ПЦ “Вясна” патрабуе забеспячэння працэсуальных гарантый і правоў затрыманага Эдуарда Пальчыса
Рада Праваабарончага цэнтра “Вясна”
Мінск, 14.06.2016 г.
Заява
На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі быў затрыманы і экстрадзіраваны ў Беларусь рэдактар сайта www.1863x.com Эдуард Пальчыс. Ён абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 130 (“Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні”) і ч. 2 арт. 343 (“Распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Паводле вядомай нам інфармацыі, да Эдуарда Пальчыса не дапускаюць адваката.
Звяртаем увагу на тое, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і міжнародныя нормы, у прыватнасці Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, гарантуюць права на абарону, што азначае, у тым ліку, мець магчымасць бесперашкодных і канфідэнцыйных сустрэчаў з адвакатам, неабмежаваных па колькасці і працягласці.
Таксама нагадваем пра абсалютную забарону катаванняў на падставе артыкула 7 Пакта (“Ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму яго годнасць абыходжанню або пакаранню”). Нагадваем, што падчас зняволення ўся адказнасць за асабістую недатыкальнасць, фізічны і псіхалагічны стан здароўя затрыманага ўскладаецца на ўлады Рэспублікі Беларусь.
На падставе вышэйзгаданага, мы патрабуем выканання ўсіх працэсуальных гарантый і правоў у дачыненні да Эдуарда Пальчыса, які ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА г. Жодзіна, а менавіта:
- Гарантаваць права на абарону, у тым ліку неадкладна дапусціць да яго адваката;
- Забяспечыць належныя ўмовы ўтрымання і абыходжання, якія б не з’яўляліся жорсткімі, бесчалавечнымі альбо прыніжалі б годнасць, адпавядалі міжнародным стандартам утрымання зняволеных.