Міжнародныя праваабаронцы патрабуюць вызвалення калегі з Бахрэйна Набіла Раджаба

2016 2016-07-11T13:13:09+0300 2016-07-11T13:13:30+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/free_nabeel_rajab.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Постэр з Набілам Раджабам. Фота: bahrainmirror.com

Постэр з Набілам Раджабам. Фота: bahrainmirror.com

12 ліпеня ў Бахрэйне пачынаецца судовы працэс па справе вядомага праваабаронцы Набіла Раджаба, які можа быць прысуджаны да больш чым 10-ці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачваннях, звязаных з каментарамі ў сацыяльнай сетцы Twitter

26 праваабарончых НДА выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікаюць улады Бахрэйна неадкладна і безумоўна вызваліць Набіла Раджаба і зняць усе абвінавачванні супраць яго. Таксама падпісанты заявы ўскладаюць на ўрад Бахрэйна адказнасць за пагаршэнне здароўя праваабаронцы ў сувязі з дрэннымі ўмовамі яго ўтрымання.

“Набіл Раджаб з'яўляецца вядучым бахрэйнскім праваабаронцам, добра вядомым як у рэгіёне, так і па ўсім свеце, дзякуючы абароне правоў чалавека і намаганням у кірунку большай свабоды для ўсіх. У выніку сваёй працы ён неаднаразова трапляў у зняволенне. Ён з'яўляецца прэзідэнтам Бахрэйнскага цэнтра па правах чалавека (BCHR), дырэктарам-заснавальнікам рэгіянальнага Цэнтра па правах чалавека ў Заліве (GCHR), намеснікам генеральнага сакратара Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH), а таксама сябрам Кансультатыўнага камітэта аддзела Блізкага Усходу Human Rights Watch.

Раніцай 13 чэрвеня 2016 года сп. Раджаб быў арыштаваны без абвяшчэння прычынаў. Пра абвінавачванні яму паведамілі толькі на наступны дзень, калі санкцыяй пракурора яму было прад’яўленае афіцыйнае абвінавачванне ў “распаўсюдзе ілжывай інфармацыі і чутак пра ўнутраную сітуацыю з мэтай дыскрэдытацыі Бахрэйна”. Пасля гэтага яго ўзялі пад варту на тэрмін у сем дзён да заканчэння расследавання. Абвінавачванне звязана з ягонымі заявамі, якія ён даў падчас апошніх тэлевізійных інтэрв'ю ў пачатку 2015 і 2016 гадах.

28 чэрвеня 2016 года сп. Раджаб быў пераведзены ў кардыялагічнае аддзяленне Вайсковага шпіталя Бахрэйна ў сувязі з арытміяй. Яго сям'я была паінфармаваная пра тое, што ён таксама пакутуе ад высокага крывянага ціску, у сувязі з чым ён праходзіў курс лячэння два гады таму. Нягледзячы на слабы стан, ужо на наступны дзень ён быў паспешліва пераведзены з кардыялагічнага аддзялення назад у следчы ізалятар.

З моманту арышту сп. Раджаб знаходзіцца ў вельмі дрэнных умовах утрымання ў адзіночнай камеры. Ён утрымліваецца ў бруднай камеры з туалетам і душам, якія не адпавядаюць гігіенічным стандартам. У камеры цалкам адсутнічае чыстая вада або яе колькасць з’яўляецца недастатковай. Гэтыя ўмовы адмоўна паўплывалі на здароўе сп. Раджаба: усяго за два тыдні ён страціў восем кілаграмаў. Аналіз крыві паказаў, што ў яго з’явілася інфекцыя мачавых шляхоў і монануклеёз. Акрамя гэтага, ён чакае вынікаў дадатковага абследавання. Сп. Раджаб таксама мае патрэбу ў аперацыі ў сувязі з жоўцевымі камянямі і павялічаным жоўцевым пузыром. Ён таксама пакутуе ад павялічанай прастаты і мае патрэбу ў кансультацыі гематолага. Аперацыі не адубудуцца раней за жнівень.

26 чэрвеня 2016 года ўлады апавясцілі сп. Раджаба, што першае судовае слуханне па іншай справе адбудзецца 12 ліпеня 2016 г. Гэтая справа звязаная з іншымі паведамленнямі і рэтвітамі ў Twitter пра турму Джаў і вайну ў Емене, апублікаванымі ў 2015 годзе. Калі Раджаб будзе прызнаны вінаватым, яму пагражае да 13 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым Раджаб застаецца пад вартай да пачатку слухання.

Мы нагадваем пра абавязальніцтва ўрада Бахрэйна абараняць права на свабоду выказвання ў адпаведнасці з артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, да якога Бахрэйн далучыўся ў 2006 годзе. Мы заклікаем улады зрабіць захады, каб гарантаваць і абараніць здароўе праваабаронцы Набіла Раджаба ад далейшага пагаршэння. Мы паўтараем неаднаразовыя заклікі з боку Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і іншых прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці з патрабаваннем неадкладнага вызвалення сп. Раджаба”, - гаворыцца ў заяве.

Патрабаванне пра вызваленне Набіла Раджаба падтрымалі Бахрэйнскі Цэнтр па правах чалавека, CIVICUS, Еўрапейскі цэнтр па пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека (ECDHR), Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) у рамках Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, Frontline Defenders, Цэнтр па правах чалавека ў Заліве (GCHR), Індэкс цэнзуры, Міжнароднае партнёрства па правах чалавека (МППЧ), Лекары за правы чалавека (PHR), Рэпарцёры без межаў (RSF) і іншыя міжнародныя і рэгіянальныя НДА.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства