У Бялыніцкім раёне бюджэтнікаў вывелі на навядзенне парадку да чакаемага прыезду Лукашэнкі

2016 2016-04-27T18:31:57+0300 2016-04-27T18:33:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/subotniki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бялыніцкім раёне мясцовыя ўлады рыхтуюцца да мяркуемага візіту кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. У сувязі з чакаемым прыездам Аляксандра Рыгоравіча супрацоўнікі дарожных арганізацый, лясгасу, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і адпраўленыя ім на дапамогу “бюджэтнікі” актыўна наводзяць парадак на палетках каля трасы Мінск-Магілёў, высякаюць хмызняк і праводзяць добраўпарадкаванне на тэрыторыі размешчаных каля аўтамагістралі вёсак.

Згодна неафіцыйнай інфармацыі, мяркуецца, што кіраўнік краіны наведае СВК “Калгас “Радзіма” і цэнтр гаспадаркі аграгарадок Вішоў напрыканцы гэтага тыдня. Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў гаспадарку некалькі разоў пераносіўся, аднак менавіта зараз рэзка актывізаваліся працы па навядзенню “паказухі” з прыцягненнем працаўнікоў розных арганізацый раёна. У панядзелак 25 красавіка мясцовыя жыхары маглі назіраць, як аблёт трасы Мінск-Магілёў на тэрыторыі Бялыніцкага раёна ажыццяўляў верталёт. Такім чынам магілёўскія чыноўнікі правяралі гатоўнасць раёна да прылёту кіраўніка краіны з паветра.

СВК “Калгас “Радзіма” з’яўляецца адным з лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Магілёўскай вобласці. Ужо шмат гадоў гаспадарку ўзначальвае Аляксандр Лапацентаў, пад кіраўніцтвам якога “Радзіма” сапраўды дабілася не толькі добрых эканамічных паказчыкаў, але і стварыла годныя ўмовы працы для сваіх працаўнікоў. Аляксандр Лукашэнка раней ужо наведваў вёску Гняздзін і малочна-таварны комплекс у СВК “Калгас “Радзіма” у 2004 годзе, а ў 2014 годзе кіраўнік краіны пабываў на мясцовым сырадзельным заводзе ў Бялынічах.

У прыватных гутарках жыхары Бялыніцкага раёна выказваюць здзіўленне, чаму да візіту кіраўніка краіны зноў рыхтуецца лепшая гаспадарка раёна, у якой сапраўды ёсць што паглядзець, а не больш занядбалыя, у якіх людзі літаральна выжываюць. Мясцовыя жыхары лічаць, што нашмат карысней для Аляксандра Лукашэнкі было б наведаць ААТ “Новая Друць”, якое ўваходзіць у холдынг “Агракамбінат “Мачулішчы” Упраўлення справамі прэзідэнта і фактычна з’яўляецца банкрутам, альбо ААТ “Аграсэрвіс”, працаўнікі якога атрымліваюць капеечныя заробкі. На думку бялынічан, гэта б дазволіла Аляксандру Рыгоравічу лепш даведацца, як на сам рэч жывуць працаўнікі сельскай гаспадаркі ў Бялыніцкім раёне.

Неабходна адзначыць, што раней у красавіку гэтага года ў Бялыніцкім раёне прайшлі ўжо два суботнікі, раённы і рэспубліканскі, удзел у якіх вымушаны былі прыняць супрацоўнікі практычна ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Пасля працы на суботніках працаўнікі да таго ж яшчэ і пералічылі грошы з уласных заробкаў на адмысловы рахунак Бялыніцкага райвыканкама і “на далейшае добраўпарадкаванне райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў раёна”. Між тым, заробкі гэтыя не вельмі вялікія, грошай людзям часцяком хапае толькі на самае неабходнае. Згодна афіцыйных дадзеных, сярэдні заробак працаўнікоў Бялыніцкага раёна ў лютым склаў 5 399,5 тысяч рублёў, аднак многія бялынічане не вельмі вераць інфармацыі статыстыкаў, бо атрымліваюць нашмат менш.

Бялынічане мяркуюць, што практыка правядзення “добраахвотных” суботнікаў і “добраўпарадкавання” тэрыторыі раёна з прыцягненнем супрацоўнікаў разнастайных арганізацый будзе працягнута у бліжэйшы час. На 12 траўня ў Магілёве запланаванае пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, таму кіраўнікі шэрагу раёнаў Магілёўшчыны, у тым ліку Бялыніцкага, атрымалі заданне падрыхтавацца да візіта высокіх гасцей адпаведным чынам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства