Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2016

2016 2016-06-01T15:21:02+0300 2016-06-03T10:44:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/human_rights_violations.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы

- цягам траўня не адбылося якіх-небудзь сістэмных зменаў, якія дэманструюць імкненне ўладаў Беларусі да якаснага змянення сітуацыі з правамі чалавека;

- цягам траўня намеціліся некаторыя негатыўныя тэндэнцыі, якія сведчаць пра пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў параўнанні з папярэднімі месяцамі;

- 29 красавіка штомесячная мірная акцыя веласіпедыстаў «Крытычная маса» была гвалтоўна спыненая супрацоўнікамі міліцыі. Некалькі яе ўдзельнікаў, а таксама назіральнік ад РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Кірыл Кажэнаў былі затрыманыя з відавочна непрапарцыйным ужываннем гвалту. У дачыненні да двух удзельнікаў — Станіслава Канавалава і Дзмітрыя Паліенкі — была распачатая крымінальная справа па арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органа ўнутраных справаў). Дзмітры Паліенка ўзяты пад варту і змешчаны ў СІЗА г. Жодзіна;

- 6 траўня Праваабарончы цэнтр "Вясна" выступіў з патрабаваннем вызваліць сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенку да канца следства, а таксама спыніць пераслед удзельнікаў мірных сходаў і назіральнікаў;

- у месцах пазбаўлення волі працягвае адбываць пакаранне Міхаіл Жамчужны, крымінальны пераслед якога быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, што таксама не выключае прымянення шырокага спектру такіх прававых захадаў, як памілаванне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне;

- нягледзячы на ​​тое, што практычна ўсе несанкцыянаваныя мірныя сходы на працягу месяца прайшлі без ўмяшання органаў правапарадку і не былі гвалтоўна спыненыя, удзельнікаў і арганізатараў дадзеных сходаў працягвалі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў. У той жа час мясцовыя органы ўлады працягвалі практыку адмоваў у задавальненні заявак грамадзянаў на правядзенне масавых мерапрыемстваў;

- 6 траўня стала вядома аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да Сяргея Іванова. Ён быў пакараны смерцю ў ноч на 18 красавіка ў СІЗА № 1 г. Менска;

- 6 траўня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь адмовіла ў задавальненні апеляцыйнай скаргі асуджанага да расстрэлу жыхара пасёлка Мачулішчы Менскага р-на Сяргея Хмялеўскага. Такім чынам, раней вынесены Менскім абласным судом смяротны прысуд уступіў у законную сілу;

- 19 траўня Гомельскі абласны суд вынес чарговы смяротны прысуд у дачыненні да 33-гадовага жыхара г. Гомеля Сяргея Вострыкава;

Палітычна матываваны крымінальны пераслед

29 красавіка 2016 года падчас правядзення штомесячнай акцыі веласіпедыстаў «Крытычная маса» супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя сацыяльныя актывісты Дзмітры Паліенка і Станіслаў Канавалаў. У дачыненні да іх была распачатая крымінальная справа па арт. 364 КК Рэспублікі Беларусь (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў). Пазней у дачыненні да С. Канавалава была абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і ён быў вызвалены, а Д. Паліенка ўзяты пад варту і змешчаны ў СІЗА ў г. Жодзіна. Па версіі следства, ён аказаў супраціў супрацоўнікам ДАІ, якія спынялі яго дзеянні, і парваў спецвопратку аднаго з супрацоўнікаў.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" лічыць непрапарцыйнай мерай пераследу сацыяльнага актывіста Дзмітрыя Паліенкі ў выглядзе ўтрымання пад вартай за падзеі 29 красавіка 2016 года.

Штомесячныя акцыі «Крытычнай масы» ў Менску з'яўляюцца формай выказвання меркавання ўдзельнікаў і расцэньваюцца як мірныя сходы ў кантэксце артыкулаў 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадскіх і палітычных правах, у тым ліку акцыя 29 красавіка 2016 года, і, зыходзячы з дадзеных фактаў, ПЦ “Вясна” расцэньвае пераслед удзельнікаў гэтай акцыі як вынік выказвання імі меркавання, абмежаванне права на мірныя сходы, а таксама адзначае несуразмернасць ужывання гвалту ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі пры спыненні акцыі і затрыманні.

ПЦ "Вясна" патрабуе вызваліць Дзмітрыя Паліенку да канца следства, а таксама спыніць пераслед удзельнікаў мірных сходаў і назіральнікаў.

У месцах пазбаўлення волі працягвае адбываць пакаранне М. Жамчужны, крымінальны пераслед якога быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітычна матываваным. Праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым пасяджэнні з захаваннем гарантый справядлівага суда, што таксама не выключае прымянення шырокага спектру такіх прававых захадаў, як памілаванне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

Парушэнні свабоды асацыяцыі, ціск на праваабаронцаў

МЗС Рэспублікі Беларусь так і не даў пісьмовага адказу на зварот старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага, а таксама Антуана Бернара, гендырэктара FIDH, на імя міністра замежных справаў Уладзіміра Макея.

Напрыканцы мінулага года Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) накіравала міністру замежных справаў Уладзіміру Макею зварот з заклікам выканаць патрабаванні Камітэта па правах чалавека ААН па справе Алеся Бяляцкага. У звароце праваабаронцы нагадваюць пра сутнасць рашэння Камітэта па правах чалавека ААН. Камітэт расцаніў крымінальны пераслед Алеся Бяляцкага як парушэнне права на свабоду асацыяцыі, паколькі, на думку экспертаў Камітэта, менавіта адмовамі ў рэгістрацыі ПЦ "Вясна" ўлады стварылі ўмовы для прыцягнення кіраўніка арганізацыі да крымінальнай адказнасці.

У сваім рашэнні Камітэт запатрабаваў ад беларускай дзяржавы зрабіць на працягу 180 дзён з даты прыняцця Меркаванняў захады, якія прывялі б да эфектыўнага і дзейснага сродку прававой абароны ў дачыненні да Алеся Бяляцкага, "уключаючы (а) перагляд хадайніцтва аб рэгістрацыі узначаленага ім аб'яднання "Вясна" ў адпаведнасці з крытэрамі, адпаведнымі патрабаванням артыкула 22 Пакта; (b) ануляванне судзімасці, і (с) належную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё панесеных судовых выдаткаў. Дзяржава-удзельніца таксама абавязаная прадухіляць падобныя парушэнні ў будучыні. У сувязі з гэтым, дзяржава-удзельніца павінна перагледзець нацыянальнае заканадаўства, каб забяспечыць яго адпаведнасць патрабаванням артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Уначы 12 траўня беларускія памежнікі знялі з цягніка і правялі аперацыю мытнага кантролю ў выглядзе асабістага дагляду ў дачыненні да заснавальніцы расійскай Асацыяцыі некамерцыйных арганізацый “У абарону правоў выбаршчыкаў «Голас»" Ліліі Шыбанавай.

Здарэнне адбылося на станцыі Гудагай на літоўска-беларускай мяжы, калі Шыбанава накіроўвалася з Вільні ў Маскву праз Беларусь, каб прыняць удзел у пасяджэнні Савета па правах чалавека пры Прэзідэнце РФ, прызначаным на 16 траўня.

29 красавіка падчас ажыццяўлення назірання за правядзеннем мірнай акцыі веласіпедыстаў «Крытычная маса» ў г. Менску супрацоўнікамі праваахоўных органаў быў затрыманы назіральнік РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Кірыл Кажэнаў. Пасля таго як К. Кажэнава і іншых затрыманых за ўдзел у акцыі грамадзянаў завялі ў аўтобус, супрацоўнікі АМАП паклалі іх на падлогу, наносілі ўдары ў жывот і ў твар. Варта адзначыць, што пры ажыццяўленні назірання за правядзеннем дадзенай акцыі К. Кажэнаў быў візуальна пазначаны як назіральнік: быў апрануты ў сінюю накідку з надпісам «Назіральнік» на спіне, меў бэдж з фатаграфіяй, а таксама накіраванне ад РПГА БХК, рухаўся выключна па тратуары на ровары паралельна ўдзельнікам акцыі.

У дачыненні да К. Кажэнава была распачатая адміністрацыйная вытворчасць па арт. 23.4 (непадпарадкаванне законным патрабаваннямі супрацоўнікаў міліцыі) і ч. 1 арт. 18.23 (парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходамі і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху) КаАП Рэспублікі Беларусь.

11 траўня пастановай УДАІ Менгарвыканкама К. Кажэнаў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 1 базавай велічыні за парушэнне правілаў дарожнага руху.

12 траўня суддзя Цэнтральнага р-на г. Менска В. Есьман накіраваў матэрыялы адміністрацыйнай справы па арт. 23.4 КаАП на дапрацоўку ў органы, якія распачалі адміністрацыйны працэс у дачыненні да К. Кажэнава.

Парушэнне права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў

3 траўня ў ДАІ Менгарвыканкама пачаўся разгляд адміністрацыйных справаў у дачыненні да ўдзельнікаў «Крытычнай масы» Аляксея Адамовіча, Дзмітрыя Пахомава і Кірыла Падабеда, якіх вінавацілі ў парушэнні правілаў дарожнага руху.

Аднак з-за недахопу тлумачэнняў пратаколы адправілі на дапрацоўку, а разгляд справаў быў перанесены на 12 траўня. 12 траўня яны пакараныя за парушэнне правілаў дарожнага руху.

5 траўня суддзя суда Цэнтральнага раёна г. Менска В. Есьман накіраваў на дапрацоўку справу па пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеным на назіральніка БХК Кірыла Кажэнава.

12 траўня справы Аляксея Адамовіча і Кірыла Кажэнава зноў разгледжаныя суддзёй і паўторна накіраваныя на дапрацоўку. Таксама 19 траўня накіраваныя на дапрацоўку суддзёй Вікторыяй Шабуня справы Дзмітрыя Пахомава і Кірыла Падабеда.

Праведзеная 27 траўня падобная акцыя раварыстаў прайшла без перашкодаў і затрыманняў.

2 траўня была разгледжаная справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Андрэя Гайдукова. Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 28 красавіка падчас вывешвання расцяжкі «Праца — права, а не абавязак». За гэта ён пакараны штрафам у памеры 10 базавых велічынь — 2 100 000 рублёў.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а таксама актывісты арганізацыі Вольга Маёрава і Дзяніс Красачка 6 траўня аштрафаваныя судом Заводскага раёна г. Менска адпаведна на 50, 30 і 30 базавых велічыняў (10,5, 6,3 і 6,3 млн рублёў) за “раздачу інфармацыйных матэрыялаў, накіраваных супраць улады і ўрада” 14 красавіка каля прахадной Менскага аўтазавода. Сябры АГП прызнаныя вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 КаАП).

31 сакавіка актывісты прафсаюза РЭП з Менска, Брэста, Баранавічаў, Гродна, Бабруйска і Смалявічаў правялі каля прахадной фабрык акцыю, падчас якой раздалі рабочым, якія выходзілі са змены, улёткі з просьбай падтрымаць звольненага калегу М. Сошка. Пікет доўжыўся 25 хвілінаў. Але гэтага аказалася дастаткова, каб абвінаваціць прафсаюзных актывістаў у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства. 26 красавіка суд Маскоўскага раёна Брэста вынес папярэджанне па гэтай справе намесніку старшыні прафсаюза РЭП Зінаідзе Міхнюк. Слуханне справы адбылося без яе ўдзелу. 29 красавіка за правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства пакаралі штрафам у памеры адной базавай велічыні прэс-сакратара прафсаюза РЭП Мікалая Герасіменку. 5 траўня прафсаюзны актывіст Артур Эшбаеў па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП пакараны штрафам у памеры дзвюх базавых велічыняў.

16 траўня ў Маладзечне адбыўся суд над актывістам Паўлам Сяргеем. Суддзя Павел Жачко непасрэдна ў будынку РУУС г. Маладзечна разгледзеў адміністрацыйную справу па ч. 3 арт. 23.34 КаАП — “парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні” — і пакараў актывіста арыштам тэрмінам у сем сутак. Гэта першы адміністрацыйны арышт за ўдзел у мірным сходзе за апошнія 9 месяцаў.

16 траўня ў Полацкім раённым судзе разгледжаныя адміністрацыйныя справы ў дачыненні да намесніка старшыні Свабоднага прафсаюза беларускага Мікалая Шараха і кіраўніка суполкі Свабоднага прафсаюза на вытворчым аб'яднанні "Полацк-Шкловалакно" Віктара Стукава. За ўдзел у пікеце, які адбыўся 28 красавіка, Віктара Стукава аштрафавалі на 5,25 мільёна рублёў, а Мікалая Шараха акрамя арт. 23.34 КаАП абвінавацілі яшчэ і ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі па артыкуле 23.4 КаАП і пакаралі штрафам у памеры 6,3 мільёна рублёў. Трэба адзначыць, што апошні санкцыянаваны пікет у Полацку Свабоднаму прафсаюзу беларускаму ўдалася правесці ў 2010 годзе, а 2012-м яны атрымалі сем адмоваў на свае заявы ад, тады яшчэ, Полацкага гарвыканкама.

17 траўня ў судзе Цэнтральнага раёна г. Менска адбыўся суд над актывісткай АГП Вольгай Маёравай за акцыі 21 сакавіка ля расійскай амбасады ў падтрымку Надзеі Саўчанка і за ўдзел у Дні Волі 25 сакавіка. Раней судовае пасяджэнне было адкладзенае з-за выяўлення вялікай колькасці недахопаў у пратаколе. Вользе Маёравай паставілі ў віну парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, і па артыкуле 23.34 КаАП суддзя В. Шабуня пакарала яе штрафам у 50 базавых велічыняў.

19 траўня А. Кліменка пакараны штрафам у 60 базавых велічыняў — 12 600 000 рублёў па ч. 3 арт. 23.34 КаАП і па арт. 23.4 КаАП за пікет каля расійскай амбасады ў г. Мінску ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка, які праходзіў 18 красавіка 2016 года.

19 траўня суддзёй Вольгай Раманюк ў Баранавічах вынесеная пастанова аб прыцягненні Аляксандра Шведа да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ён пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічыняў, што складае 4 200 000 рублёў. 31 сакавіка 2016 года актывісты прафсаюза РЭП прыехалі ў горад Слонім падтрымаць свайго актывіста Міхаіла Сошку, якому не працягнулі кантракт за тры гады да выхаду на пенсію, і ля прахадной фабрыкі выказалі салідарнасць з ім, трымаючы пры гэтым плакаты. Сам Аляксандр Швед плакаты не трымаў, а толькі распаўсюджваў газеты, у якіх меліся адпаведныя выходныя даныя.

24 траўня ў судах Менска адбыўся разгляд адміністрацыйных справаў за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса, які 15 траўня прайшоў у сталічным парку імя Янкі Купалы. Каля 20 чалавек, на якіх міліцыянты склалі пратаколы, абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Сярод тых, каму пагражаюць або ўжо прызначаныя штрафы — У. Някляеў, С. Шушкевіч, В. Сіўчык, М. Статкевіч, Г. Фядыніч, Л. Кулакоў, М. Вінярскі.

23 траўня ў судзе горада Жодзіна адбыўся разгляд адміністрацыйных справаў актывістаў, затрыманых у суботу 21 траўня на мітынгу салідарнасці з прадпрымальнікамі. На пецярых удзельнікаў акцыі былі складзеныя пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП). Грамадскія актывісты і прадпрымальнікі Алесь Макаеў, Павел Пракаповіч, Павел Старавойтаў і Міхаіл Латышаў правялі выходныя ў ізалятары часовага ўтрымання. Яшчэ адзін удзельнік мітынгу — Алесь Абрамовіч — па стане здароўя быў адпушчаны да суда дадому. Суддзя Мікалай Самойла наклаў на ўдзельнікаў акцыі штрафы ад 15 да 50 базавых велічыняў.

Юрыст Тамара Сяргей аштрафаваная 21 траўня на 40 базавых велічынь (8,4 млн. рублёў) за арганізацыю і ўдзел у мірным пікеце ў цэнтры сталіцы. Раней за пікет 31 сакавіка ў цэнтры Менска была аштрафаваная на 20 базавых велічыняў (4,2 млн. рублёў) В. Каваленка. Адміністрацыйныя пратаколы па справах Л. Станкевіч і К. Чарняўскай суддзі вярнулі ў міліцыю на дапрацоўку. 20 траўня мела адбыцца яшчэ адно судовае пасяджэнне, але яно было перанесенае, паколькі Барыс Бабок, чыя справа таксама планавалася разглядацца, быў шпіталізаваны.

Як гэта практыкавалася і раней, улады на месцах адмаўлялі ў дазволах на правядзенне масавых мерапрыемстваў мірнага характару.

Актывісты рэгіянальных арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) у Віцебскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях атрымалі адмовы ў правядзенні масавых мерапрыемстваў пад сацыяльнымі лозунгамі.

Як паведаміла прэс-служба партыі, сацыял-дэмакраты мелі намер правесці акцыі пратэсту пад лозунгамі «Не падатку беспрацоўным!», «Пенсійны ўзрост 55/60 гадоў!», «Вярнуць армію, дэкрэтны адпачынак і вучобу ў ВНУ ў страхавы працоўны стаж!».

У Гомелі незалежнаму прафсаюзу РЭП таксама адмовілі ў правядзенні пікета з патрабаваннямі сацыяльна-эканамічнага характару.

Парушэнне права на інфармацыю

У беларускія суды вярнулася практыка прыцягнення да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў сацыяльна-палітычнага зместу. Па арт. 23.34 КаАП былі кваліфікаваныя дзеянні актывістаў АГП, якія каля прахадной Менскага аўтамабільнага завода раздавалі інфармацыйны бюлетэнь, а таксама раздача газетаў актывістамі прафсаюза ў Баранавічах. Такі падыход парушае правы на распаўсюд і атрыманне інфармацыі, гарантаваны Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі дзяржавы.

Катаванні і жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

Генеральная пракуратура Беларусі разгледзела зварот Жанны Пцічкінай, маці Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА № 1, у якім яна выказвала нязгоду з вынесенай раней пастановай Следчага камітэта аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, распачатай па факце смерці сына. Маці не верыць у выпадковасць яго смерці ад спынення сэрца, і хоча, каб трагічны выпадак быў расследаваны, а вінаватыя — пакараныя. Па вынiках гэтага разгляду апошняе рашэнне СК было адмененае, а крымінальная справа прынятая да расследавання Генеральнай пракуратурай.

Адноўленае папярэдняе следства па крымінальнай справе, распачатай па факце збіцця фігуранта “справы графіцістаў” Вячаслава Касінерава. Гэта стала вядома з адказу Маскоўскага раённага аддзела Следчага камітэта па горадзе Менску на зварот актывіста, які ён атрымаў тыдзень таму.

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнулася жыхарка Гомеля К., ад якой стала вядома пра ўжыванне гвалту і жорсткага абыходжання ў следчым ізалятары да яе прыёмнага непаўнагадовага сына, які пакутуе на дэменцыю. Яго затрыманне па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства суправаджалася парушэннем правоў, у тым ліку працэсуальных, а ў следчым ізалятары, дзе яго ўтрымлівалі ў камеры з іншымі падлеткамі, ён стаў ахвярай гвалту з боку сукамернікаў. К. не выключае, што да арганізацыі такога абыходжання датычныя супрацоўнікі міліцыі і сцвярджае, што ад супрацоўнікаў міліцыі ёй паступілі настойлівыя патрабаванні спыніць спробы ініцыяваць праверкі таго, што адбылося. К., якая даведалася пра тое, што здарылася пры сустрэчы з выхаванцам у следчым ізалятары, звязвае гэта з тым, што непаўнагадовы ў адсутнасць яе і абаронцы, а таксама іншага педагога, напісаў “яўку з павіннай”, а пасля ад яе адмовіўся. Самастойнага расследавання выпадкаў гвалту ў дачыненні да непаўналетняга не праводзіцца, а следства па крымінальнай справе засяроджанае на даказванні яго віны. Ніхто з асобаў, якія маюць дачыненне да запалохвання непаўналетняга абвінавачанага, ад працы не адхілены.

Смяротнае пакаранне

6 траўня судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь адмовіла ў задавальненні апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання жыхара пасёлка Мачулішчы Менскага р-на Сяргея Хмялеўскага. Такім чынам, раней вынесены Менскім абласным судом смяротны прысуд уступіў у законную сілу.

Падчас разгляду скаргі С. Хмялеўскі заявіў, што пэўны час знаходзіўся ў адной камеры з адным з асуджаных на смерць, але пасля таго як яго забралі, больш свайго сукамерніка С. Хмялеўскі не бачыў, і лічыць, што таго маглі расстраляць.

Пазней дадзеную інфармацыю пацвердзілі праваабаронцам сваякі прысуджанага да смяротнага пакарання Сяргея Іванова.

Сяргей Іваноў быў пакараны смерцю ў ноч на 18 красавіка. У сакавіку 2015 года прысудам Гомельскага абласнога суда ён быў прызнаны вінаватым у забойстве і асуджаны да смяротнага пакарання. Індывідуальны зварот С. Іванова быў зарэгістравана Камітэтам па правах чалавека ААН, які праінфармаваў пра гэта ўлады Рэспублікі Беларусь і прасіў аб адтэрміноўцы выканання прысуду на час разгляду справы.

19 траўня Гомельскі абласны суд вынес чарговы смяротны прысуд у дачыненні да 33-гадовага жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава, абвінавачанага ў згвалтаванні і забойстве дзвюх маладых жанчын. Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь.

На дадзены момант у чаканні выканання прысуду ў спецкалідоры СІЗА № 1 у г. Менску знаходзяцца яшчэ тры чалавекі: Іван Кулеш, Генадзь Якавіцкі і Сяргей Хмялеўскі.

Еўрасаюз асудзіў вынясенне чарговага смяротнага прысуду ў Беларусі і заклікаў улады краіны далучыцца да глабальнага мараторыя на смяротнае пакаранне.

Кіраўнік Бюро па правах чалавека і дэмакратычных інстытутах АБСЕ (БДІПЧ) Міхаэль Георг Лінк таксама зноў заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне ў адказ на паведамленні аб прывядзенні ў выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да Сяргея Іванова і пастановы Вярхоўнага суда краіны па захаванні ў сіле смяротнага прысуду ў дачыненні да Сяргея Хмялеўскага.

Amnesty International рашуча асудзіла расстрэл 22-гадовага Сяргея Іванова ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства