Выданні “Вясны” прайшлі праверку на экстрэмізм

2016 2016-05-16T12:13:59+0300 2016-05-16T12:15:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/asvechanyia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вокладка кнігі "Асьвечаныя Беларушчынай".

Вокладка кнігі "Асьвечаныя Беларушчынай".

19 лістапада 2015 года ў жыхара Ліды Аляксандра Ганевіча пры перасячэнні літоўска-беларускай мяжы быў канфіскаваны шэраг праваабарончых кніг. Сярод іх – выданні ПЦ “Вясна”: кніга эсэ Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай”, брашура ПЦ “Вясна” і FIDH “Паўсюднае парушэнне працоўных правоў і прымусовая праца ў Рэспубліцы Беларусі”, і кніга “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”.

Супрацоўнікі Ашмянскай мытні накіравалі вынятыя выданні ў Гарадзенскую абласную экспертную камісію на праверку наяўнасці ў іх прыкметаў праяўлення экстрэмізму.

Напрыканцы сакавіка абласной камісіяй было падрыхтаванае экспертнае заключэнне, з якога вынікае, што прыкметаў праяўлення экстрэмізму ў вышэйпералічаных выданнях не знойдзена.

Адметна, што спробы адшукаць экстрэмізм у кнізе "Асьвечаныя Беларушчынай” рабіліся і раней. Так, 3 ліпеня 2013 года ў праваабаронцы Таццяны Рэвяка супрацоўнікі той жа Ашмянскай мытні канфіскавалі некалькі дзесяткаў асобнікаў гэтага выдання. І хаця Гарадзенская абласная экспертная камісія прыкметаў экстрэмізму не знайшла, тым не меней прыйшла да высновы, што “дадзеная друкаваная прадукцыя можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”.

А ў рашэнні па грамадзянскай справе па скарзе Таццяны Рэвяка на дзеянні службовых асобаў мытні, суд Ашмянскага раёна, абапіраючыся на думку экспертаў, прыходзіць да наступнага, больш “глабальнага” меркавання:

“Ацаніўшы сабраныя па справе доказы па свайму ўнутранаму перакананню, у тым ліку і шляхам азнаямлення з даследуемым спецыялістамі друкаваным выданнем, суд прыходзіць да высновы, што змест дадзенай прадукцыя можа прычыніць шкоду палітычным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнай бяспекі і маральнасці грамадзян”.

Як бачна, апошнія высновы гарадзенскіх экспертаў змянілі сваю аафарбоўку на больш нейтральную.

Праваабаронцы канстатуюць, што пошукі экстрэмізму ў друкаванай літаратуры, якая ўвозіцца ў Беларусь з-за мяжы, досыць распаўсюджаная з’ява. Напрыклад 29 лютага суд Ленінскага раёну Брэста  пакінуў без зменаў рашэнне экспертаў пра "экстрэмізм" у кнігах Зянона Пазняка "Добрая фатаграфія" і "Абарона Курапатаў. Народны мемарыял".

Больш поўную інфармацыю аб выпадках вынятку друкаванай літаратуры на мяжы можна атрымаць на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства