viasna on patreon

Ірына Красоўская, жонка зьніклага ў 1999 годзе Анатоля Красоўскага, сустрэлася ў Вашынгтоне з намесьнікам дзяржсакратара ЗША Рычардам Армітажам, а таксама з іншымі прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту (паводле Радыё Свабода).

2003 2003-11-21T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 лістапада Ірына Красоўская таксама выступіла ў прэсавым цэнтры Вашынгтонскага бюро Радыё Свабода перад прадстаўнікамі недзяржаўных дасьледчых і праваахоўных арганізацыяў.

Перш за ўсё трэба падкрэсьліць вельмі высокі ўзровень сустрэчаў Ірыны Красоўскай у Дзярждэпартамэнце, асабліва з намесьнікам дзяржсакратара ЗША Рычардам Армітажам. Сярод іншых адказных асобаў міжнароднага ведамства ЗША, Ірына Красоўская сустрэлася з кіраўнікамі бюро Эўрапейскіх і эўразійскіх справаў Пфайфэрам і Тапліным і з памочнікам сакратара па глябальных дачыненьнях Полай Дабрыянскай.

Мэтай сустрэчаў Ірыны Красоўскай было нагадаць ураду ЗША пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі і нагадаць беларускаму ўраду, што ЗША і надалей будуць пільна сачыць за зьнікненьнямі апазыцыянэраў ды іншымі парушэньнямі правоў чалавека.

Падчас усіх гэтых сустрэчаў Ірына Красоўская таксама ўздымала пытаньне хутчэйшага прыняцьця Кангрэсам ЗША “Акту пра дэмакратыю ў Беларусі”. Як паведаміла прэсавая служба Дзяржаўнага дэпартамэнту, у гутарцы з Рычардам Армітажам Ірына Красоўская прасіла ЗША працягваць дапамогу недзяржаўным дэмакратычным сілам ў Беларусі і ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі ў справе правядзеньня рэформаў і незалежнага расьследаваньня па зьнікненьні яе мужа.

Намесьнік Дзяржсакратара паабяцаў поўную падтрымку руху за правы чалавека ў Беларусі і падкрэсьліў, што ЗША намераныя і надалей патрабаваць ад рэжыму Лукашэнкі поўнай адказнасьці за зьнікненьні апазыцыйных дзеячоў і рэпрэсіі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства