Валерый Шчукін: Аднойчы дзень народзінаў адзначаў на “сутках”

2016 2016-03-23T08:05:49+0300 2016-03-23T08:05:55+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shchukin_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валерый Шчукін.

Валерый Шчукін.

22 сакавіка вядомаму беларускаму праваабаронцу Валерую Шчукіну споўнілася 74 гады.

Валерый Аляксеевіч Шчукін – адзін з самых сталых і вядомых праваабаронцаў Беларусі. У свой час быў рэкардсменам па колькасці знаходжання на “сутках”. Сам ён кажа, што раней нават вёў дзённік, дзе ўлічваў кожную ўласную “ходку”. А, калі лічба стала трохзначнай, перастаў весці ўлік.

“Сёння мне не сорамна за тыя гады, што я пражыў, – кажа Валерый Аляксеевіч. – Мне не сорамна глядзець людзям у вочы”.

“У свой час мяне хацелі прызначыць дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў першага склікання, – распавядаў Валерый Шчукін сайту palitviazni.info. – Прапаноўвалі разнастайныя бонусы, грошы, пасаду.Але я адмовіўся, бо выбраў свой шлях. І ні разу па пашкадаваў аб тым, якое жыццё пражыў. Я салдат, які аддаў шмат гадоў службе на флоце, а ў цывільным жыцці папоўніў шэрагі салдат арміі справядлівасці — простых і сумленных людзей. Я бачыў сваё наканаванне ў тым, каб дапамагаць людзям. Дапамагаючы ім, адстойваючы свае і іх правы, даводзілася нечым ахвяраваць. У маім выпадку – свабодай”.

– У Дзень народзінаў традыцыйна шмат віншаванняў аб блізкіх і сяброў, – распавядае Валерый Аляксеевіч. – А ўвогуле, я вельмі спакойна стаўлюся да такіх святаў. Гэта ж не 20-ы Дзень народзінаў, і нават не 50-ы… Шэраговы дзень, якіх шмат было ў маім жыцці.

– Аб чым успамінаецца ў такія дні?

– Успамінаецца, што аднойчы Дзень нараджэння даводзілася адзначаць нават на “сутках”. У такіх умовах, дарэчы, сустракаў неяк і Новы год, і Дзень Ваенна-Марскога флота. І, калі знаходзіўся ў ізалятары ў Жодзіна, мне прыйшла віншавальная тэлеграма. Дзяжурны асабіста прынёс мне ў камеру гэтую тэлеграму, і, як ні дзіўна, павіншаваў ад сябе. І нават прагулкі дазволілі на гадзіну болей.

– Сёння задаволены, як складваўся ваш лёс?

– Мне не сорамна за тыя гады, што я пражыў. Не сорамна глядзець людзям у вочы. Не сорамна ні перад калегамі, ні перад нашчадкамі, ні перад беларускім народам. Я жыў па справядлівасці і нікога не баяўся.

palitviazni.info

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international