viasna on patreon

Смяротнае пакаранне: Беларусь пакуль па-за глабальнай тэндэнцыяй

2016 2016-06-23T16:36:12+0300 2016-06-24T11:46:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovich-dp-kangres.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч на стэндзе кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" падчас сусветнага кангрэсу ў Осла

Валянцін Стэфановіч на стэндзе кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" падчас сусветнага кангрэсу ў Осла

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які разам з калегамі бярэ удзел у 6-ым Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання ў Осла, распавёў пра асноўныя тэндэнцыі, што абмяркоўваюцца на глабальным форуме.

Змены ў сітуацыі са смяротным пакараннем у свеце праваабаронца ахарактарызаваў трапнымі словамі спецыяльнага прадстаўніка па правах чалавека Еўрасаюза Стаўраса Ламбрынідзіса, які выступіў на адкрыцці кангрэсу:

“Ён сказаў вельмі важную рэч: мінуў той час, калі мы запытваліся, чаму вы ўвялі мараторый на смяротнае пакаранне; надыйшоў час, калі мы запытваемся, чаму вы не ўвялі мараторый на смяротнае пакаранне. Бо зараз краіны, якія выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне, застаюцца ў меншыні. Большасць краінаў свету альбо адмяніла смяротнае пакаранне, альбо ўвялі мараторый, альбо ўвялі мараторый на практыцы”.

“Учора на адкрыцці Кангрэсу на сцэну таксама запрашалі прадстаўнікоў міністэрстваў замежных спраў, міністэрстваў юстыцыі краінаў, якія сёлета ўвялі мараторый альбо адмянілі смяротнае пакаранне. Было вельмі цікава паслухаць прадстаўнікоў розных краінаў, якія далучыліся да сусветнай тэндэнцыі”, - адзначыў Стэфановіч.

Апроч гэтага, дэлегатам форуму быў прадэманстраваны відэавыступ Папы Рымскага Францішка, у якім ён яшчэ раз заклікаў усе краіны да сусветнага мараторыя і сусветнай адмены смяротнага пакарання.

На такім дынамічным і пазітыўным фоне 22 чэрвеня адбылася дыскусія па Беларусі, якую правялі прадстаўнікі Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Нарвежскага Хельсінкскага камітэта. У сваім выступе Валянцін Стэфановіч акцэнтаваў увагу на тым, што ў апошні час афіцыйны Мінск імкнецца наладзіць адносіны з Захадам і гэта можа паўплываць на вырашэнне праблемы смяротнага пакарання ў нашай краіне. «Магчыма, што гэтыя крокі прывядуць і да адмены смяротнага пакарання. Або, як мінімум, паспрыяюць увядзенню мараторыя», - заявіў ён.

Мерапрыемства ў цэлым праваабаронца ацэньвае як паспяховае. «Дыскусія выклікала пэўную цікавасць, публікі было дастаткова. Эфектыўным аргументам  з’явілася прэзентацыя англамоўнага варыянта дакументальнай кнігі “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” (The Death Penalty in Belarus), якую прадстаўляла адна з аўтараў Паліна Сцепаненка.

У дыскусіі таксама бралі ўдзел Любоў Кавалёва, маці Уладзіслава Кавалёва, расстралянага па абвінавачванні ў тэрарызме, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, Генеральны сакратар Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Б’ёрн Энгесланд, намесніца Генсакратара FIDH па пытанні смяротнага пакарання Флорэнс Беліўе.

23 чэрвеня беларускія праваабаронцы бяруць удзел у тэмачных мерапрымствах Кангрэса, а ўвечары, разам з дэлегацыямі з іншых краінаў, - у глабальным маршы супраць смяротнага пакарання, які распачнецца каля будынка мэрыі Осла і пройдзе па цэнтральных вуліцах нарвежскай сталіцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства