Асамблея НДА: Дыялёг міжнародных структураў з уладамі Беларусі не павінен быць закрытым ад грамадзкасьці

2016 2016-03-12T10:43:00+0300 2016-03-15T10:44:58+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda.jpg
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі

11 сакавіка ў Менску прайшло пасяджэньне Рабочай групы Асамблеі НДА. На сустрэчы 20 прадстаўнікоў агранізацыяў ды ініцыятываў Беларусі дыскутавалі адносна выклікаў і магчымасьцяў, якія стаяць перад асацыяцыяй у 2016 годзе.

Акрамя абмеркаваньня актуальнай дзейнасьці, Рабочая група Асамблеі НДА прыняла заяву ў сувязі зь недапушчэньнем прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” на канфэрэнцыю па сьмяротным пакараньні, якая днямі адбылася ў Менску.

Заява Рабочай групы Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў

Рабочая група Асамблеі НДА Беларусі з занепакоенасьцю адзначае, што актывізацыя ўзаемадзеяньня міжнародных структураў з урадам Беларусі суправаджаецца небясьпечнай тэндэнцыяй адыходу ад падставовых прынцыпаў удзелу грамадзянскай супольнасьці. Сэлектыўны падыход, камунікацыя толькі з асобнымі арганізацыямі і ігнараваньне пазыцыяў незалежных НДА, традыцыйна ўжываныя дзяржаўнымі органамі Беларусі для імітацыі грамадзкага дыялёгу, прымаюцца замежнымі партнэрамі як дапушчальныя ў працэсе дыялёгу зь беларускім бокам.

Прыкладам стала канфэрэнцыя “Сьмяротнае пакараньне: пераадоленьне разыходжаньняў”, праведзеная МЗС Беларусі і Прадстаўніцтвам ААН у Менску. На яе не былі дапушчаныя прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна” — адной з асноўных праваабарончых арганізацыяў краіны, што вядзе шырокую грамадзкую кампанію за скасаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі патлумачыла незапрашэньне ПЦ “Вясна” на канфэрэнцыю адсутнасьцю ў яе рэгістрацыі, што супярэчыць ранейшым рашэньням органаў ААН і асноватворным прынцыпам гэтай арганізацыі. Камітэт ААН па правох чалавека кваліфікаваў пазбаўленьне ПЦ “Вясна” рэгістрацыі ў 2003 годзе і наступныя адмовы ў рэгістрацыі як парушэньне Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.

Асамблея НДА як найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднаньне арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці злучае як зарэгістраваныя арганізацыі, так і нефармальныя ініцыятывы, а таксама НДА, беспадстаўна не зарэгістраваныя або пазбаўленыя рэгістрацыі. Дзяржава сьвядома ўвяла неапраўдана складаныя ўмовы рэгістрацыі аб’яднаньняў і крымінальную адказнасьць за дзейнасьць без рэгістрацыі.

Каштоўнасьці дыялёгу і кампрамісу, а пагатоў сытуацыйныя геапалітычныя разьлікі не павінны служыць абгрунтаваньнем парушэньняў правоў чалавека і міжнародных стандартаў грамадзкага ўдзелу. Рабочая група Асамблеі НДА заклікае Эўразьвяз, Раду Эўропы, праграмы ААН ды іншыя міжнародныя структуры не ігнараваць арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, якія ня могуць атрымаць у Беларусі статус зарэгістраванай юрыдычнай асобы. Наагул міжнародныя арганізацыі маюць магчымасьць выстаўляць удзел незалежных НДА у якасьці ўмовы свайго дыялёгу з уладамі Беларусі ў пытаньнях правоў чалавека, праблемаў свабоды выбараў і мэдыяў, іншых ключавых для дэмакратызацыі Беларусі тэмаў, і мы разьлічваем, што яны скарыстаюць гэты інструмэнт для дасягненьня выніку ў дыялёгу.

Рабочая група Асамблеі НДА заклікае ўлады Беларусі спыніць парушэньні свабоды асацыяцыяў, зарэгістраваць некамэрцыйныя арганізацыі, прымусова пазбаўленыя рэгістрацыі альбо якім было адмоўлена ў рэгістрацыі. Гэта павінна суправаджацца рэфармаваньнем заканадаўства пра рэгістрацыю, фінансаваньне і дзейнасьць некамэрцыйных арганізацыяў у кірунку дапасаваньня да стандартаў Рады Эўропы і міжнародных нормаў у галіне свабоды асацыяцыяў.

Тэкст заявы цалкам

Рабочая група — кіруючы орган Асамблеі НДА паміж Кангрэсамі, зьбіраецца раз квартал і забясьпечвае выкананьне рашэньняў Кангрэсу. Склад РГ зацьвярджаецца Кангрэсам зь ліку прадстаўнікоў арганізацыяў-сябраў Асамблеі, вылучаных галіновымі і тэрытарыяльнымі Круглымі сталамі. Зараз у РГ Асамблеі ўваходзіць 43 чалавекі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international