viasna on patreon

Аршанскім актывістам забаранілі праводзіць пікет па праблеме шпіталя-“даўгабуда”

2016 2016-04-07T10:40:37+0300 2016-04-07T10:41:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/orsha-paliklinika.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Орша.

Орша.

Актывіст аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Яўген Анішчанка падаваў заяўку на вулічную акцыю, каб абмеркаваць з землякамі праблему “замарожанай” будоўлі новага  корпуса шпіталя імя Сямашкі. Аднак ён нават не атрымаў адказу з выканкаму.

Пікет у цэнтры горада быў запланаваны на 6 красавіка. Аднак ні ў гэты дзень, ні за некалькі дзён перад тым, як патрабуе заканадаўства, адказу з выканкаму не было, кажа Яўген Анішчанка:

“Адказу па пошце я не атрымаў, патэлефанаваў у райвыканкам сам. Сказалі, што нібыта адказ дасылалі яшчэ тыдзень таму, але, мабыць “пошта згубіла”. Прыкра такое чуць: мой зварот дык чамусьці дайшоў, а як грамадзянам адказаць па законе – нібыта і не абавязкова! Сказалі, што “вам забаронена, бо вы ж не дамовіліся з медыкамі, камунальшчыкамі і міліцыяй пра дзяжурства на пікеце”. А дамовіцца з імі немагчыма: яшчэ ў 2012 годзе, калі мы хацелі зладзіць пікет пра аварыйны мост, мы таксама спрабавалі заключыць дамовы. Нават праз суд. Юрысты з міліцыі і паліклінікі ў адзін голас заявілі, што ў іх нават няма прэйскуранту на паслугі паводле замоваў прыватных асоб, і ажыццяўленне такіх паслуг не ўваходзіць у іх прафесійныя абавязкі. Не мае прэйскуранту на прыборку тэрыторыі па замове прыватных асоб і прадпрыемства "Спецаўтабаза”.

Такім чынам, яшчэ адзін пікет у Оршы забаронены, а ўвогуле масавых акцый па ініцыятыве грамадскіх актывістаў у горадзе не было з 2009 года – з тае пары, калі змянліся патрабаванні райвыканкама да падачы заяўкі.

Між тым, праблема “замарожанай” будоўлі паліклінікі – досыць балючая для гараджан. У новым дзесяціпавярховым корпусе, будаўніцтва якога распачалося яшчэ ў 2012 годзе, і які ўзводзіцца за сродкі абласнога бюджэта, планавалі размясціць неўралагічнае, кардыялагічнае, рэанімацыйнае ды іншыя аддзяленні. Адчыніцца яны мусілі яшчэ некалькі гадоў таму, але будаўніцтва аніяк не завершыцца: у 2015 годзе працы спынілі, і аднавіць іх абяцалі толькі ў другім квартале 2016 года.

Аднак і ён ужо пачаўся, але на будаўнічай пляцоўцы людзей няма, і тэхніка па-ранейшаму незадзейнічана.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства