viasna on patreon

У Оршы правялі грамадскую дыскусію “Блакада чыгункі ў Оршы, што гэта было?”

2016 2016-04-27T20:40:00+0300 2016-04-28T12:39:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/orsha-strajk1991-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Імпрэза прайшла 26 красавіка. На сустрэчы ўдзельнікаў красавіцкіх падзеяў 25-гадовай даўніны была прэзентавана выстава дакументальных фотаздымкаў і адбылася прэм’ера дакументальнага фільма  «Орша 1991».

“Цэнтр даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі” сабраў успаміны ўдзельнікаў і відавочцаў тагачасных падзей, якія ляглі ў аснову дакументальнай стужкі,  створанай Палінай Сцепаненка (аўтар сцэнарыя) і  Віктарам Траццяковым (рэжысёр).

Герояў фільма «Орша 1991» даводзілася шукаць нялёгка, бо многія людзі дагэтуль апасаюцца наступстваў і лічаць за лепшае не згадваць, як з 24 па 26 красавіка 1991 года рабочыя аршанскіх прадпрыемстваў спынілі рух цягнікоў, выйшаўшы на рэйкі на знак пратэсту супраць падвышэння коштаў і нізкіх заробкаў. Тым не менш, такія людзі знайшліся, у тым ліку інтэрв’ю пра тыя падзеі далі і кіраўнік страйкавага камітэту Мікалай Разумаў, і тагачасны начальнік міліцыі Аляксандр Длугаш, які не стаў гвалтам разганяць страйкоўцаў.

Удзельнікі блакады чыгункі Ігар Грышанаў, Віктар Андрэеў, Юрый Санько знайшлі ў хатніх архівах нямала дакументальных фотаздымкаў, якія склалі ўнікальную фотаэкспазіцыю. А яшчэ кожны прысутны на дыскусіі атрымаў гістарычны фотаздымак у якасці сувеніра і напаміна пра падзеі, якія дагэтуль не маюць аналагаў у Беларусі.

Паводле кіраўніцы “Цэнтру даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі”, ёсць намер працягваць працу па зборы дакументаў і сведчанняў пра  аршанскія падзеі 24-26 красавіка 1991 года ў Воршы. Гэта былі першыя масавыя выступы рабочых у найноўшай гісторыі Беларусі, першыя вулічныя акцыі пратэсту. Іх удзельнікі ўжо сыходзяць, і таму вельмі важна паспець зафіксаваць тое, што зусім нядаўна было падзеямі звычайнага чалавечага жыцця, і на вачах сучаснікаў ператвараецца ў гістарычныя падзеі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства