Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” абвясцілі пра пачатак назірання (відэа)

2016 2016-06-07T12:37:03+0300 2016-06-08T15:18:27+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/press_konfa_07.06.2016.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Каардынатары кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак.

Каардынатары кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак.

На прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, прысвечанай пачатку маніторынгу выбараў дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь арганізатары грамадскай кампаніі заявілі аб тым, што назіранне за ўсімі этапамі выбарчага працэсу і грамадска-палітычнай сітуацыяй у краіне будзе ажыццяўляцца 50 доўгатэрміновымі і 400 кароткатэрміновымі назіральнікамі на 200 участках для галасавання па ўсё тэрыторыі краіны.

Абвяшчаючы пра пачатак назірання, адзін з каардынатараў грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч, адзначыў, што па выніках назірання за выбарамі будзе зроблена аналітычная справаздача, а таксама выпрацаваныя рэкамендацыі па далейшым удасканаленні выбарчага заканадаўства. Дадзеныя рэкамендацыі будуць затым накіраваныя праваабаронцамі ў нанова абраны заканадаўчы орган.

Валянцін Стэфановіч таксама распавёў журналістам, што па выніках кожнага выбарчага этапа назіральнікі будуць рабіць справаздачы і дадатковыя аналітычныя матэрыялы.

—  Таксама будзе актыўна працаваць інфармацыйная частка кампаніі, - падкрэсліў праваабаронца, — інфармацыя будзе рэгулярна з’яўляцца на сайце, і яна  будзе інфармаваць пра тое, што мы бачым, пра тое што адбываецца. Ну і зразумела, у сваёй працы мы будзем кіравацца прынцыпамі незаангажаванасці, паколькі не прадстаўляем ніякія палітычныя сілы і не падтрымліваем ніякіх кандыдатаў. Мы ацэньваем нашы выбары з пункту гледжання нацыянальнага заканадаўства і міжнародных стандартаў правядзення свабодных дэмакратычных выбараў.

Адным з істотных накірункаў працы будуць нашы рэкамендацыі па выніках назірання. У гэты раз яны будуць асабліва важнымі, таму што ўлады дэкларуюць, што пасля выбараў вернуцца да магчымасці ўнясення зменаў у выбарчы кодэкс”.

Адзін з каардынатараў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алег Гулак адзначыў, што атмасфера, ў якой адбываліся мінулыя прэзідэнцкія выбары, была горшай, чым зараз перад парламенцкімі:

— Зараз вельмі важна, што ўсё ж такі будзе напісана ў метадычных рэкамендацыях ЦВК да гэтых выбараў, паколькі мы крытычна ставімся да той пазіцыі, якую заняў ЦВК падчас падрыхтоўкі гэтых зменаў, бо на нашу думку, ў параўнанні з тым, што Цэнтрвыбаркам агучваў, можна было зрабіць намнога больш.  Першым нашым важным дакументам будзе падрабязны аналіз гэтых зменаў, з улікам якіх мы зможам канткрэтызаваць накірункі назірання, каб можна было максімальна адсачыць, як гэта працуе на практыцы”.

 *“Праваабронцы за свабодныя выбары” – сумесная кампанія ПЦ “Вясна” і БХК, мэтай якой з’яўляецца ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці аб ходзе выбарчай кампаніі і выніках маніторынга.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства