У дваіх затрыманых раварыстаў адбыліся вобшукі. Узбуджаны крымінальныя справы
Як паведаміла ПЦ “Вясна” дзяўчына аднаго з затрыманых 29 красавіка на Крытычнай масе раварыста, сёння ў іх кватэры адбыўся вобшук.
Станіслава Канавалава 30 красавіка прывялі дамоў у кайданках супрацоўнікі міліцыі. Пры суседзях, якія былі ў якасці панятых, правялі вобшук: шукалі флэшкі і іншыя носьбіты інфармацыі. У выніку забралі жорсткі дыск з кампьютэра, пасля чаго з’ехалі разам з затрыманым.
Аналагічная сітуацыя адбылася і ў другога затрыманага – Дзмітрыя Паліенкі.
Сёння раніцай ў афіцыйным твітары ГУУС з’явілася наступная інфармацыя:
“хутка будзе на сайце ГУУС. Трэба відэа апрацаваць, тэкст ўзгадніць. Але там усё няпроста, аж да крымінальных спраў”
Аднак адпаведная інфармацыя на сайце ГУУС дагэтуль не з'явілася.
Па неафіцыйнай інфармацыі ў дачыненні да хлопцаў узбуджана крымінальная справа па ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу - "Хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання". Цяпер хлопцам паграджае да шасці гадоў зняволення.