viasna on patreon

Валер Бычкоўскі: “Затрымалі, склалі пратакол, скралі шэўроны”

2016 2016-06-22T10:57:07+0300 2016-06-22T11:36:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sheuron-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Шэўроны СПК "Ваяр". Фота topwar.ru

Шэўроны СПК "Ваяр". Фота topwar.ru

Вяртаючыся са спаборніцтваў спартыўна-патрыятычнага клуба “Ваяр” у нядзелю, 19 чэрвеня, Валер Бычкоўскі нават не падазраваў, што наперадзе яго чакаюць сапраўдныя выпрабаванні. І не на паласе перашкодаў, а на звычайнай станцыі мінскага метро.

Спусціўшыся ў метро на станцыі “Усход” Бычкоўскі разлічыўся за праезд і прайшоў праз турнікет, як раптам пачуў ззаду голас інспектара службы бяспекі: “Мужчына, пачакайце, прад’явіце рэчы на дагляд”.  Той адказаў, што ўжо аплаціў праезд і яшчэ раз гэта рабіць не збіраецца. Пасля чаго спусціўся на перон чакаць цягніка. Аднак праз хвіліну шлях у вагон яму перагарадзіў інспектар, паведаміўшы, што ў вагон яго не пусціць і мае права затрымаць.

Бычкоўскі не збіраўся скандаліць і патлумачыў, што трэба было рэчы правяраць раней, а не тады, калі аплочаны праезд.  Інспектар выклікаў на дапамогу дзяжурнага супрацоўніка міліцыі і патлумачыў, што грамадзянін не жадае прайсці на праверку рэчаў.

У сваю чаргу Бычкоўскі казаў пра тое, што праезд быў аплочаны, а калі нехта жадае здзейсніць дагляд ягонага заплечніка, дык няхай гэта робяць тут, на пероне. А пра тое, чым гэты канфлікт завяршыўся, распавядае Валер Бычкоўскі:

 – Яны схапілі мяне з абодвух бакоў, пачалі выкручваць рукі, павалілі, доўга коўзалі па падлозе і ўрэшце начапілі на мяне, як на нейкага злачынцу, кайданкі. Гэта ўсё бачылі людзі. Пры гэтым адарвалі срэбную завушніцу. Затым мяне завялі ў пакой міліцыі, дзе сталі пісаць нейкую паперу. Я доўга дамагаўся, каб супрацоўнік міліцыі назваў сябе. З восьмай спробы той паказаў свой бэйдж: Алег ГайскіМяне апытвалі, але пры гэтым заўважыў, што я кажу ім адно, а яны пішуць зусім іншае. Тады я адмовіўся нешта тлумачыць і міліцыянт выклікаў маёра, які паводзіў сябе больш адэкватна.

Пасля складання пратакола апытання, супрацоўнікі міліцыі знайшлі ў рэчах некалькі шэўронаў з “Пагоняй” і нашыўку клуба СПК “Ваяр” з шасціканцовым крыжам. Здзівіўшыся такой знаходцы, хаця такія ж шэўроны былі нашытыя на вопратцы Валерыя, супрацоўнік міліцыі пачаў спехам некаму тэлефанаваць і ўрэшце яго павезлі на медычную экспертызу, якая засведчыла поўную адсутнасць алкаголю ў крыві.

Затым Бычкоўскага даставілі ў аддзяленне міліцыі і пакінулі нанач у “малпоўніку”:

“Ранкам давялося доўга чакаць нейкага рашэння. Толькі ў 11 гадзін мне паведамілі, што складзены пратакол за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі (арт 23.4 КаАП РБ) і мяне зараз павязуць у суд. Прагледзеўшы асабістыя рэчы, якія мне вярнулі ранкам, я заўважыў, што адсутнічаюць шэўроны. На патрабаванне вярнуць іх, яны сказалі, што зробяць гэта потым, а самі хадзілі па калідоры і паказвалі іх іншым супрацоўнікам", –  распавядае Бычкоўскі.

У судзе Першамайскага раёна Мінска суддзя вырашыў выклікаць на разгляд справы у якасці сведкі кантралёра службы бяспекі  і перанёс паседжанне на 11 гадзін раніцы 23 чэрвеня.

 

PS. Нездаровая цікавасць супрацоўнікаў міліцыі да нацыянальнай сімволікі ў апошні час істотна ўзрасла. Літаральна дзень таму з аўтамабіля-таксі актывіста Леаніда Кулакова каля Цэнтральнага РУУСа “зніклі”  два сцяжкі з “Пагоняй”. З гэтай нагоды ён пакінуў заяву ў міліцыі. І вось чарговы выпадак: у аддзяленні міліцыі “згубіліся” нацыянальныя шэўроны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства