Новая рэзалюцыя ААН з'яўляецца напамінам пра тое, што крытычнае становішча ў галіне правоў чалавека ў краіне застаецца

2016 2016-07-01T22:21:03+0300 2016-07-04T13:48:04+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/un_hrc.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жэнева - Мінск - Парыж, 30 чэрвеня 2016 г.

Савет па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый нагадаў міжнароднай супольнасці аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прыняўшы сёння рэзалюцыю, якая асвятляе шырокі спектр парушэнняў правоў чалавека ў гэтай краіне.

Падаўжэнне мандата Спецыяльнага дакладчыка ААН - адзінага інструмента міжнароднай супольнасці па маніторынгу захавання правоў чалавека ў Беларусі - дазволіла Савету падкрэсліць неабходнасць працягваць назіранне за дзеяннямі беларускага ўрада.

"Прынятая сёння рэзалюцыя - важны сігнал прэзыдэнту Лукашэнку, які знаходзіцца ва ўладзе на працягу апошніх 22 гадоў: нягледзячы на касметычныя спробы палепшыць сваю рэпутацыю на міжнародным узроўні, краіна застанецца пад міжнародным кантролем да таго часу, пакуль у ёй не прадпрымаецца рэальных мер для захавання асноўных правоў сваіх грамадзянаў", - заявіў прэзідэнт FIDH Карым Лахіджы.

Сённяшняя рэзалюцыя прынята пераканаўчай большасцю галасоў: у той час як 15 дзяржаў падтрымалі яе, усяго 9 прагаласавалі супраць, што дэманструе шырокую міжнародную заклапочанасць у дачыненні да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У рэзалюцыі згадваецца шэраг сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, адказнасць за якія ляжыць на беларускім урадзе, у тым ліку катаванні, гвалтоўныя знікненні, прымусовая праца, парушэнні свабоды сродкаў масавай інфармацыі, выказвання меркаванняў і свабоды асацыяцыі, адвольныя затрыманні і пераслед праваабаронцаў, палітычных апанентаў і журналістаў, а таксама беспакаранасць за парушэнні правоў чалавека. У дакуменце таксама выказваецца шкадаванне з нагоды адсутнасці супрацоўніцтва ўрада з ААН і рэгіянальнымі механізмамі ў галіне правоў чалавека.

"Галасаванне па становішчы ў Беларусі было праверкай рашучасці Савета па правах чалавека ў прасоўванні прагрэсу на нацыянальным узроўні", - сказаў віцэ-прэзідэнт FIDH і старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі. "Мяч цяпер знаходзіцца на баку ўрада Беларусі. Ён павінен выканаць ключавыя рэкамендацыі, зробленыя Спецыяльным дакладчыкам ААН па Беларусі на працягу апошніх гадоў, якія з'яўляюцца дакладнай дарожнай картай рэформаў у галіне правоў чалавека", - дадаў ён.

Савет па правах чалавека з'яўляецца галоўным органам ААН па заахвочванні і абароне правоў чалавека. Ён мае магчымасць прызначаць незалежных экспертаў ("спецыяльных дакладчыкаў"), якія адказваюць за маніторынг і справаздачнасць аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў краінах ААН. Савет па правах чалавека складаецца з 47 дзяржаў, якія маюць паўнамоцтвы тэрмінам на тры гады. Беларусь трапіла ў парадак дня Савета пасля гвалтоўнага падаўлення пратэстаў, звязаных з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года.

Заўвага:

- Дзяржавы, якія прагаласавалі за рэзалюцыю: Албанія, Бельгія, Германія, Латвія, Македонія, Мексіка, Нідэрланды, Панама, Парагвай, Партугалія, Славенія, Злучанае Каралеўства, Францыя, Швейцарыя, Паўднёвая Карэя.

- Дзяржавы, якія прагаласавалі супраць рэзалюцыі: Балівія, Бурундзі, Венесуэла, В'етнам, Індыя, Кітай, Куба, Нігерыя, Расія.

- 23 краіны ўстрымаліся: Алжыр, Бангладэш, Батсвана, Гана, Грузія, Інданезія, Катар, Кенія, Конга, Кот-д'Івуар, Кыргызстан, Мальдыўскія а-вы, Марока, Манголія, Намібія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Сальвадор, Сірыя, Таго, Філіпіны, Эквадор, Эфіопія, ПАР.

Даведачная інфармацыя:

Каб прыцягнуць увагу да сыстэматычных парушэнняў правоў чалавека, якія працягваюцца ў Беларусі, а таксама заклікаць членаў Савета па правах чалавека падтрымаць падаўжэнне мандата Спецыяльнага дакладчыка, у траўні 2016 года FIDH запусціла кампанію пад назвай "Беларусь: дыктатура каля дзвярэй Еўрапейскага саюза".

Глядзіце відэа кампаніі.

На сайце кампаніі таксама апублікаваныя дзевяць інтэрв'ю з беларускімі актывістамі, якія сведчаць пра шматлікія парушэнні, у тым ліку: Алена Танкачова (Цэнтр прававой трансфармацыі), Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў), Раіса Міхайлоўская (Беларускі дакументацыйны цэнтр), Валянцін Стэфановіч (Праваабарончы цэнтр "Вясна"), Наталля Манькоўская (Праваабарончы цэнтр "Ідэнтычнасць"), Іна Кулей (Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць"). У кожным інтэрв'ю коратка асвятляюцца асобныя аспекты сістэматычных парушэнняў правоў грамадзян: свабоды СМІ і выказвання меркаванняў, акадэмічных свабодаў, свабоды асацыяцыі, правоў ЛГБТ, права на жыццё, практыка прымянення смяротнага пакарання, становішча былых палітычных зняволеных і інш.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства