viasna on patreon

Акруговай камісіяй Быхаўскай выбарчай акругі №81 будуць кіраваць правераныя кадры

2016 2016-06-29T21:24:49+0300 2016-06-29T21:24:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/padlik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 чэрвеня ў Быхаве адбылося першае пасяджэнне акруговай камісіі Быхаўскай выбарчай акругі №81 па выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Падчас пасяджэння камісіі было абранае яе кіраўніцтва, вызначана месцазнаходжанне камісіі і час яе працы, вырашаны іншыя арганізацыйныя пытанні.

Як паведамляе інтэрнэт-сайт Быхаўскага райвыканкама, старшынёй акружной камісіі Быхаўскай выбарчай акругі №81 абраны Віктар Агнетаў, яго намеснікам стаў Міхаіл Казлоў, сакратаром камісіі будзе працаваць Таццяна Ермаліцкая. Месца працы і займаемыя кіраўніцтвам акружной камісіі пасады райвыканкамаўскі інтэрнэт-сайт чамусьці ўказаць забыўся.

Па словах былога кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Быхаўскай выбарчай акрузе №81 у 2012 годзе пісьменніка Сяргея Антонава, усе гэтыя людзі неаднаразова ўваходзілі ў склад выбарчых камісій падчас папярэдніх выбарчых кампаній.

Віктар Агнетаў, які накіраваны ў склад акружной выбарчай камісіі ад РГА “Белая Русь”, ужо даволі даўно працуе кіраўніком спраў Быхаўскага райвыканкама. Вылучэнка Рэспубліканскага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Таццяна Ермаліцкая таксама працуе ў Быхаўскім райвыканкаме начальнікам аддзела арганізацыйна-кадравай работы. Намеснік старшыні акружной камісіі Быхаўскай выбарчай акругі №81, вылучэнец Камуністычнай партыі Беларусі Міхаіл Казлоў да выхаду на пенсію ўзначальваў у тым жа Быхаўскім райвыканкаме аддзел адукацыі.

Іншыя чальцы акружной камісіі Быхаўскай выбарчай акругі №81 таксама неаднаразова ўваходзілі ў склад выбарчых камісій розных узроўняў, многія з іх працуюць у разнастайных райвыканкамаўскіх структурах. Так, вылучэнец ГА “БРСМ” Аляксандр Жэлабкевіч узачальвае Быхаўскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Наталля Брызгалава, якая была вылучана ў склад камісіі шляхам падачы заявы ад выбаршчыкаў, працуе загадчыкам вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Быхаўскага райвыканкама. Яшчэ адна вылучэнка шляхам падачы заявы выбаршчыкаў Таццяна Бабічава працуе кіруючай справамі Слаўгарадскага райвыканкама.

У склад Быхаўскай выбарчай акругі №81 уваходзяць Быхаўскі, Слаўгарадскі, Краснапольскі і Касцюковіцкі раёны. У параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 года ў акрузе значна зменшылася колькасць выбаршчыкаў. Калі ў 2012 г. іх налічвалася 62 577, то ў 2016 годзе іх засталося толькі 58 610.

Па папярэдняй інфармацыі, ад дэмакратычных сіл па гэтай выбарчай акрузе плануе вылучыцца кандыдатам у дэпутаты адзін з актывістаў Партыі БНФ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства