактычна не ўдзельнічае ў выбарах, але ў менскія камісіі вылучыла 660 чалавек! З іх 639 былі ўключаныя ў гэтыя камісіі.

Доля ўсіх палітычных партый у камісіях мізэрная. Гэта адлюстроўвае палітычную сістэму Беларусі, калі асноўнымі арганізатарамі «выбараў» выступаюць грамадскія арганізацыі, якія не могуць вылучаць кандыдатаў паводле закону, а не палітычныя партыі, якія павінны быць асноўнымі суб'ектамі выбарчага працэсу.

У нас традыцыйна пяцёрка прадзяржаўных арганізацый з'яўляецца асноўнымі арганізатарамі «выбараў». Я маю на ўвазе БРСМ, «Белую Русь», КПБ, Беларускі саюз жанчын і Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў. Атрымліваецца такі вось селекцыйны выбарчы падыход.

Калі б офісы апазіцыйных партый складана было знайсці, яны не знаходзіліся па месцы іх рэгістрацыі, то ім бы даўно ўжо вынеслі папярэджанні або ліквідавалі. Я памятаю выпадкі, калі ліквідавалі партыі, але на гэта ўсе заплюшчваюць вочы, бо патрэбныя такія вось партыі-арганізатары «выбараў». Ад апазіцыйных партый у выбарчыя камісіі ўвайшло толькі дзесяць адсоткаў ад вылучаных прадстаўнікоў, а ад дзяржаўных прыблізна 89. Гэта значыць, бачны абсалютна селекцыйны і дыскрымінацыйны падыход. Я не думаю, што прадстаўнікі прадзяржаўных партый значна лепш ведаюць выбарчае заканадаўства, чым прадстаўнікі апазіцыйных.

- Вы адзначылі, што сітуацыя з партыямі-фантомамі супярэчыць закону.

- Гэтая сітуацыя ненармальная тым, што патрабаванні закона аб палітычных партыях аднолькавыя для ўсіх. Навідавоку парушэнні. Як такое можа быць, што партыю немагчыма знайсці па месцы яе юрыдычнага адрасу? Гэта з'яўляецца парушэннем заканадаўства, і рэгістрацыйны орган павінен на гэта неяк рэагаваць. Таму што, паўтаруся, апазіцыйным партыям адразу ж выносяць папярэджанні, а дзве партыі і зусім былі ліквідаваныя.

Калі гэтыя партыі немагчыма знайсці па іх юрыдычных адрасах, то страшна ўявіць, што дзеецца ў іх рэгіянальных структурах. Такія факты кажуць пра тое, што рэгістрацыйнаму органу трэба было б звярнуць пільную ўвагу і паглядзець, што там робіцца, ці вядзецца адпаведная дакументацыя, што гэта за партыі і гэтак далей.

Я, напрыклад, пра многія партыі і не чуў ніколі. Лідзія Ярмошына сцвярджае, што яны адбіраюць самых найлепшых прадстаўнікоў у камісіі. Я жыву ў гэтай краіне з нараджэння, актыўнай грамадзянскай дзейнасцю займаюся дваццаты год, але я ніколі не чуў пра некаторыя партыі, пра іх палітычную платформу, не магу назваць ніводнага іх прадстаўніка, аднак яны прадстаўленыя ў камісіях.

- Прадстаўнікі АБСЕ ў курсе гэтай сітуацыі?

- Мы гэта паказваем у сваіх справаздачах. Традыцыйна ўлічваем і паказваем дыскрымінаваны падыход пры фармаванні ўчастковых камісій. Мы ўсё гэта адлюстравалі ў графіках, усё гэта наглядна відаць, таму АБСЕ, вядома, у курсе, яны нашыя справаздачы чытаюць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства