Суд над Кулаковым: у сведак – амнезія, а ў суддзі – штраф
У судзе Першамайскага раёна Мінска 25 траўня адбыўся суд над актывістам “Еўрапейскай Беларусі” Леанідам Кулаковым. Яго абвінавацілі ва ўдзеле адразу ў двух акцыях: "Праспект нацыянальнага сцяга" 14 траўня і ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса 15 траўня. Прычым супрацоўнікі міліцыі склалі па два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях – за удзел у неснкцыянаванай акцыі і за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.
Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Цыкал. Сведкі, супрацоўнікі АМАПу, спасылаліся, што нічога не памятаюць, блыталіся ў паказаннях і сцвярджалі ў адзін голас, што ў мегафон папярэджвалі, прасілі разысціся, але што крычаў Кулакоў - не памятаюць, з чым стаяў - таксама не памятаюць.
Леанід Кулакоў нагадаў суддзі аб крымінальнай адказнасці і запытаўся:
“Вось вы мяне судзіце за тое, што я трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг. А калі з гэтым сцягам народ пойдзе абараняць сваю краіну, вы што, таксама ўсіх будзеце судзіць?”
- Да справы гэта не адносіцца, - адказаў суддзя і вынес пастанову аб пакаранні Кулакова штрафам у памеры 40 базавых велічынь ( 8 мільёнаў 400 тысяч рублёў).
Максім Вінярскі, які прысутнічаў на судзе, паведаміў праваабаронцам, што сёння ў Першамайскім судзе таксама разглядаліся адміністрацыйныя справы Ніны Багінскай (суддзя Святлана Чараповіч), Паўла Пальчэўскага, Ядвігі Бязлюдавай (суддзя Ярмоленкаў).