viasna on patreon

Як ідуць справы з грамадскім кантролем за месцамі пазбаўлення волі?

2016 2016-05-06T15:12:50+0300 2016-05-06T15:24:43+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalonia-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: bel.sputnik.by

Фота: bel.sputnik.by

Ці ёсць нейкія змены за апошнія гады ў кантролі за месцамі пазбаўлення волі, разбірае юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка.

Праваабаронца прыводзіць некалькі аргументаў на карысць таго, што грамадскія назіральныя камісіі (ГНК) не з’яўляюцца паўнавартасным інструментам грамадскага кантролю за выкананнем правоў зняволеных, а роля грамадскіх інстытутаў носіць дэкларатыўны характар.

1. Колькасныя паказчыкі дзейнасці

За 2013 год камісіі наведалі 8 месцаў пазбаўлення і абмежавання волі.

За 2014 год прадстаўнікі грамадскіх назіральных камісій (усяго восем камісій) наведалі 7 устаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці.

За 2015 год на сайце Міністэрства юстыцыі змяшчаецца інфармацыя пра наведванне членамі васьмі ГНК толькі трох устаноў ДВП МУС.

2. Склад камісій

У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку ажыццяўлення грамадскімі аб'яднаннямі кантролю за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, зацверджаным Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 15.09.2006 № 1220, сябрамі камісіі могуць быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі ўзросту 25 гадоў і з'яўляюцца прадстаўнікамі зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку грамадскіх аб'яднанняў, статутнай мэтай або напрамкам дзейнасці якіх з'яўляецца абарона правоў грамадзян, у тым ліку садзейнічанне абароне правоў асуджаных да пакаранняў і iншых мераў крымінальнай адказнасці, і іншых грамадскіх аб'яднанняў. Прадстаўнікі не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку аб'яднанняў, ініцыятыў і груп грамадзянаў, а таксама некамерцыйных арганізацый, створаных і зарэгістраваных у форме фондаў і ўстаноў, у склад ГНК не ўключаюцца.

Як раз прадстаўнікі «іншых грамадскіх аб'яднанняў», дзейнасць, мэты і задачы якіх не звязаныя з абаронай правоў грамадзян, у тым ліку асуджаных, і з'яўляюцца ў пераважнай колькасці членамі камісій.

3. Парадак утварэння камісіі

Грамадскае аб'яднанне, якое вылучыла кандыдатуру члена камісіі, накіроўвае ў Міністэрства юстыцыі (галоўнае ўпраўленне юстыцыі абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта) прапанову аб зацвярджэнні дадзенай кандыдатуры і прадастаўляе для сцвярджэння характарыстыку і асабісты ліст кандыдата ў члены камісіі па форме, якая зацвярджаецца гэтым Мiнiстэрствам.

Міністэрства юстыцыі (галоўнае ўпраўленне юстыцыі абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта) прымае рашэнне аб зацвярджэнні кандыдатуры члена камісіі альбо аб адхіленні прапанаванай кандыдатуры. Персанальны склад Рэспубліканскай камісіі зацвярджаецца загадам Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Персанальны склад абласной, Мiнскай гарадской камiсiй зацвярджаецца загадам начальніка ўпраўлення юстыцыі адпаведнага абласнога, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Гэта азначае, што фарміраванне грамадскай структуры для правядзення грамадскага кантролю знаходзіцца цалкам у вядзенні органа выканаўчай улады.

Палажэнне не прадугледжвае вызначанага парадку адбору членаў ГНК з ліку кандыдатаў, роўна як не прадугледжвае крытэрыяў, па якіх прэтэндэнты ў члены ГНК уключаюцца ў яе склад. Устаноўлены толькі фармальныя падставы для адмовы: сябрамі камісій не могуць быць асобы, якія маюць нязнятую або непагашаную судзімасць, альбо прызнаныя па рашэнні суда недзеяздольнымi або абмежавана дзеяздольнымi, а таксама суддзі і адвакаты. Акрамя таго, членамі абласных назіральных камісій не могуць быць члены рэспубліканскіх і міжнародных грамадскіх аб'яднанняў, якія ня маюць сваіх арганізацыйных структур, зарэгістраваных у адпаведнай вобласці.

4. Сфера кантролю

Сфера кантролю ГНК абмежаваная папраўчымі ўстановамі адкрытага тыпу, арыштнымі дамамі, папраўчымі ўстановамі, крымінальна-выканаўчымі інспекцыямі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў. Кантроль следчых ізалятараў абмежаваны кантролем у адносiнах да асуджаных да пазбаўлення волі, пакінутых у следчых ізалятарах для выканання работ па гаспадарчым абслугоўванні.

Такім чынам, кантроль выканання правоў у СІЗА ў дачыненні да асоб, якія знаходзяцца пад вартай да рашэння суда ў ізалятарах тэрытарыяльных АУС, ЛПП, цэнтрах ўтрымання правапарушальнікаў, прыёмніках-размеркавальніках і іншых месцах несвабоды, не ўваходзіць у кампетэнцыю ГНК.

5. Правы членаў камісіі

Члены камісіі маюць права наведваць папраўчыя ўстановы толькі пасля атрымання адпаведнага дазволу ў упраўленнях Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў па вобласці, па г. Мінску і Мінскай вобласці. Для атрымання дазволу падаецца заява, дзе ўказваецца мэта наведвання і колькасць членаў камісіі. Гэта азначае, што орган, чыю працу кантралюе ГНК, мае права адмовіць кантралюючаму суб'екту ў прадастаўленні магчымасці ажыццяўляць кантроль, а роўна ведаць загадзя дэталі кантролю.

Дазвол кіраўніка тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў патрабуецца нават для наведвання крымінальна-выканаўчай інспекцыі тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў - звычайнай ўстановы АУС, дзе няма рэжымных абмежаванняў, і які звычайны грамадзянін можа наведваць без дазволаў.

Не замацавана ў законе права сяброў ГНК гутарыць з асуджанымі сам-насам. З ранейшай рэдакцыі Палажэння выключана прамое ўказанне на тое, што гутарка адбываецца ў прысутнасці супрацоўніка папраўчай установы, але гэта не азначае гарантыі на размову сам-насам ва ўмовах, калі супрацоўнікі ПУ ня ажыццяўляюць кантроль за зместам гутаркі (як гэта замацавана, напрыклад, у заканадаўстве аб адвакатуры).

Пасля атрымання дазволу на наведванне ўстановы або дадзенай крымінальна-выканаўчай інспекцыі, камісія папярэдне інфармуе начальніка ўстановы пра дату і час наведвання.

Пры ажыццяўленні кантролю сябрам камісіі забараняецца, у тым ліку, ажыццяўляць кіна-, фота-, відэаздымкі і аўдыёзапіс; прымаць ад асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення, пісьмовыя звароты. Гэтыя забароны выпустошваюць магчымасці членаў ГНК па кантролі за дзейнасцю органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці. Так, выявіўшы адпаведнае парушэнне, член ГНК пазбаўлены магчымасці яго зафіксаваць на фота і відэа. Таксама, у выпадку атрымання членамі ГНК звестак аб катаваннях, жорсткім абыходжанні са зняволенымі, няма магчымасці зафіксаваць сляды збіцця, атрымаць ад зняволенага на месцы пісьмовыя сведчанні або тлумачэння.

Нарэшце, у вязьня няма магчымасці ўступаць у канфідэнцыйную перапіску з ГНК.

6. Фінансаванне дзейнасці камісій

Грамадскае аб'яднанне, якое вылучылі кандыдатуру члена камісіі, мае права кампенсаваць члену камісіі выдаткі, звязаныя з ажыццяўленнем яго дзейнасці. Фінансавання дзейнасці камісій дзяржавай не робіцца.

7. Развіццё інстытута грамадскага кантролю

Апошнія змены ў заканадаўства аб ГНК унесеныя ў 2011 годзе і прадугледзелі права сяброў ГНК праводзіць анкетаванне асобаў, якiя ўтрымлiваюцца ва ўстановах, па форме, зацверджанай Міністэрствам юстыцыі па ўзгадненні з Міністэрствам унутраных спраў; запытваць у адміністрацыі ўстановы звесткі і дакументы, неабходныя для правядзення грамадскага кантролю і падрыхтоўкі заключэнняў, за выключэннем дакументаў з асабістых спраў зняволеных.

Сам факт абмежавання магчымасці анкетаваць зняволеных якой-небудзь формай неабгрунтаваны. Анкета зацверджанага ўзору не ўтрымлівае многіх важных для ажыццяўлення кантролю пытанняў; у ёй шмат пытанняў, для адказу на якія неабходна добра ведаць заканадаўства; ёсць празмерна агульныя пытанні.

Для ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці ГНК было б важна даведацца, колькі раз члены ГНК скарысталіся правам запытаць дакументы і звесткі.

8. Месца грамадскіх аб'яднанняў у грамадскім кантролі

Удзел грамадскіх аб'яднанняў у дзейнасці органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, у адпаведнасці з Палажэннем, ажыццяўляецца

па наступных напрамках:

  • паляпшэнне ўмоваў утрымання і медыка-санітарнага забеспячэння асуджаных, якія знаходзяцца ва ўстановах;
  • удзел у арганізацыі працы, вольнага часу, навучання асуджаных;
  • удзел у маральным, прававым, культурным, сацыяльным, працоўным, фізічным выхаванні і развіцці асуджаных;
  • забеспячэнне свабоды сумлення і свабоды веравызнання асуджаных, якія знаходзяцца ва ўстановах;
  • аказанне дапамогi асуджаным у падрыхтоўцы да вызвалення, вырашэнні пытанняў жыллёва-бытавога характару, працаўладкавання, медыцынскага абслугоўвання і сацыяльнага забеспячэння, сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі і адаптацыі;
  • ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы органаў і ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці;

з улікам рэкамендацый ГНК ў наступных формах:

  • аказанне органам і ўстановам, што выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці, бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі;
  • фінансаванне праграм садзейнічання органам і ўстановам, што выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці;
  • у іншых формах, не забароненых заканадаўчымі актамі.

Гэта азначае, што ўдзел грамадскіх аб'яднанняў і праваабаронцаў у кантролі за месцамі пазбаўлення волі немагчыма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства