viasna on patreon

ЦВК “лічыць магчымым прапрацаваць” прапанову пра беларускую версію сайта

2016 2016-07-12T16:16:56+0300 2016-07-12T17:08:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/yarmoshyna-2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лідзія Ярмошына. Фота: bymedia.net

Лідзія Ярмошына. Фота: bymedia.net

12 ліпеня каардынатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” атрымалі адказ на сваю прапанову пра стварэнне беларускамоўнай версіі сайта Цэнтрвыбаркама.

Немагчыма не адзначыць лаканічнасць і туманнасць старшыні ЦВК Лідзіі Яромошынай, подпіс якой стаіць пад адказам. Па сутнасці звароту праваабаронцаў яна паведамляе, што “лічыць магчымым у далейшым прапрацаваць гэтую прапанову”.

Адказ Л.Ярмошынай на прапанову пра беларускую версию сайта ЦВК

Варта адзначыць, што сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік быў куды больш шматслоўны, каментуючы журналістам прапанаваны антыдыскрымінацыйны крок.  

“Скажу, што мы станоўча ўспрымаем гэтую прапанову, таму што і беларуская і руская з’яўляюцца дзяржаўнымі мовамі. Гэтая прапанова не выклікае ў нас ніякага непрыняцця, гэта добрая і разумная прапанова, яе трэба рэалізаваць”, - паведаміў ён БелаПАН.

У той жа час Мікалай Лазавік адзначыў, што падчас цяперашніх парламенцкіх выбараў укараніць беларускамоўную версію сайта Цэнтрвыбаркама наўрад ці магчыма, паколькі “апарат складаецца ўсяго з васьмі чалавек, з іх толькі адзін займаецца інфармацыйнымі тэхналогіямі”.

“У будучым мы будзем глядзець, каб гэтая прапанова была рэалізаваная. Мяркую, што, магчыма, нават да будучых выбараў гэта будзе зроблена”, - сказаў сакратар ЦВК.

Старшыня ж ЦВК, як бачым, прадэманстравала стрыманасць у прагнозах адносна рэалізацыі прапановы праваабаронцаў.

Нагадаем, што ў звароце ў ЦВК адзін з каардынатараў кампаніі Валянцін Стэфановіч адзначаў, што “адсутнасць беларускамоўнай версіі сайта не спрыяе на практыцы ажыццяўленню ў поўнай меры прынцыпа роўнасці дзвюх дзяржаўных моваў, замацаванага ў Артыкуле 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі”, а таксама апеляваў да таго, што некаторыя суб’екты выбарчага працэсу актыўна карыстаюцца беларускай мовай у перыяд правядзення выбарчых кампаній.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства