Шэраг ператрусаў прайшоў у актывістаў Гродна

2016 2016-07-29T12:28:23+0300 2016-07-29T12:28:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/peratrusy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На пошту ПЦ "Вясна" прыйшло паведамленне аб шэрагу ператрусаў, якія прайшлі ў актывістаў 26 і 27 ліпеня ў Гродна. Як паведаміла крыніца, на дадзены момант вядома пра ператрусы ў шасці чалавек.

У ходзе аднаго з іх быў затрыманы малады чалавек, якога падазраюць у нанясенні надпісу і апаганьванні манумента каля пракуратуры горада. Каля 11 раніцы шэсць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў ўламіліся ў кватэру. На просьбу прадставіцца адказаў толькі адзін супрацоўнік, але настолькі хутка, што ніхто з жыхароў не змог разабраць яго дадзеныя.

Ператрус праводзіўся з шэрагам парушэнняў: затрыманаму ня назвалі прычыну «візіту», не прад'явілі ніякіх дакументаў, на падставе якіх праводзяцца аператыўныя дзеянні, адмовілі ў просьбе звязацца з адвакатам, забралі тэлефон і не давалі падняць трубку, калі маладому чалавеку тэлефанавалі.

Падчас ператрусу канфіскавалі усякага роду літаратуру, фота-/відэакамеры, флэшкі, камп'ютарную тэхніку, некаторую вопратку затрыманага. Акрамя таго, забралі ноўтбук, фотакамеру маці хлопца. Таксама быў канфіскаваны пнеўматычны пісталет і рыбацкі нож, хоць на іх былі прад'яўленыя дакументы, якія пацвярджаюць, што дадзеныя прадметы не з'яўляюцца зброяй.

Пазней затрыманага адвезлі на допыт, які доўжыўся шэсць з паловай гадзін. Па чарзе хлопца дапытвалі чатыры супрацоўнікі, цікавіліся антыфашысцкімі, анархічнымі і экалагічнымі рухамі, пыталіся, хто ў іх удзельнічае. Пасля таго, як малады чалавек адмовіўся даваць якія-небудзь тлумачэнні і што-небудзь падпісваць, яго павезлі на медыцынскі агляд, палічыўшы, што ён можа знаходзіцца ў алкагольным або наркатычным ап'яненні.

Пасля гэтага затрыманага адпусцілі без складання пратаколаў, але папярэдзілі, што ён абавязаны з'яўляцца на допыты па званку на тэлефон яго маці, так як яго асабісты тэлефон быў канфіскаваны.

Да двух з шасці хлопцаў ламіліся ў кватэры, у якіх яны не пражываюць. Дзесьці ператрусы прайшлі з панятымі, а дзесьці - з панятымі-невідзімкамі.

Праваабаронца Наста Лойка лічыць, што дзеянні супрацоўнікаў ОУС носяць "заказны" характар:

«Адной з прыкмет "лібералізацыі" у Беларусі з'яўляецца ціск на розныя нефармальныя групы. Для гэтага выкарыстоўваецца ўвесь арсенал незаконных дзеянняў з боку супрацоўнікаў міліцыі: адвольныя падазрэнні ў розных крымінальных справах, ціск на родных, працэсуальныя парушэнні ў ходзе аператыўных дзеянняў і абавязковая канфіскацыя носьбітаў інфармацыі. Вядома, такія парушэнні часта бываюць і пры звычайных крымінальных справах, але занадта грубая манера і пытанні не па сутнасці справы, а пра асобныя рухі, наводзіць на думку аб «заказным» характары ператрусаў і затрыманняў, не звязаных з рэальнымі парушэннямі грамадскага парадку. Такімі метадамі часта працуюць супрацоўнікі ГУБАЗ для ціску на маладых людзей з мэтай спынення іх грамадскай актыўнасці».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства