viasna on patreon

Карэл Шварцэнберг сустрэўся са сваякамі асуджаных да смяротнага пакарання (відэа)

2016 2016-03-10T14:37:54+0300 2016-03-10T18:28:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karel_shvarcenberg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Карэл Шварцэнберг (пасярэдзіне) на сустрэчы са сваякамі асуджаных да смяротнага пакарання

Карэл Шварцэнберг (пасярэдзіне) на сустрэчы са сваякамі асуджаных да смяротнага пакарання

Вядомы чэшскі палітык і грамадскі дзеяч Карэл Шварцэнберг 9 сакавіка сустрэўся ў Мінску са сваякамі асуджаных да смяротнага пакарання.

Падчас сустрэчы родныя Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага, а таксама маці растралянага ў 2012 годзе Уладзіслава Кавалёва распавялі пра маральны ціск і праблемы, якія ўзнікаюць у асуджаных ад моманту вынясення прысуду да прывядзення яго ў выкананне. Гэта і скарачэнне часу сустрэч з роднымі, і вяртанне лістоў, і запалохванне асуджаных нават у прысутнасці сваякоў.

“Пры мне турэмшчыкі казалі бацьку, што не так шмат часу ў нас засталося, вельмі жорстка жартавалі над ім. Бачна, што бацька вельмі моцна маральна падаўлены”, - кажа Аляксандра, дачка Генадзя Якавіцкага.

Найбольш за ўсё спадара Шварцэнберга цікавіла, што можна зрабіць, каб захаваць жыцці тым, хто зараз асуджаны на смерць:

“Усе дзяржавы, у якіх існуюць дыктаруры – крывадушныя. І у нас няма амаль ніякіх рычагоў ціску на беларускія ўлады”.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда выказаў спадзяванне, што падчас канферэнцыі «Смяротнае пакаранне: пераадоленне разыходжанняў», што адбываецца 10 сакавіка ў Мінску, Карэл Шварцэнберг зверне ўвагу на тыя кейсы, якія ёсць на сённяшні дзень, бо яны з’яўляюцца паказчыкам таго, што дзяржава – крывадушная і жорсткая, выконвае прысуды, парушаючы прызумпцыю невінаватасці і міжнародныя дамоўленасці. Публічнасць, у тым ліку і на міжнародным узроўні – гэта тое, што зараз важна выкарыстоўваць.

Карэл Шварцэнберг звярнуў увагу, што, на жаль, зараз пытанне Беларусі не прыярытэтнае для краін Еўрапейскага саюзу, таму і цікаваць да праблемы смяротнага пакарання значна зменшылася ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Акрамя таго, на думку палітыка, вельмі хутка знялі санкцыі ў адносінах да афіцыйных уладаў Беларусі.

“Мы надта хутка прадаём. Гэта вельмі вельмі шмат – адмяніць усе санкцыі адразу за адну маленькую саступку. Мы павінны ісці насустрач Беларусі, але крок за крокам”, - сказаў ён.

Аднак, Карэл Шварцэнберг азначыў, што ўжо каля 30 год змагаецца за адмену вышэйшай меры і зробіць усё магчымае, каб праблема смяротнага пакарання ў Беларусі гучала і ў рэшце рэшт яно было адмененае.

Нагадаем, 10 сакавіка Карэл Шварцэнберг бярэ ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання, якая праходзіць ў мінскім гатэлі «Рэнесанс». Прадстаўнікоў праваабарончага цэнтру “Вясна” на мерапрыемства не запрасілі. Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч у інтэрв’ю радыё “Свабода” адзначыў, што гэта звязана з нерэгістрацыяй Мінюстам “Вясны”.

Карэл Шварцэнберг сустрэўся са сваякамі асуджаных да смяротнага пакарання (відэа)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства