viasna on patreon

У Гомелі створаны аргкамітэт руху па абароне правоў жанчын і дзяцей

2016 2016-03-08T00:28:27+0300 2016-03-08T00:28:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gender-dyskryminac.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота makeout.by

Фота makeout.by

У Гомелі прайшоў круглы стол па ініцыятыве шэрагу партый і рухаў, прысвечаны праблемам жанчын пад назвай «У крызіса не жаночы твар». У мерапрыемстве прынялі ўдзел партыя левых «Справядлівы свет», аргкамітэты па стварэнню Беларускага сацыяльнага руху «Разам» і жаночай партыі «Надзея», сябры Беларускага Хельсінкскага камітэта. Вынікам круглага стала стала прыняцце звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і стварэнне аргкамітэту руху па абароне правоў жанчын і дзяцей.

«Мы маем намер займацца як стварэннем заканадаўчых ініцыятыў, так і вырашэннем лакальных праблем, такіх, як стварэнне і каардынацыя сеткі ўзаемнай дапамогі, юрыдычнага і псіхалагічнага кансультавання, каб даваць адказы на выклікі часу, калі гаворка ідзе пра абарону правоў жанчын і дзяцей», - падкрэсліў сябра аргкамітэту па стварэнню БСР «Разам» Юрый Глушакоў.

Па меркаванню ўдзельнікаў круглага стала, цяперашні эканамічны і сацыяльны крызіс найбольш балюча ўдарыў па жанчынах, якія падвяргаюцца дыскрымінацыі з боку наймальнікаў, маюць праблемы з працаўладкаваннем. Жанчыны з'яўляюцца першымі ахвярамі на звальненне ў выніку «аптымізацыі», ці звычайнай мовай — скарачэння. Жанчыны найбольш пацярпелі ад прыняцця ўказу №222. Дзяржава ў такіх складаных умовах робіць шматлікія перашкоды жыццю сем’яў, калі з-за нізкага матэрыяльнага ўзроўню многія сем'і маюць пагрозу атрымаць ганебнае кляймо «сацыяльна-небяспечных», і ў іх могуць забраць дзяцей.

«Пры прыёме на працу да жанчыны прад'яўляюць жорсткія патрабаванні па знешнім выглядзе, і перавагу аддаюць тым, у каго больш сэксуальная знешнасць, што гэта, калі не дыскрымінацыя», - звяртаюць увагу ўдзельнікі мерапрыемства.

У звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў удзельнікі круглага стала просяць прыняць меры для таго, каб скарэктаваць палітыку Міністэрства адукацыі, дзяржаўная праграма якой, пералічваючы прыкметы «недабрабыту» ў сям'і, фактычна ставіць знак роўнасці паміж амаральнасцю і беднасцю. Напрыклад, ёсць такія крытэры «недабрабыту», як «доўгі па часе статус малазабяспечанай сям'і і нізкі матэрыяльны ўзровень», «адсутнасць мэблі», «частыя звароты ў сацыяльныя органы за дапамогай», «пазыка перад камунальнымі службамі». «Абсурд – людзі звяртаюцца за дапамогай у сацыяльныя службы, якія для гэтага і створаны, але замест дапамогі атрымліваюць статус «сацыяльна-небяспечных», ці ў іх забіраюць дзяцей», - звяртае ўвагу Юрый Глушакоў.

У звароце адзначана, што складваецца меркаванне, што чыноўнікам Міністэрства чужыя беларускія традыцыі, беларускі менталітэт. «Спакон вякоў беларусы паважалі бацькоў, незалежна ад узроўню іх прыбыткаў, мелі моцныя сувязі з раднёй. А з «Праграмы» вынікае, што бедныя бацькі – гэта несвядомыя людзі, якіх трэба «вучыць жыццю» на вачах іх дзяцей. У беларускіх казках, народнай творчасці беднякі маюць такія якасці, як шчодрасць, самаахвярнасць. Ім, як правіла, супрацьстаяць бессардэчныя багатыя, якія думаюць толькі пра ўласны прыбытак», - адзначана ў звароце да дэпутатаў.

Заяўнікі нагадваюць, што ў разрад «сацыяльна-небяспечных» могуць трапіць сем'і і з дастатковым прыбыткам, таму што размытая фармулёўка «абыякавасць да дзіцяці і адсутнасць клопату і ўвагі» дазваляе прад'явіць прэтэнзіі каму заўгодна. Выклікае насцярожанасць і пункт крытэраў Праграмы Міністэрства абароны «устойлівае ўхіленне бацькоў ад кантактаў спецыялістаў, ігнараванне іх рэкамендацый». «Спецыялісты бываюць розныя, а бацькі – самыя блізкія для дзіцяці людзі, якія нясуць за яго найбольшую адказнасць і не абавязаны ўсляпую кіравацца рэкамендацыямі старонніх асоб, калі дзіцяці не пагражае небяспека», - звяртае ўвагу сябра БХК Марыя Клімовіч.

Яна прыводзіць выпадкі, зарэгістраваныя ў Гомелі, калі дзяцей забіралі ў бацькоў, якія маюць невысокія інтэлектуальныя здольнасці, і толькі на гэтай падставе. «Няўжо ў казённых сценах з адукаванымі спецыялістамі дзіцяці будзе лепш, чым з роднымі бацькамі?», - задаецца пытаннем сябра БХК. Яна нагадвае, што раней людзі верылі ў тое, што зямля стаіць на трох кітах, верылі у русалак, дамавікоў і лесавікоў, але ніхто іх бацькоўскіх правоў не пазбаўляў.

«На выхаванне дзяцей матэрыяльны дабрабыт істотна не ўплывае, а ў Гомелі ў жанчыны, дарэчы, унучкі Героя Савецкага Саюза Івана Зайцава забралі дзіця на той падставе, што яна не магла аплаціць падвод газавага ацяплення, і гэта пры тым, што яна не п'е, працуе», - дадала Марыя Клімовіч.

Юрый Глушакоў пералічыў такія праявы дыскрымінацыі, як сэксуальныя дамагальніцтвы да жанчын на працоўных месцах, выкарыстанне іх у сэкс-індустрыі, якая, па словах актывіста, квітнее ў Гомелі. «Падзенне маралі, крызіс традыцыйнай сям'і – безумоўна, але прычына ўсяго гэтага – эканоміка і мадэль пабудовы дзяржавы з прыярытэтам грашовых інтарэсаў. Дзяржава стварае такія ўмовы, што ствараць сям'ю робіцца проста нявыгадна. Вельмі часта беднасць у сям'і з'яўляецца фактарам для аб'яўлення гэтай сям'і па-за законам, дзяцей забіраюць з-за пазыкі камунальным службам. Асобная тэма – падключэнне да гэтага працэсу псіхіятрыі. Калі рашэнне адміністрацыі яшчэ можна абскардзіць неяк, то з дыягназамі, якія выстаўляюць і аб'яўляюць людзей разумова адсталымі змагацца вельмі цяжка», - лічыць сябра аргкамітэту БСР «Разам».

Ён дадаў, што ў круглым стале ўдзельнічала прыёмная маці, якая распавяла прысутным пра карупцыйныя схемы, у якіх удзельнічаюць чыноўнікі, калі адбываюцца «адмыўка» і пераразмеркаванне дзяржаўных грошай, накіраваных на падтрымку сірот.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства