Маці не пакідае надзеі знайсці вінаватых у смерці свайго сына ў турме

2016 2016-04-29T09:42:16+0300 2016-04-29T10:55:19+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bagdanava-maryia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Марына Георгіеўна Багданава.

Марына Георгіеўна Багданава.

Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэту часткова задаволіў скаргу жыхаркі Мінска Марыны Багданавай у сувязі са смерцю яе сына ў Жодзінскай турме №8. Яна паўторна прасіла следчых узбудзіць крымінальную справу па факце неналежнага выканання службовымі асобамі турмы сваіх абавязкаў, якія маглі стаць прычынай смерці яе сына Алега Багданава, а таксама адмяніць пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, прынятую раней.

Перакананыя ў халатнасці медыцынскага персаналу турмы, бацькі Алега ў сакавіку ўжо звярталіся ў Жодзінскі гарадскі аддзел СК з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медработнікамі Жодзінскай турмы №8.

Пасля правядзення праверкі, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ім было адмоўлена, але як вынікала з адказу Жодзінскага гараддзела СК, у выпадку, калі будзе атрыманае заключэнне новай, камісійнай судова-медыцынскай экспертызы і пры наяўнасці прыкметаў складу злачынства, пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы можа быць адмененая.

Не пагадзіўшыся з такім адказам, Марына Багданава 2 красавіка паўторна звяртаецца са скаргай у Жодзінскі гарадскі аддзел СК і праз два тыдні атрымлівае адказ:

“пакінуць без задавальнення скаргу Багданавай М.Г. у частцы ўзбуджэння крымінальнай справы у сувязі з неналежным выкананнем сваіх абавязкаў работнікамі ПУ “Турма№8” і задаволіць скаргу Багданавай у частцы неабходнасць адмены пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Багданава А.В. і правядзення па матэрыялу дадатковай праверкі, у тым ліку і для высвятлення пытанняў і праверкі довадаў, прыведзеных у разглядаемай скарзе”.

Начальнік Жодзінскага гарадскога адзела СК М. Кузняцоў паведамляе жанчыне аб тым, што смерць Багданава А. наступіла па прычыне захворвання, якое мелася ў яго і не носіць “крымінальны” характар, абумоўлены дзеяннямі трэціх асобаў.

У той жа час, пры правядзенні праверкі, на думку следства, з’явілася неабходнасць высветліць, ці належным чынам выконвалі свае абавязкі медыцынскія работнікі сістэмы ДВП МУС, у сувязі з чым была ініцыяваная службовая праверка, па выніках якой ва ўпраўленні складаных судова-медыцынскіх экспертыз прызначаная складаная экспертыза.  Менавіта пасля яе правядзення ў следства могуць з’явіцца падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы.

У жніўні 2015 года 36-ці гадовы Алег Багданаў патрапіў у п’яную бойку. Хлопца затрымалі, а ў канцы снежня 2015 года судом Ленінскага раёна Мінска ён быў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію ўзмоцненага рэжыму. 

Асаблівасць адбыцця пакарання  Алега Багданава ў “Турме №8” г. Жодзіна палягала ў тым, што да свайго зняволення ён стаяў на ўліку ў кардыялагічным цэнтры, рэгулярна абследаваўся, а ў 2014 годзе яму была зробленая тэрміновая аперацыя на сэрцы. Пры абследаванні перад аперацыяй высветлілася, што ў Алега ў дадатак адсутнічае адзін сардэчны клапан, таму замест яго паставілі пратэз. Багданаў атрымаў ІІІ групу інваліднасці, страціў працу.

Вечарам 28 студзеня 2015 года Алега Багданава за парушэнні правілаў унутранага распарадку перавялі з камеры 97 у адзіночную камеру 107, а па-просту – у карцэр.

На наступны дзень раніцай Алегу Багданаву стала блага. Быў выкліканы фельчар, іншыя работнікі турмы, пачаліся рэанімацыйныя мерапрыемствы, да якіх праз паўгадзіны далучыліся і ўрачы хуткай дапамогі. У 7 гадзін 40 хвілін была канстатавана смерць.

Марына Багданава, не пагадзіўшыся з тым, што яе скарга ў Жлобінскі гарадскі Следчы камітэт задаволеная толькі часткова, звярнулася са скаргай у гарадскую пракуратуру.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства