viasna on patreon

ВЯРХОЎНЫ СУД ПАСТАНАВІЎ ЛІКВІДАВАЦЬ “АСАЦЫЯЦЫЮ МАЛАДЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ”

2003 2003-11-11T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

11 лістапада судзьдзя Вярхоўнага суда Валянціна Кулік задаволіла пазоў Міністэрства юстыцыі і вырашыла зьліквідаваць “Асацыяцыю маладых прадпрымальнікаў”.

Падставай для ліквідацыі сталіся парушэньні ў афармленьні юрыдычнага адрасу арганізацыі, якія былі дапушчаны яшчэ падчас рэгістрацыі аб’яднаньня ў 1999 годзе. Таксама маладыя прадпрымальнікі адмовіліся мяняць назву пасады кіраўніка арганізацыі: згодна са статутам, кіраўніком арганізацыі з’яўляецца яе прэзыдэнт. Чыноўнікі ж настойваюць, што ў нашай краіне можа быць толькі адзін прэзыдэнт, а ўсе астатнія кіраўнікі мусяць называцца старшынямі, дырэктарамі і г.д. Такім чынам выконваецца пастанова Савету міністраў, якая дазваляе ужываць найменьне “прэзыдэнт” выключна ў адносінах да кіраўніка краіны.

Усе парушэньні, якія нібыта ёсьць у дзейнасьці арганізацыі, былі знойдзеныя Міністэрствам юстыцыі шляхам накіраваньня ў “Асацыяцыю маладых прадпрымальнікаў” ліста з патрабаваньнем прадаставіць інфармацыю пра арганізацыю і яе дзейнасьць.

“Асацыяцыя маладых прадпрымальнікаў”, заснаваная ў 1999 годзе, ажыцьцяўляла асьветніцкую дзейнасьць, выдавала бюлетэнь “Кірмаш” і аказвала юрыдычныя кансультацыі, іншую дапамогу моладзі, занятай ў дробным бізнэсе. Актывісты арганізацыі распаўсюджвалі свой бюлетэнь “Кірмаш” на рынках рэспублікі. “Асацыяцыя маладых прадпрымальнікаў” актыўна ўдзельнічала ў мабілізацыйнай кампаніі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 года.

Кіраўнік кантрольна-рэвізійнай камісіі “Асацыяцыі маладых прадпрымальнікаў” Аляксей Янукевіч зьвязвае закрыцьцё аб’яднаньня менавіта з актыўнасьцю падчас кампаніі 2001 года. “Гэта звычайная помста ўладаў у дачыненьні да моладзі, якая неабыякавая да таго, што робіцца ў краіне, – кажа сп. Янукевіч. - Дзеючы рэжым ня можа дараваць маладым прадпрымальнікам таго, што яны праявілі зацікаўленасьць у палітычным жыцьці. Ён цудоўна разумее, наколькі небясьпечнай для дыктатуры будзе зангажаваньне ў палітыку і грамадзкае жыцьцё такой актыўнай і пэрспэктыўнай сацыяльнай групы, як маладыя прадпрымальнікі, дзелавая моладзь. Таму сёньняшнія ўлады і спрабуюць разбурыць мост паміж маладымі прадпрымальнікамі і палітычна-актыўнай моладзьдзю”.

Юрка Чавусаў,
www.belngo.info

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства