viasna on patreon

Праваабаронца: перадвыбарчая кампанія ў Магілёве праходзіць нябачна

2016 2016-06-27T12:41:58+0300 2016-06-27T12:42:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kolchyn-aliaksej-magil.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Аляксей Колчын.

Праваабаронца Аляксей Колчын.

Улада не зацікаўлена, каб выбары станавіліся значнай падзеяй ў жыцці грамадства, лічыць магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын.

"На дадзены момант выбары нябачныя, але яны праходзяць так, як іх праводзіць улада. Яна не зацікаўлена ў тым, каб выбары станавіліся значнай падзеяй, таму яны і не бачныя, прынамсі пакуль. Вось сёння будуць фармавацца акруговыя і абласная камісіі. Паглядзім, як можна будзе патрапіць на пасяджэнне, патрапіць у склады каміссіі, як адкрыта будуць працаваць гэтыя камісіі", - сказаў Колчын.

Ён падкрэслівае, што звычайны чалавек наўрад ці можа сказаць, што ў Беларусі пачалася палітычная кампанія. У прыватнасці, няма заклікаў да грамадскасці, каб яна вылучала сваіх прадстаўнікоў у склады камісій. На погляд Колчына, толькі дзякуючы патрабаванням Цэнтрвыбаркама ўлада на месцах дае нейкія паведамленні аб выбарах.

"Нашы выканкамы выконваюць тыя рашэнні, якія іх абавязвае рабіць Цэнтральная выбарчая камісія. ЦВК апошнім часам прынала шэраг патрабаванняў па зместу сайтаў і, дзякуючы гэтаму, такая інфармацыя мусіць з'яўляцца і з'яўляецца на старонках выканкамаў. Калі б не было гэтага патрабавання, наўрад ці з'яўлялася б такая інфармацыя", - адзначае Колчын.

Такія змены ў інфармаванні аб выбарах праваабаронца лічыць станоўчымі. "Гэта ўжо добра, бо раней не было і гэтага. Раней мы сутыкаліся з праблемамі з інфармацыяй аб фармаванні камісій. Зараз гэта ўжо не праблема", - кажа праваабаронца, указваючы, што "ўлады заўсёды працуюць не дужа адкрытым чынам, а што тычыцца выбараў, то тут жадання адкрытасці ў іх таксама няма". 

На 11.30 27 чэрвеня ні на сайце Магілёўскага гарвыканкама, ні на сайтах адміністрацый Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Магілёве не было інфармацыі аб месцах у абласным цэнтры, дзе агітацыя забаронена. "Сёння апошні дзень, калі яны могуць прыняць рашэнне аб вызначэнні забароненых для агітацыі месцаў. Спадзяюся, што сёння з'явіцца гэта інфармацыя", - кажа Аляксей Колчын. 

Варта адзначыць, што на сайтах абедзьвюх раёных адміністрацый у Магілёве змешчаны банэр "Выборы 2016". Праўда, на сайце адміністрацыі Кастрычніцкага раёна такі банэр адразу перанакіроўвае на сайт Магілёўскага гарвыканкама, а банэр на сайце Ленінскай адміністрацыі змяшчае толькі тэкст указа прэзідэнта аб празначэнні выбараў, актыўную гіперспасылку на ЦВК і паведамленне аб прыёме дакументаў у склад абласной і акруговых камісій. 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства