viasna on patreon

Праваабаронцы “Вясны” дзеляцца ўспамінамі пра Паўла Шарамета (фота)

2016 2016-07-20T16:08:12+0300 2016-07-20T19:06:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharamiethrd-vilnia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Шарамет з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі. Вільня, студзень 2016

Павел Шарамет з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі. Вільня, студзень 2016

Апошні раз прадстаўнікі Праваабарончага цэнтра “Вясна” бачыліся з журналістам Паўлам Шараметам напачатку бягучага года ў Вільні, падчас сустрэчы беларускіх і міжнародных праваабаронцаў.  

У дзень трагічнай гібелі Паўла Шарамета гэтую сустрэчу ўзгадваюць сябра “Вясны” і прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Таццяна Рэвяка і кіраўнік “Вясны” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі.

Таццяна Рэвяка: Дзе б Павел ні працаваў, Беларусь ніколі не сыходзіла з поля яго інтарэсу

“Дзе б Павел ні працаваў, Беларусь ніколі не сыходзіла з яго інтарэсу. Усе самыя значныя падзеі адлюстраваны ў ягоных выказваннях, разважаннях і тэкстах. У студзені гэтага года Павел Шарамет прыйшоў на сустрэчу спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харасці з беларускімі праваабаронцамі, якая адбывалася ў Вільні ў Беларускім доме правоў чалавека. Абмяркоўвалі бягучую сітуацыю, змены, якія адбываюцца ў Беларусі, перспектывы. Павел быў, як заўсёды, іранічны і адначасова аптымістычны, з неверагодным пачуццём гумару і глыбокімі ацэнкамі. З планамі, надзеямі і верай у будучыню. Сёння яго не стала”, - словы Таццяны Рэвяка прыводзяцца ў заяве Беларускага Дома правоў чалавека, які рашуча асуджае забойства журналіста.

“Забойства вядомага беларускага журналіста Паўла Шарамета, якое адбылося ў Кіеве зранку 20 ліпеня – гэта не проста навіновая маланка. Гэта маланка, якая б’е толькі па высокім дрэве. Такім высокім быў Павел, дзе б ён ні працаваў – у Беларусі, Расіі ці Украіне. Ягоная чалавечая і прафесійная прынцыповасць, бескампраміснасць і аўтарытэт – прычыны, па якіх ён апынуўся ў беларускай турме, ішоў цяжкім шляхам адстойвання свабоды слова ў Расіі, пакінуў яркі след ва ўкраінскай журналістыцы”, - заявіла праваабаронца.

Алесь Бяляцкі: Турма, а часам і смерць ходзяць за журналістамі і праваабаронцамі след у след

Пра віленскую сустрэчу з Паўлам Шараметам і ранейшую варшаўскую Алесь Бяляцкі напісаў сёння ў сваім акаўнце ў Facebook.

У студзені гэтага году сустракаліся з Паўлам Шараметам у Вільні. Ён прыйшоў у Дом правоў чалавека, запісаў інтэрвью для Беларускага Партызану, а затым увечары пасядзеў разам з намі ў кампаніі беларускіх праваабаронцаў. Павел быў у добрым настроі, сьмяяўся, жартаваў, быў у цэнтры ўвагі, хаця ўрэшце непазьбежна зьбіўся на тую гісторыю шаснаццацігадовай даўніны. 7 ліпеня 2000 году сябра і калега Паўла Шарамета тэлеаператар Дзіма Завадзкі, зь якім яны разам пасядзелі ў лукашэнкаўскай турме, прыехаў сустракаць Паўла ў аэрапорт, адкуль быў скрадзены і забіты. Мне падаецца, згадваючы гэтую трагедыю, Павел Шарамет і дасюль яшчэ адчуваў нейкую сваю віну ў тым што зрабілася тады, хаця ў чым ён быў вінаваты. І вось праз 16 гадоў трагічна спынілася жыцьцё Паўла.

Не памылюся калі скажу, што з грамадзкіх заняткаў-прафесіяў дзьве зьяўляюцца найбольш рызыкоўнымі. Гэта журналісты і праваабаронцы. Вельмі часта мы займаемся адным і тым жа і наступаем на балючыя мазалі ўладным сілам і тыя не даруюць гэта. І які б ты таленавіты і вядомы ня быў, турма, а часам і сьмерць ходзіць за журналістамі і праваабаронцамі сьлед у сьлед. Забіваюць найбольш яркіх: Анна Палиткоўская, Натальля Эсьцімірава, Георгі Гангадзэ. І вось у гэтым шэрагу стаў Павел Шарамет, які марыў урэшце калі-небудзь вярнуцца жыць і працаваць у незалежную дэмакратычную Беларусь.

Гэтае інтэрвью са мной ён зьбіраўся запісаць яшчэ ў 2015 годзе ў Варшаве, дзе мы таксама сустракаліся зь ім на адной з канферэнцыяў, але тады не атрымалася дзеля браку часу, затое застаўся на памяць пра тую сустрэчу фатаздымак.

Ales Bialiatski

Алесь Бяляцкі і Павел Шарамет. Варшава, жнівень 2015. Фота з архіва Алеся Бяляцкага

Алесь Бяляцкі і Павел Шарамет сустрэліся на імпрэзе з нагоды пасмяротнага ўшанавання расійскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова прэміяй Леха Валенсы. Варшава, жнівень 2015. Фота з архіва Алеся Бяляцкага

Адам Міхнік, Станіслаў Шушкевіч і Павел Шарамет (на заднім плане). Варшава, жнівень 2015. Фота з архіва Алеся Бяляцкага

Рэдактар польскага выдання Gazeta Wyborcza Адам Міхнік і беларускі палітык Станіслаў Шушкевіч, да якіх накіроўваецца Павел Шарамет. Варшава, жнівень 2015. Фота з архіва Алеся Бяляцкага

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства