Справаздача па маніторынгу масавага мерапрыемства “Дзень Волі – 2016”

2016 2016-03-27T14:26:52+0300 2016-07-25T12:19:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dv-2016-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзень волі 25 сакавіка 2016 года ў Мінску.

Дзень волі 25 сакавіка 2016 года ў Мінску.

25 сакавіка 2016 года ў Мінску адбылося масавае мерапрыемства з 17 па 20 гадзін. Дадзенае мерапрыемства з’яўляецца традыцыйным для беларускіх апазіцыйных рухаў і адбываецца штогод з нагоды гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Метадалогія маніторынгу

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончы цэнтр “Вясна” цягам некалькіх гадоў праводзяць сістэматычнае назіранне за масавымі мерапрыемствамі ў Мінску на падставе распрацаванай метадалогіі  маніторынгу, якая ўключае ў сябе: набор і навучанне назіральнікаў прынцыпам грамадскага кантролю, стандартам мірных сходаў  і метадалогіі назірання; запаўненне анкеты назірання падчас вочнага кантролю; апрацоўка анкет і напісанне маніторынгавай справаздачы. Анкеты назірання за масавымі мерапрыемствамі сумесна распрацаваныя праваабарончымі арганізацыямі і ўключаюць пытанні па магчымасці выканання функцыяў назіральнікаў і СМІ, адносна паводзінаў арганізатараў і ўдзельнікаў масавага мерапрыемства, супрацоўнікаў міліцыі, а таксама наяўнасць хуткай дапамогі. Назіральнікі дапускаюцца да назірання толькі ў выпадку згоды на выкананне правілаў і прынцыпаў назірання (незалежнасць і палітычная нейтральнасць; апісанне фактаў, а не меркаванняў; неўмяшанне ў падзею, за якой назіраюць; прыхільнасць да прынцыпаў права: адмова ад любых формаў гвалтоўных дзеянняў і дыскрымінацыйных практык; карэктныя паводзіны). Падчас выконвання сваіх абавязкаў назіральнікі трымаюцца адасобна ад удзельнікаў. Яны абазначаныя бэйджам назіральніка і сінімі камізэлькамі.

Папярэдняя інфармацыя

Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне масавага мерапрыемства на 25 сакавіка 2016 года з 18:00 у Менску, але змяніў маршрут з заяўленага: па праспекце ад кінатэатра “Кастрычнік” да парку Янкі Купалы, на збор удзельнікаў ля кінатэатру “Кастрычнік” з 18:00 да 18.30 і дэманстрацыя да парку Дружбы Народаў. Таксама было забаронена выступаць у якасці арганізатараў заўянікам Аляксею Янукевічу, Мікалаю Статкевічу, Вячаславу Сіўчыку, Анатолю Лябедзьку праз наяўнасць адміністратыўнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве цягам году.

У інфармацыйнай прасторы ад імя арганізатараў паступалі прапановы распачаць мерапрыемства з 17:00 з Купалаўскага скверу і рушыць да дазволенага месца збору па праспекце.

Падчас правядзення масавага мерапрыемства 25 сакавіка 2016 года вочна і бесперапынна ажыццяўлялі грамадскі кантроль 12 назіральнікаў, якія прайшлі адпаведнае навучанне і былі абазначаныя належным чынам.

І. Высновы:

  1. Можна адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства цягам усёй акцыі (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”).
  2. Не зважаючы на выкананне арганізатарамі патрабаванняў заканадаўства пры падачы заяўкі, мелі месца факты абмежавання права на мірныя сходы ў выніку адвольнай змены маршруту масавага мерапрыемства. Сама працэдура атрымання дазволу на права мірнага сходу супярэчыць міжнародным стандартам (рэкамендацыя 129.93 Даклада Рабочай групы па ўніверсальным перыядычным аглядзе Савета па правах чалавека ААН за 2015 год) і дэвальвуе права на мірны сход.
  3. Станоўчым фактарам з’яўляецца адсутнасць прэтэнзіі з боку супрацоўнікаў міліцыі і выканкама да больш вялікай колькасці ўдзельнікаў дэманстрацыі адносна заяўленай, а таксама адсутнасць перашкодаў правядзення часткі мерапрыемства, якая адбывалася без дазволу (мітынг і шэсце ад Купалаўскага скверу).
  4. Трэба адзначыць немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама адсутнасць ідэнтыфікацыйных нумарных знакаў на пераважнай большасці супрацоўнікаў у форме.

 

ІІ. Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

- Першапачаткова ў мітынгу пад помнікам Янку Купале і падчас дэманстрацыі па ходніках праспекта Незалежнасці ў бок Акадэміі Навук прысутнічала каля 500 удзельнікаў. Прыблізна такая ж колькасць удзельнікаў прысутнічала на месцы збору пад кінатэатрам “Кастрычнік” каля 18:00. Сумеснае шэсце ад пляцоўкі збору да ўніверсаму “Рыга” склала каля 1100 удзельнікаў;

- Колькасць супрацоўнікаў вызначаецца больш складана праз адсутнасць апазнавальных знакаў на значнай частцы супрацоўнікаў. Так, супраціоўнікаў ДАІ/ДПС было зафіксавана 12 чалавек, супрацоўнікі ў форме з надпісам “міліцыя” – каля 20 чалавек, каля 50 – у цывільнай вопратцы з адметнымі прыкметамі (навушнікі, рацыі). У тым ліку прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС Мінгарвыканкама і РУУСаў былі ў грамадзянскай вопратцы без апазнавальных знакаў. Пры сабе супрацоўнікі міліцыі мелі: кайданкі, гумовыя палкі, сродкі звязвання;

- Падчас шэсця супрацоўнікі ДАІ стрымлівалі калону на перакрыжаваннях, да таго часу, пакуль на святлафоры не загаралася зялёнае святло;

- Адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору;

- У цэлым адсутнічалі перашкоды ў працы СМІ;

- Перашкоды ў працы назіральнікаў мелі месца ў двух выпадках: на месцы збору назіральнікаў з функцыяй падліку ўдзельнікаў дэманстрацыі не пусцілі на прыступкі кінатэатра “Кастрычнік”, а таксама ў назіральніка з функцыяй фатографа адбыліся два канфлікты падчас фатаграфавання службовага транспарту. У адным выпадку супрацоўнік АМАПу вырваў з рук назіральніка пашпарт і не аддаваў некалькі хвілін без тлумачэння такіх паводзінаў, у другім – пагрозы і блакіроўка корпусам супрацоўніка ў цывільнай вопратцы адносна назіральніка;

- таксама варта адзначыць нізкую інфармацыйнасць ад супрацоўнікаў міліцыі пры зваротах назіральнікаў адносна іх колькасці і парадку аховы грамадскага парадку, у той жа час некаторыя з іх ішлі на камунікацыю, але абмяжоўваліся мінімальнай інфармацыяй. Інфармацыйная група ад ГУУС Мінгарвыканкаму адсутнічала;

- Усе арганізатары масавага мерапрыемства былі абазначаныя бэйджамі, але не заўжды заўважнымі, група ўдзельнікаў са спецыяльнай функцыяй кіравання дэманстрацыяй і яе аховы ад імя арганізатараў (дружына) адсутнічала.

-  Заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана (лозунг “Слава нацыі - смерць ворагам” не расцэньваем як гвалтоўны праз адсутнасць канкрэтызацыі “ворага” ў дадзеным кантэксце);

- удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя плакаты і транспаранты: “Дзень Волі”, “Putler kills Savchenko”, “Freedom for Nadziya Savchenko”, “Беларускім коштам еўрапейскія кошты”, “Дроздунов к ответу”, “Я не раб у сваёй краіне лука прэч”, “БНР паўстала без дазволу мінгарвыканкаму”, “Твая хата з краю? Крайняя хата гарыць першай”, “За Беларусь без халопа, без пана”, “Кольченко, Сенцову, Савченко – свободу”, “Народ Беларусі! Хопіць тлець у загароджы луказаконаў даўно пара вяртаць права на вольны мірны пратэст”, “Беларусь у Еўропу”, “Воля народам, смерць імпэрыям”, “22 гады жыцця ў няволі. прагнем ВОЛІ!”, “Пенсионный возраст после Чернобыля в Бресткой, Гомельской и Могилёвской областях должен быть женщин 55 лет, мужчин 60», «Власть! ты кушаешь всласть! уменьши свой аппетит!», «только от жизни собачей пенсионеры ишачат, ишачат!», «SOS ратуй эканоміку», «Верни заводы, работу, свободу, дивиденты, достойные пенсии, зарплаты, пособия, стипендии, льготы, справедливые суды и законы вместо указов», «Волю не даруюць, ЗА ВОЛЮ - змагаюцца!», «Партыя БНФ - партыя абароны народных інтарэсаў».

- выкарыстоўвалася наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі, сцяг Украіны, сцягі кампаніі “Еўрапейская Беларусь” і Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, БХД, сцяг РЭП, Еўрасаюзу, Нарвегіі, сцяг Маладой Беларусі, Штандарт БНФ з Пагоняй, Чорна-чырвона-чорны. Таксама былі партрэты: Альгерд, Міндоўг, Караткевіч, Купала, Каліноўскі, Скарына, Е. Полацкая, Касцюшка; фота Міхася Жызнеўскага і скрыня са зборам сродкаў на помнік Алесю Чаркашыну. Выкарыстоўваліся фаеры і інсталяцыі з Пагоняй;

- ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Слава Украіне – героям слава”, “Хто не скача - той маскаль”, “Верым, можам, пераможам”, “Не-за-леж-насць”;

- патрабаванняў да ўдзельнікаў з боку арганізатараў не паступала, як і з боку праваахоўных органаў;

- падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу;

- былі заўважаныя 2 машыны хуткай дапамогі за кінатэатрам “Кастрычнік”;

ІІІ.Рэкамендацыі

Арганізатарам:

* Ажыццяўляць больш актыўную камунікацыю з праваахоўнымі органамі і ўдзельнікамі, асабліва звярнуць увагу на забеспячэнне бесперашкоднага руху праз перакрыжаванні і пры патрапленні на месца правядзення мітынгу. Па магчымасці арганізоўваць дружыну.

Мінгарвыканкаму:

* Не абмяжоўваць беспадстаўна права на мірныя сходы, не дэвальваваць права адвольнымі зменамі маршруту правядзення масавага мерапрыемства.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

* у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў" "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, прапануем, каб усе супрацоўнікі ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама былі пазначаныя ідэнтыфікацыйнымі сродкамі (бэйджамі ці нагруднымі знакамі);

* абазначаць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

* забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні са спыненнем руху транспартных сродкаў.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

* ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

  

Дзень волі 25 сакавіка 2016 года ў Мінску.
Дзень волі 25 сакавіка 2016 года ў Мінску.
Дзень волі 25 сакавіка 2016 года ў Мінску.
Дзень волі 25 сакавіка 2016 года ў Мінску.
Дзень волі 25 сакавіка 2016 года ў Мінску.
Дзень волі 25 сакавіка 2016 года ў Мінску.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international