Затрыманні ўдзельнікаў "Крытычнай масы" у Мінску

2016 2016-04-29T21:11:55+0300 2016-05-03T17:30:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/krit-massa_29.04.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як стала вядома праваабаронцам, вечарам 29 красавіка было затрымана не менш за шэсць раварыстаў-удзельнікаў "Крытычнай масы".

Каля 35 чалавек сабралася сёння каля Опернага тэатру, каб праехаць па горадзе на роварах і заявіць пра правы раварыстаў на дарозе. Таксама на месцы збора былі заўважаны 10 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, чатыры АМАПаўцы. За падзеямі сачыў назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Кірыл Кажэнаў, які ехаў па ходніках у канцы калоны.

Каля стэлы канец калоны раварыстаў падрэзаў бардовы мікрааўтобус, адтуль выскачылі супрацоўнікі АМАПу, якія затрымалі шэсць чалавек, у тым ліку і назіральніка БХК. Маладых людзей закінулі ў аўтобус тварам у падлогу, наносілі ім удары ў жывот і па тварах. Зверху на затрыманых закінулі ровары і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Магчыма затрымана большая колькасць удзельнікаў "Крытычнай масы".

У РУУС інфармацыю пра затрыманні не падцвярджаюць. Вядома, што адзін з затрыманых грамадзянін Расійскай Федэрацыі Пахомаў Дзмітрый. Таксама сярод затрыманых Аляксей Адамовіч, Стас Барэцкі, Кірыл Падабед.

"Такога ніколі не было дагэтуль. Самае жорсткае прэсаванне было перад выбарамі: пару ДАІшнікаў, мікрааўтобус з АМАПам. А сёння проста жэсць нейкая, паляванне!" - кажа адзін з удзельнікаў велапрабега.

Назіральнікі, якія прысутнічаюць каля РУУС, бачылі праз вакно, як хлопцаў па чарзе падводзілі да стала і давалі распісацца ў паперах. Потым усіх затрыманых паставілі тварам да сцяны, а ў гэты час да будынка пад'ехаў бардовы мікрааўтобус, у якім прывезлі хлопцаў.

Каля 23.30 аднаго з хлопцаў адпусцілі. Ён паведаміў, што затрыманымі застаюцца яшчэ 5 чалавек, усіх прымушалі падпісаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Двое хлопецаў адмовіліся гэта рабіць, у іх забралі асабістыя рэчы, у тым ліку шнуркі.

Хлопцаў выпускаюць, з РУВД выкатваюць ровары затрыманых. Але дваіх, што не падпісалі пратаколы, відавочна адвязуць у ЦІП.

На афіцыйнай старонцы ГУУС у сацсетцы УКантакце з'явілася папярэдняя інфармацыя:

Сёння вечарам у Мінску ля Тэатра оперы і балета сабраліся веласіпедысты ў колькасці ад 20 да 30 чалавек. Некалькі з іх мелі пры сабе чорна-зялёныя сцягі. Каля 19.20 калона накіравалася ў бок музея Вялікай айчыннай вайны. У раёне стэлы «Мінск - горад-герой» група веласіпедыстаў, груба парушаючы патрабаванні Правіл дарожнага руху, выехала на праезную частку. На неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ (апошнія вымушаны былі выкарыстоўваць гукаўзмацняльную апаратуру і прабліскавыя маячкі) не рэагавалі. Пры спробе спыніць супрацьпраўныя дзеянні і вярнуць іх на тратуар, парушальнікі правапарадку аказалі непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. А адзін з удзельнікаў кінуўся ў бойку з супрацоўнікам ДАІ, пашкодзіў яму форменнае абмундзіраванне. Шасцёра завадатараў бойкі былі затрыманыя і дастаўлены ў Цэнтральнае РУУС г.Мінска для разбору. Іх дзеянням даецца прававая ацэнка. Больш падрабязна аб здарэнні мы раскажам заўтра раніцай.

Мінская міліцыя

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства