viasna on patreon

Міжнародныя праваабаронцы апасаюцца за жыццё вязня сумлення Азімжана Аскарава

2016 2016-07-14T17:00:33+0300 2016-07-14T17:14:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-pomeon-stefanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі, Аляксандра Памeён і Валянцін Стэфановіч у "Вясне"

Алесь Бяляцкі, Аляксандра Памeён і Валянцін Стэфановіч у "Вясне"

Эксперты заяўляюць пра дрэнны стан здароўя праваабаронцы, асуджанага на пажыццёвы тэрмін, і выказваюць апасенні з нагоды яго далейшага зняволення насуперак патрабаванню Камітэта па правах чалавека ААН.

11 і 12 ліпеня ў Бішкеку Вярхоўны суд Кыргызстана разгледзеў скаргу, пададзеную адвакатамі Азімжана Аскарава ў адпаведнасці з артыкулам 41.2 Канстытуцыі, якая абавязвае Кыргызстан аднавіць парушаныя правы ў тым выпадку, калі міжнародныя арганізацыі пацвердзілі іх парушэнне. Вярхоўны суд прыняў рашэнне накіраваць справу праваабаронцы на паўторны разгляд у Чуйскі абласны суд у Бішкеку і пакінуў прысуд аб пажыццёвым зняволенні без зменаў.

Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў выказала шкадаванне з нагоды такога рашэння Вярхоўнага суда Кыргызстана і заклікала ўлады краіны неадкладна вызваліць праваабаронцу, выканаўшы патрабаванні КПЧ. "Азімжан Аскараў застаецца за кратамі, што з'яўляецца парушэннем рашэння КПЧ, які 21 красавіка прыйшоў да высновы, што "Кыргызстан павінен зрабіць адпаведныя крокі, каб неадкладна вызваліць яго", - гаворыцца ў заяве Абсерваторыі, распаўсюджанай 13 ліпеня.

У гэты дзень Праваабарончы цэнтр "Вясна" наведала дырэктар Абсерваторыі Аляксандра Памeён. У абмеркаванні справы Аскарава яна назвала рашэнне вышэйшага судовага органа Кыргызстана "фасадным прыняццем пад увагу рашэння Камітэта па правах чалавека ААН з мэтай даставіць задавальненне міжнароднай супольнасці".

"Ствараецца ўражанне, што ўлады Кыргызстана спрабуюць выйграць час. Гэтымі днямі з візітам у краіне знаходзіцца канцлер Нямеччыны Ангела Меркель. І, відавочна, што яны фармальна адкрылі гэта дасье, але не зробяць нічога канкрэтнага, каб вызваліць Аскарава і спыніць парушэнні правоў чалавека, якія адсочваў праваабаронца. Яны ўвязлі ў гэтай справе і не збіраюцца выконваць прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы", - адзначыла Аляксандра Памeён.

"Вядома, сёння прэзідэнт Кыргызстана можа сказаць Ангеле Меркель, маўляў, глядзіце, мы пераглядаем гэтую справу - вас пачулі. Але мы ведаем, што дадзеная працэдура будзе доўжыцца яшчэ доўгія месяцы. Што ў Кыргызстане Аскараў прадстаўлены як дзяржаўны вораг №1, як адзін з "дырыжораў" масавымі беспарадкамі падчас міжэтнічнага канфлікту чэрвеня 2010 года і таму грамадскае меркаванне не рэагуе станоўча на ідэю пра яго вызваленне", - дадала яна.

Па словах суразмоўніцы, мала спадзяванняў на тое, што новая апеляцыя ў абласным судзе нешта вырашыць і прывядзе да належнага зыходу справы.

"Справа грунтуецца на ілжэсведчаннях. Яны прыкрываюцца падставай смерці міліцыянта падчас міжэтнічных сутыкненняў, тады як тое, што Аскарава не было на месцы злачынства і што ён не заклікаў да гвалтоўных дзеянняў, не было пачутае судом. Дагэтуль судовая сістэма Кыргызстана не даказала, што яны могуць судзіць Аскарава незалежна", - падкрэсліла праваабаронца.

Яна згаджаецца з тым, што нядаўнія слуханні ў Вярхоўным судзе Кыргызстана толькі пацвердзілі палітычную падаплёку справы Аскарава.

"Так. Калі падчас працы нашай місіі ў Кыргызстане мы сустракаліся з некаторымі палітычнымі дзеячамі, адзін з іх - былы пракурор рэспублікі - распавёў, што ўдзельнічаў у сходзе па справе Аскарава з тагачасным прэзідэнтам Кыргызстана, і прэзідэнт сказала, што Аскараў павінен быць прыцягнуты да адказнасці, то бок, павінен быць пасаджаны ў турму", - распавяла Аляксандра Памeён.

Таксама дырэктар Абсерваторыі выказала апасенне з нагоды стану здароўя вязня сумлення:

"Здароўе Азімжана Аскарава знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане, і ў яго таксама вельмі мала надзеі. Мы апасаемся, што пры далейшым зняволенні яго стан будзе пагаршацца і гэта можа прывесці да яго смерці ў турме".

Нагадаем, што кыргызскі праваабаронца ўзбекскага паходжання Азімжан Аскараў быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення па абвінавачванні ў распальванні міжэтнічнай варожасці, арганізацыі масавых беспарадкаў, саўдзеле ў забойстве супрацоўніка сілаў бяспекі падчас падзеяў чэрвеня 2010 года на поўдні Кыргызстана. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства