viasna on patreon

На травень прызначаны разгляд скаргі асуджанага да смяротнага пакарання Сяргея Хмялеўскага

2016 2016-03-29T13:38:02+0300 2016-03-29T15:17:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/hmialieuski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Хмялеўскі. Фота tut.by

Сяргей Хмялеўскі. Фота tut.by

Апеляцыйная скарга асуджанага да смяротнага пакарання жыхара пасёлка Мачулішчы Мінскага раёна Сяргея Хмялеўскага будзе разгледжаная ў Вярхоўным судзе 6 траўня. Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”  Андрэй Палуда.

15 лютага Мінскі абласны суд вынес смяротны прысуд 31-гадоваму жыхару пасёлка Мачулішчы Мінскага раёна Сяргею Хмялеўскаму за жорсткае забойства двух і больш асобаў. Гэты цяжкі прысуд быў вынесены пасля перагляду ягонай крымінальнай справы, па якой раней Хмялеўскі быў асуджаны да пажыццёвага зняволення.

Крымінальная справа была ўзбуджаная ў лістападзе 2014 года, пасля таго як у Мінскім раёне пры тушэнні пажару ў прыватным доме супрацоўнікі МНС знайшлі абгарэлыя целы 49-гадовага мясцовага жыхара і яго 48-гадовай сужыцелькі. На целах загінулых былі выяўленыя шматлікія колата-рэзаныя раны шыі і галавы. Следчыя прыйшлі да высновы, што падпал дома быў ажыццёўлены з мэтай утойвання слядоў злачынства.

Пакідаючы месца злачынства, абвінавачаны ў двары дома забітых сустрэў 57-гадовага аднавяскоўца. Жадаючы пазбавіцца ад сведкі, сапхнуў яго ў бетонную яму глыбінёй два метры. У выніку падзення пацярпеламу былі прычынены шматлікія цяжкія цялесныя пашкоджанні, ад якіх праз некалькі тыдняў ён памёр у бальніцы.

Раней абвінавачаны быў неаднаразова судзімы - за крадзеж, рабаванне, разбой, хуліганства, наўмыснае прычыненне менш цяжкага пашкоджання, уцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства і ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі.

Нагадаем, разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання Генадзя Якавіцкага адбудзецца ў Вярхоўным судзе 8 красавіка. Пачатак разгляду ў 9-30. Да гэтага дата судовага паседжання некалькі разоў пераносілася.

А сёння Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах разгледзела ў апеляцыйным парадку скаргу асуджанага да расстрэлу жыхара Лідскага раёна Івана Куляша і пакінула прысуд Гродзенскага абласнога суда ў сіле, а скаргу без задавальнення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства