У чарговы раз панк-фестываль разагнаны амапаўцамі

2016 2016-07-05T15:25:43+0300 2016-07-05T15:37:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/open-air-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя пра разгон супрацоўнікамі міліцыі музычнага DIY панк-фестывалю. Здарэнне адбылося ў лясным масіве каля Бярозы ў суботу, 2 ліпеня.

У самы разгар выступленняў на паляне, на якой праходзіў фэст, з'явілася некалькі аўтазакаў і машын ДАІ. З іх выйшлі супрацоўнікі брэсцкага АМАПу ў масках, супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, а таксама супрацоўнікі ДАІ. З ужываннем сілы яны пачалі затрымліваць удзельнікаў фестывалю, усіх хто трапляў ім пад рукі. Агулам было затрымана каля 30 чалавек. На ўсіх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Удзельнікаў фестывалю адвезлі ў Бярозу і позна вечарам сталі адпускаць з РАУСу. 6 чалавек былі затрыманыя да суду, які адбыўся ў панядзелак. Падчас судовага паседжання затрыманыя атрымалі штрафы ў памеры 3-х базавых велічынь.

Пазней стала вядома, што ў дачыненні да 4 чалавек узбуджана крымінальная справа па арт. 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Сярод іх Валерый Кабернік і Ігар Аўдзеенка, прозвішчы іншых затрыманых пакуль невядомыя. Пры гэтым падчас судовага паседжання было відаць, што на галаве ў Валерыя Каберніка маюцца шматлікія кровападцёкі, якія ён атрымаў падчас затрымання. У Ігара Аўдзеенкі разбіты нос.  Зараз гэтыя чацвера знаходзяцца ў ІЧУ г. Бярозы да вызначэння іх статуса. Іншыя падрабязнасці жорсткага затрымання пакуль невядомыя.

Падобныя лясныя музычныя фестывалі open-air адбываюцца штогод і амаль заўсёды выклікаюць нервовую рэакцыю сілавікоў. Так, напачатку жніўня 2015 года былі затрыманыя каля паўсотні ўдзельнікаў нелегальнага канцэрту пад Менскам (станцыя Зялёнае). Большасць была адпушчаная ў той жа вечар, два чалавекі правялі ноч у пастарунку, а яшчэ тры апынуліся ў залі суду.

Самае масавае затрыманне адбылося 24 жніўня 2013 года, калі пад Вілейкай міліцыя затрымала больш за 100 удзельнікаў фестывалю metal-hardcore, punk і punk-hardcore. Многія былі адміністрацыйна пакараныя па артыкулу “дробнае хуліганства”.

Як правіла, моладзь загадзя дамаўляецца аб правядзенні фестывалю ў нейкім лясным масіве, пакольку дазволу на арэнду памяшкання для выступу атрымаць практычна немагчыма. Гэта не замінае грамадзянам і не парушае грамадскі парадак. Тым больш незразумелая агрэсіўная рэакцыя супрацоўнікаў міліцыі на падобныя мерапрыемствы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства