viasna on patreon

Пракуратура Крычаўскага раёна ў трэці раз адпраўляе матэрыял аб адмове ў узбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах участковага на дадатковую праверку

2016 2016-03-24T10:39:23+0300 2016-03-24T10:39:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Крычаўскага раёна адмяніла пастанову следчага Крычаўскага РАСК Васюціна ад 21.09.2015 г. аб адмове ў узбуджэні крымінальнай справы ў адносінах участковага інспектара міліцыі Крычаўскага РАУС Краўцова В. П. і ўжо ў трэці раз накіравала матэрыял начальніку Крычаўскага РАСК для арганізацыі дадатковай праверкі.

Адпаведнае ўведамленне з пракуратуры Крычаўскага раёна атрымаў днямі жыхар Крычава Мікалай Федарэнка.

Пастанова аб адмове ў узбуджэнні крымінальнай справы была адменена пасля чарговага звароту Мікалая Федарэнкі, які абвінавачвае ўчастковага ў службовай падробцы. І сам Мікалай Федарэнка, і праваабаронцы Магілёўшчыны лічаць, што супрацоўнікі праваахоўных органаў і пракуратуры Крычаўскага раёна папросту не хочуць цалкам праводзіць расследванне па скаргах Федарэнкі, хаця ўсе магчымасці для гэтага ў іх ёсць. Устанавіць асобу, якая падрабіла тлумачэнне Федарэнкі і яго подпіс для іх не складае вялікіх цяжкасцей. Іншая справа, што крычаўскія праваахоўнікі чамусьці не хочуць гэтага рабіць.

На думку спадара Федарэнкі, такое своеасаблівае стаўленне крычаўскіх праваахоўнікаў да выканання сваіх службовых абавязкаў звязана з тым, што яны імкнуцца ўсялякім чынам “прыкрыць” незаконныя дзеянні свайго калегі, участковага інспектара Крычаўскага РАУС В. Краўцова. Менавіта таму праваахоўнікі і не даюць нейкага пэўнага адказу аб правілах захоўвання журнала наведвальнікаў Крычаўскага РАУС, спасылаючыся на тое, што такая інфармацыя адносіцца к катэгорыі “для службовага карыстання”, кажа Мікалай Федарэнка. Па словах Федарэнкі, ён усё ж паспрабуе атрымаць гэтую інфармацыю ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

Раней у траўні 2015 года Федарэнка атрымаў адказ за подпісам часова выконваючага абавязкі па пасадзе начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага аблвыканкама А. П. Васільева аб тым, што “у дадзены час вывучыць запісы ў журнале наведвальнікаў Крычаўскага РАУС за 2014 год не прадстаўляецца магчымым у сувязі з тым, што дадзены журнал знішчаны”. Між тым, згодна неафіцыйнай інфармацыі ад былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў, журналы наведвальнікаў РАУС звычайна захоўваюцца на працягу трох гадоў.

Нагадаем, што ўжо на працягу года Мікалай Федарэнка  скардзіцца ў розныя праваахоўныя інстанцыі на тое, што старэйшы лейтэнант Краўцоў без яго ведама склаў ад яго імя фіктыўнае тлумачэнне ад 22.03.2014 г. па грамадзянскай справе. Таксама пад гэтым фіктыўным тлумачэннем быў зроблены запіс “з маіх слоў запісана дакладна” і падроблены подпіс спадара Федарэнкі невядомай асобай, бо сам Мікалай Федарэнка сцвярджае, што 22.03.2014 г. наогул ні з якімі супрацоўнікамі Крычаўскага РАУС, у тым ліку і са старэйшым лейтэнатам Краўцовым, не сустракаўся, яго наогул не выклікалі ў Крычаўскі РАУС ні ў гэты, ні ў іншыя дні, што можна праверыць па журнале наведнікаў Крычаўскага РАУС. Па словах Федарэнкі, ён нават не ведае, дзе ў будынку Крычаўскага РАУС знаходзіцца 44 кабінет, у якім яго быццам бы апытваў УІМ Краўцоў, бо ён ні разу ў гэтым кабінеце ня быў.

Неаднаразовыя скаргі Мікалая Федарэнкі на незаконныя, на яго думку, дзеянні ўчастковага ў пракратуру і іншыя правахоўныя органы пакуль не прынеслі плёну. Адзінае, чаго здолеў дабіцца Федарэнка, - за праяўленую “няўважлівасць” участковы Краўцоў быў прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці, яго пазбавілі на 50% прэміяльнай надбаўкі на 1 месяц.

Федарэнка ж упэўнены, што дзеянні ўчастковага інспектара Краўцова падпадаюць пад арт. 427 КК (службовая падробка).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства