viasna on patreon

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” агучылі высновы па першай палове выбарчай кампаніі Відэа

2016 2016-08-15T15:17:19+0300 2016-08-15T17:01:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/labcovich_gulak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
"Праваабаронцы за свабодныя выбары": Уладзь Лабковіч і Алег Гулак

"Праваабаронцы за свабодныя выбары": Уладзь Лабковіч і Алег Гулак

Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” падвялі вынікі першай паловы назірання за выбарчай кампаніяй у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Падчас прэс-канферэнцыі 15 жніўня адзін з каардынатараў Уладзімір Лабковіч адзначыў, што выбары пачыналіся на фоне зменаў, замацаваных пастановамі ЦВК, прынятымі па выніках працы міжведамаснай экспертнай групы па імплементацыі рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, якія павінны былі змяніць практыку прымянення выбарчага заканадаўства, што неаднаразова крытыкавалася палітычнымі партыямі, нацыянальнымі і міжнароднымі назіральнікамі.

У першую чаргу такія змены тычыліся фарміравання выбарчых камісій і падліку галасоў.

“І тут трэба адзначыць, што з-за ўнесеных зменаў на паседжаннях пры фарміраванні камісій маглі прысутнічаць назіральнікі. Што надае больш празрыстасці гэтай працэдуры. Аднак, абмеркаванні так званых палітычных якасцеў патэнцыйных кандыдатур, прапісаных у Пастанове ЦВК, прывялі да таго, што паседжанні органаў па стварэнні камісій сталі даўжэйшымі, але характар абмеркаванняў застаўся фармальным, як і раней.

Доля прадстаўнікоў палітычных партый агулам застаецца вельмі малой, што кажа пра тое, што інстытут палітычных партый у Беларусі знаходзіцца ў дэградаваным стане. У той жа час, грамадскія аб’яднанні прадстаўленыя ў акруговых камісіях 54%, з якіх пераважную большасць складаюць прадстаўнікі пяці праўладных арганізацый: “Белай Русі”, БРСМ, Федэрацыі прафсаюзаў, “Беларускага саюз жанчын” і “Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў”. Гэтыя арганізацыі з’яўляюцца асноваўтваральнымі інстытуцыямі, якія фармуюць выбарчыя камісіі”, - падкрэсліў Уладзімір Лабковіч.

Праваабаронцы лічаць, што фармальныя змены мелі за мэту вымалеваць нейкую карціну пазітыўных зменаў перад прыездам міжнародных назіральнікаў, але насамрэч жорсткі адміністрацыйны кантроль за выбарчымі камісіямі застаўся на тым жа ўзроўні.

Уладзімір Лабковіч нагадаў, што выбары адбываюцца на фоне наяўнасці ў краіне палітычных вязняў, у ліку якіх Уладзімір Кондрусь, што зараз знаходзіцца пад следствам за ўдзел у акцыі пратэсту пасля выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года. Гэта ў тым ліку падмацоўвае атмасферу ціску, рэпрэсіяў на ўдзельнікаў выбарчай кампаніі.

Яшчэ адзін з каардынатараў кампаніі Алег Гулак нагадаў, што не так даўно з-за ціску з боку ўладаў НІСЭПД абвясціў пра сканчэнне сваіх палітычных і сацыялагічных даследаванняў у Беларусі, а гэта ў сваю чаргу будзе ўплываць і на высновы праваабаронцаў наконт яўкі, парушэннях падчас датэрміновага галасавання, а таксама падтрымкі тых ці іншых кандыдатаў.

Акрамя таго, праваабаронца расказаў, што на 49 са 110 выбарчых акругах адбывалася назіранне за рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты, а таксама ацэньвалі выніковыя лічбы, якія прадастаўляліся ЦВК.

“Працэс вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў прайшоў без істотных адрозненняў ад мінулых парламенцкіх кампаній. Станоўным момантам можна адзначыць, што збор подпісаў адбываўся ў спакойнай абстаноўцы, значных перашкодаў для ініцыятыўных груп не было. Асобныя моманты і інцыдэнты звычайна вырашаліся пасля скаргаў. Тым не менш адзначаныя выпадкі выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу пры зборы подпісаў: як і раней адбывалася мабілізацыя падначаленых структур, кшталту школаў, прадпрыемстваў, якія былі занараджаныя на збор подпісаў за праўладных кандыдатаў”, - падкрэсліў Алег Гулак.

Праваабаронца адзначыў, што было больш празрыстасці падчас праверкі сабраных подпісаў аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты ў параўнанні з мінулым вопытам: 27% назіральнікаў змаглі бачыць пэўныя часткі праверкі сапраўднасці такіх подпісаў, раней гэта былі адзінкавыя выпадкі. Аднак, па-ранейшаму, у праваабаронцаў няма ўпэўненасці, што рабілася выпадковая выбарка падпісных лістоў для праверкі.

“Па выніках рэгістрацыі можна сказаць, што была большая актыўнасць па вылучэнні з боку саміх кандыдатаў. Калі ў 2008 годзе вылучалася толькі 365 кандыдатаў, у 2012 годзе – 464 кандыдаты, то зараз – 630 кандыдатаў. Пры большай актыўнасці пры вылучэнні мы адзначаем і меншы ўзровень адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў. Так, у 2008 было 23% адмоваў, у 2012 – амаль 25%, а ў гэтай кампаніі толькі 14,8% адмоваў”, - распавёў Алег Гулак.

Праваабаронцы адзначаюць, што на дадзеным этапе не прыходзіцца казаць, што да апазіцыйных кандыдатаў было відавочнае дыскрымінацыйнае стаўленне, што камусьці з кандыдатаў відавочна незаконна адмовілі ў рэгістрацыі. Аднак, зараз ідзе працэс абскарджання нерэгістрацыі, і канчатковыя высновы будуць зробленыя праваабаронцамі пазней.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства