viasna on patreon

Генпракуратура прыняла да разгляду крымінальную справу па факце смерці Ігара Пцічкіна ў СІЗА

2016 2016-05-04T14:05:56+0300 2016-05-04T14:35:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ptichkina-zhana-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Жанна Пцічкіна

Жанна Пцічкіна

Генеральная пракуратура разгледзела зварот Жаны Пцічкінай, маці загінулага ў СІЗА №1 Ігара Пцічкіна, у якім яна выказвала нязгоду з вынесенай раней пастановай Следчага камітэта аб спыненні папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, узбуджанай па факце смерці сына. Маці ня верыць у выпадковасць ягонай смерці ад спынення сэрца, і хоча, каб трагічны выпадак быў расследаваны, а вінаватыя - пакараныя.

Па выніках гэтага разгляду апошняе рашэнне СК было адмененае, а крымінальная справа прынятая да разгляду Генеральнай пракуратурай, што здараецца, дарэчы, вельмі рэдка  і сведчыць аб некампетэнтнасці следчых органаў, якія праводзілі расследаванне.

У ходзе далейшага расследавання Генпракуратура праверыць довады Жаны Пцічкінай аб здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў у адносінах да І. Пцічкіна.

“Думаю, што горш ужо не будзе, – кажа Жана Пцічкіна, каментуючы рашэнне Генпракуратуры. – Калі не мог разабрацца Следчы камітэт, дык можа атрымаецца ў Генеральнай пракуратуры? Сына забілі за чатыры дні, а зараз прайшло 3 гады, тры экспертызы правялі, і нічога ад следчых нельга дабіцца. Вось Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, на паседжанні Следчага камітэту ў лютым казаў, што для следчых галоўным павінен быць чалавек і ні ў якім разе ад яго нельга адмахвацца, што следчыя павінны быць проста народнымі людзьмі, - казаў ён, -- дык чаму мы павінны здраджваць людзям, якія на нас сёння працуюць і прыходзяць да нас з заявай аб дапамозе".

Жанчына спадзяецца, што пасля ўмяшальніцтва Генпракуратуры справа зрушыцца з мёртвай кропкі і ўрэшце дойдзе да суду.

Нагадаем, маці памерлага ў СІЗА Ігара Пцічкіна працяглы час, з дапамогаю праваабаронцаў “Вясны”, дамагаецца аднаўлення справядлівасці, імкнецца высветліць акалічнасці смерці сына і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці асоб, вінаватых у гэтай трагедыі. Яе доўга не дапускалі да азнаямлення з матэрыяламі праверкі па крымінальнай справе. Хоць папярэдняе расследаванне па факце смерці І. Пцічкіна было завершана яшчэ ў студзені 2015 года.

Мінчук Ігар Пцічкін памёр у СІЗА 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адсідкі на "Валадарцы", дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. Адміністрацыя ізалятару заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, аднак сваякі знайшлі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў і дамагліся ўзбуджэння крымінальнай справы, якая некалькі разоў прыпынялася.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства