viasna on patreon

Назіральнік: на ААТ “Крычаўцаменташыфер” кіраўніцтва працягвае збор подпісаў за праўладнага кандыдата

2016 2016-07-21T17:17:13+0300 2016-07-21T17:18:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zbor-podpisau-listy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На ААТ “Крычаўцаменташыфер” кіраўніцтва прадпрыемства заклікае працаўнікоў прадпрыемства падтрымаць вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў старшыню Крычаўскага райсавета Таццяну Марачкову і збірае подпісы за яе ў працоўны час.

Па словах назіральніка ад БХК у акруговай выбарчай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 Сяргея Няроўнага, адпаведную інфармацыю яму паведамілі працаўнікі прадпрыемства.

Рабочыя сцвярджаюць, што 19 ліпеня намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Крычаўцаменташыфер” па ідэалогічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях Жана Кустрэй у працоўны час хадзіла па цахах прадпрыемства і заклікала падпісвацца за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты крычаўскай чыноўніцы Таццяны Марачковай. Больш за тое, ідэолаг “Крычаўцаменташыфера” пакінула ў цэхах падпісныя лісты, каб людзі запісалі свае пашпартныя дадзеныя і паставілі свае подпісы.

Назіральнік кажа, што да яго таксама паступіла інфармацыя аб тым, што нібыта адміністрацыя прадпрыемства “цісне” на майстра ААТ “Крычаўцаменташыфер” Юрыя Строцкага, які зарэгістраваў ініцыятыўныю групу па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе №83. З прэтэндэнтам у кандыдаты правяло гутарку кіраўніцтва “Крычаўцаменташыфера”, падчас якой Юрыю Строцкаму настойліва “раілі” адмовіцца ад вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Як кажуць работнікі прадпрыемства, прэтэндэнту ў кандыдаты намякалі на тое, што ў адваротным выпадку ў яго могуць узнікнуць праблемы на працы.

Нагадаем, што раней Сяргей Няроўны звяртаўся ў акруговую выбарчую камісію з просьбай праверыць інфармацыю аб тым, што ў ААТ “Крычаўцаменташыфер” подпісы за праўладных кандыдатаў збіраюць у працоўны час.

Намеснік старшыні камісіі, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаіл Мяшкура адказаў назіральніку, што “факты не зусім пацвердзіліся”, бо подпісы ў падтрымку кандыдата на ААТ “Крычаўцаменташыфер” сапраўды збіраліся, але нібыта не ў працоўны час і нібыта не на працоўных месцах, работнікі прадпрыемства ўсё не так зразумелі.

Сяргей Няроўны лічыць, што, дзякуючы таму, што акруговая камісія Крычаўскай выбарчай акругі №83 “не заўважае” парушэнняў пры зборы подпісаў за праўладнага кандыдата, гэтыя парушэнні на ААТ “Крычаўцаменташыфер” працягваюцца. На прадпрыемстве працягваюць збіраць подпісы ў працоўны час за праўладнага прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты, старшыню Крычаўскага райсавета Таццяну Марачкову.

Усяго ў Крычаўскай выбарчай акрузе №83 зарэгістравана 6 ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў: следчага Магілёўскага межрайаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Паўла Зініна, геолага “НДІ Белгіпрапалгаз” Генадзя Сугакова, майстра ААТ “Крычаўцаменташыфер” Юрыя Строцкага, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Чэрыкаўскага раёна Людмілы Шматавай, старшыні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў, члена КПБ Таццяны Марачковай і сябра аргкамітэта па стварэнню партыі БХД з Магілёўскага раёна Таццяны Шамбалавай.

Чакаецца, што на з’ездзе Партыі БНФ 23 ліпеня ў якасці кандыдатаў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 ад ПБНФ будзе вылучаны хоцімскі актывіст Валерый Каранкевіч.

Аб сваім намеры вылучыць кандыдатаў па ўсіх 110 выбарчых акругах заявіла ЛДПБ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства