Палітычнага плюралізму пры фармаванні тэрытарыяльных і акруговых выбаркамаў не паболела (відэа)

2016 2016-07-01T13:53:26+0300 2016-07-04T11:05:34+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-gulak-2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак

Праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак

Незалежныя назіральнікі падвялі вынікі аднаго з ключавых этапаў бягучай парламенцкай кампаніі, вынікі якога істотна ўплываюць на ацэнку выбараў. Важна, што аналіз фармавання ТВК і АВК эксперты праводзілі з улікам анансаваных Цэнтрвыбаркамам новых падыходаў, якія павінны былі прымяняцца адказнымі за гэты працэс мясцовымі выканаўча-распарадчымі органамі.  

Фармаванне тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій назіральнікі лічаць асноўным механізмам выбарчага працэсу, які істотна ўплывае на такія вызначальныя характарыстыкі як узровень свабоды і дэмакратычнасць выбараў.

Пра тое, чым вызначыўся дадзены этап, распавядаюць каардынатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч (ПЦ “Вясна”) і Алег Гулак (Беларускі Хельсінкскі камітэт).

У справаздачы па выніках назірання за фармаваннем ТВК і АВК эксперты кампаніі кажуць пра генеральныя тэндэнцыі, якія прасочваюцца на дадзеным этапе, і аналізуюць, ці спрыялі рэальна новыя практыкі, абвешчаныя ЦВК, палітычнаму плюралізму выбарчага працэсу.  

Адзначаецца таксама, што пры абмеркаванні характарыстык прэтэндэнтаў у склад выбаркамаў перавага аддавалася прадстаўнікам праўладных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Пры гэтым падкрэсліваецца, што адсутнасць у заканадаўстве дакладных крытэраў для прэтэндэнтаў робіць магчымым выбарны падыход пры іх адборы. Такім чынам, эксперты канстатуюць, што Пастанова ЦВК № 18, паводле якой, у тым ліку, на абмеркаванне выносіцца пытанне пра дзелавыя і палітычныя якасці прэтэндэнтаў у склад камісій, на практыцы не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму пры фармаванні ТВК і АВК.  

Прыводзячы статыстыку, аналітыкі адзначаюць, што доля прадстаўнікоў палітычных партый у складзе ТВК і АВК застаецца нязначнай (24,2% і 13,6% адпаведна) у параўнанні з доляй прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў (51% і 54,3% адпаведна).

Асноўнымі арганізатарамі выбараў, як і раней, з’яўлюяцца прадстаўнікі пяці найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў – Белая Русь, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, ФПБ. Сумарная доля іх прадстаўнікоў у складзе ТВК і АВК склала 40% і 42,3 % адпаведна).

“Традыцыйна нізкім” называюць назіральнікі працэнт праходнасці ў склад камісій прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў – 31,2 % ад вылучаных у ТВК і 19,4% - у АВК.   

З больш падрабязнай інфармацыяй кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” можна азнаёміцца ў Аналітычнай справаздачы па выніках назірання за фармаваннем тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства