viasna on patreon

Другі судны дзень над раварыстамі "Крытычнай масы": разгляды адкладзеныя на 19 траўня

2016 2016-05-16T14:59:31+0300 2016-05-16T16:15:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krytmassa_29.04_10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Традыцыйная роварная паездка “Крытычная маса” 29 красавіка 2016 года

Традыцыйная роварная паездка “Крытычная маса” 29 красавіка 2016 года

16 траўня з 11.00 і 14.30 праходзяць суды над двума ўдзельнікамі “Крытычнай масы” Дзмітрыем Пахомавым і Кірылам Падабедам адпаведна.

Справу па ч. 1 арт. 23.4 КаАП “Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы” у адносінах да Дзмітрыя Пахомава разглядае суддзя Вікторыя Шабуня.

Пры допыце сам Дзмітрый Пахомаў сцвярджае, што не супраціўляўся і ўвогуле не рухаўся па праезнай частцы. У момант затрымання ўдзельнікаў “Крытычнай массы” стаяў на роварнай дарожцы і здымаў відэа таго, што адбываецца. Пры затрыманні супрацоўнікі АМАПу яго білі, забралі тэлефон і выдалілі з яго відэазапіс.

З боку абвінавачвання сведчылі супрацоўнікі АМАПу: Цімашэнка А., Ляднёў, якія не маглі ўзгадаць, які быў ровар у Дзмітрыя Пахомава, у што ён быў апрануты. Свае дзеянні яны грунтуюць на тым, што рухаліся на службовым аўтамабіле, пабачылі як раварысты не слухаюць патрабаванні ДАІ і вырашылі дапамагчы,  затрымалі і занеслі ў службовы аўтамабіль. Леднёў сцьвярджае, што не было прыказу на затрыманне, вырашылі самі дапамагчы, бо гэта іх праца.

Сведкай выступіў і інспектар ДПС Фандо Сяргей, які пісаў рапарт, але як высветлілася асабіста яму Дзмітрый Пахомаў супраціву не аказваў, працэсу затрымання ён не бачыў.

З боку абароны сведкамі выступілі жонка і сябр раварыста, якія былі на роварнай прагулцы і бачылі затрыманне. Падцвярджаюць, што Дзмітрыя затрымлівалі на тратуары, ПДР ён не парушаў.

У судзе хадайнічаюць аб праглядзе відэазапісу, суддзя аб’яўляе перапынак.

У 14.30 пачаўся разгляд аналагічнай справы ў адносінах да Кірыла Падабеда.

Абвінавачаны распавядае, што рухаўся на ровары не па праезнай частцы. У момант затрымання атрымаў некалькі ўдараў ззаду, разбілі яго тэлефон, парвалі заплечнік. У будынку РУУС на іх аказвалі ціск, і пад ціскам ён падпісаў абодва пратаколы.

Супрацоўнікі ДАІ з абедзвюх машын - Фандо С. і Калтуноў, што былі на месцы, паведамілі суду, што Кірыла Падабеда ня затрымлівалі, як ён супраціўляўся не бачылі, хто яго затрымліваў не ведаюць.
А супрацоўнік АМАПу Дубавец Яўген, які сведчыў адразу пасьля іх, заявіў, што аказваў дапамогу супрацоўнікам ДАІ, якія затрымлівалі Кірыла Падабеда. Дакладна памятаў, што ён аказваў супраціў менавіта супрацоўнікам ДАІ, кідаўся на іх, хапаў за рукавы. Пасля таго, як суддзя нагадала сведку пра адказнасць за дачу ілжывых паказанняў, сказаў, што не памятае дакладна, ці было такое.
Суддзя пагадзілася з хадайніцтвам праглядзець відэа, але палічыла, што сёння няма такой магчымасці.

Абодва судовых працэса прыпыненыя да 19 траўня: у 12.00 працягнецца разгляд па справе Дзмітрыя Пахомава, а ў 15.30 - па справе Кірыла Падабеда.

Нагадаем, 12 траўня адбыліся судовыя разгляды спраў па ч.1 арт. 23.4 датычна Аляксея Адамовіча і Кірыла Кажэнава. Суд адправіў абедзве справы на дапрацоўку ў Цэнтральны РУУС г. Мінска.

Жорсткае затрыманне веласіпедыстаў-удзельнікаў "Крытычнай масы" адбылося ўвечары 29 красавіка. У выніку грубых дзеянняў АМАПа, было затрымана 6 чалавек, якіх моцна зьбілі і адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней чацвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху і аказанні супраціўлення супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх былі распачатыя крымінальныя справы па арт. 364 Крымінальнага кодэкса.

Затрыманаму Дзмітрыю Паліенку вечарам 6 траўня прад’явілі абвінавачванні. На дадзены момант ён знаходізцца ў Жодзінскім СІЗА: 222160, Мінская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22а.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў з заявай з нагоды ўтрымання пад вартай удзельніка “Крытычнай масы” Дзмітрыя Паліенкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства